Вы тут

На прэзентацыю кнігі аднаго верша Рабіндраната Тагора сабраліся прадстаўнікі розных краін


Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь сабраў на прэзентацыю кнігі аднаго верша Рабіндраната Тагора «Мая залатая Бенгалія» на мовах свету» прадстаўнікоў розных краін.


У госці ў аўтарытэтную асветніцкую ўстанову прыйшлі дыпламаты Індыі, Казахстана, Украіны, Грузіі, Польшчы, прадстаўнікі беларускага ўрада — міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч, начальнік Галоўнага ўпраўлення Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі Міністэрства замежных спраў Віктар Рыбак, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Марзалюк, старшыня Дзіцячага Фонду ААН ЮНІСЭФ у Рэспубліцы Беларусь Рашэд Мустафа Сарвар, намеснік старшыні ФНКА «Беларусы Расіі» паэт і празаік Валерый Казакоў і шмат хто яшчэ.

Усіх сабрала адна нагода — творчы праект, які можна лічыць ці не першым складнікам у падмурку беларуска-бангладэшскіх гуманітарных адносін. Верш «Мая залатая Бенгалія», напісаны ў пачатку ХХ стагоддзя, з'яўляецца яшчэ і тэкстам гімна Бангладэш. Дарэчы, гімн Індыі таксама напісаны на верш Тагора. Пра гэта нагадала Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Індыя ў Рэспубліцы Беларусь, спадарыня Сангіта Багадур, якая прачытала «Маю залатую Бенгалію» на мове хіндзі. У кнізе, выдадзенай Паліграфічным камбінатам імя Якуба Коласа, між іншым, змешчаны пераклады на 50 моў свету. Бенгальская, мова арыгінала, — 51-я. Зборнік «Мая залатая Бенгалія» на мовах свету» ўжо вытрымаў два выданні.

Унікальнай назваў падзею прадстаўлення кнігі класіка бенгальскай літаратуры спадар Рашэд Мустафа Сарвар, які нарадзіўся і доўгі час жыў у Бангладэш. «Я выпеставаны з імем Тагора, падлеткам адкрыў яго кнігі, юнаком я захапіўся яго песнямі, музыкай», — заўважыў Рашэд Сарвар і прачытаў легендарны твор на роднай бенгальскай мове. Гучалі словы Тагора і на ўкраінскай, грузінскай, казахскай мовах. І, вядома ж, на беларускай. У зборнік увайшлі пяць розных варыянтаў пераўвасаблення верша на беларускую мову. Іх перакладчыкі — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Мікола Мятліцкі, паэты Марыя Кобец, Надзея Салодкая, Навум Гальпяровіч, Сяргей Панізнік. Трое з перакладчыкаў — Мятліцкі, Кобец і Гальпяровіч — прысутнічалі ў зале Нацыянальнага гістарычнага, іх пераклады гучалі ў аўтарскім выкананні.

Кранальным было выступленне аднаго з укладальнікаў кнігі — бангладэшскага перакладчыка Музахідула Іслама, які жыве і працуе ў Беларусі. Вельмі грунтоўна пра жыццё і творчасць Рабіндраната Тагора, які імкнуўся паяднаць культуры Усходу і Захаду, расказаў прафесар, доктар гістарычных навук Ігар Марзалюк. Унікальным аздабленнем музейнай прэзентацыі сталі і рэпрадукцыі работ вядомага мастака Бангладэш Зейнала Абедзіна. Яго серыя малюнкаў «Голад у Бенгаліі», створаная ў 1940-я, стала ілюстрацыйным матэрыялам да кнігі аднаго верша на мовах свету.

Кастусь ХАДЫКА

Загаловак у газеце: Рабіндранат Тагор: сіла міралюбства

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.