Вы тут

Што трэба рабіць, каб прыцягнуць бізнес у правінцыю?


У Віцебскай вобласці прыкладна чвэрць паступленняў падаткаў у бюджэт — ад суб'ектаў малога і сярэдняга бізнесу. Ёсць і свае перадавікі, у якіх можна вучыцца: у Талачынскім, Шумілінскім і Пастаўскім раёнах прадстаўнікі бізнесу напаўняюць бюджэт больш чым напалову!


Летась актыўнасць бізнесу ў экспарце тавараў — 52,6 %, паслуг — каля 51 %, у дабаўленую вартасць — 19 %.

На жаль, кардынальна сітуацыя за апошнія гады не змянілася — наконт таго, каб у разы павялічвалася колькасць дзелавых людзей, адпаведна рос бы іх уклад у эканоміку краіны.

Фота: pexels.com

Кіраўніцтва Віцебскага аблвыканкама лічыць, што трэба актывізаваць работу па прыцягненні інвестараў і на новым узроўні супрацоўнічаць з тымі, хто ўжо будуе свой бізнес у рэгіёне. Трэба адыходзіць ад практыкі чакання прапаноў і самастойна рэкламаваць патэнцыйную выгаду пры набыцці аб'ектаў нерухомасці, якія пустуюць.

Між іншым, пры кожным райвыканкаме створаны адмысловыя саветы, мэта якіх спрыяць развіццю прадпрымальніцтва. Кіраўнік рэгіёна патрабуе, каб яны дзейнічалі нефармальна. Дзелавыя людзі павінны адчуваць сабе часткаю каманды.

Губернатар Мікалай Шарснёў на нядаўнім пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама выказаў незадаволенасць тым, што бізнесмены і чыноўнікі «размаўляюць на розных мовах». Чарговы раз нагадаў, што, калі бізнес вельмі развіты, можна параўнальна лягчэй вырашаць розныя сацыяльныя задачы.

У Беларусі, нават замежныя эксперты з развітых краін гэта прызнаюць, вельмі прывабныя ўмовы для вядзення бізнесу. А некаторыя магчымасці наогул унікальныя. Напрыклад, у Аршанскім раёне падаткі вельмі сімвалічныя, але чаргі з ліку тых, хто хоча там зарэгістраваць сваю справу, няма. Як і, напрыклад, нямногія пажадалі будаваць гатэлі, цэнтры здароўя ў месцах з цудоўнай прыродай, недалёка ад азёраў. Старшыня аблвыканкама нагадаў, што кіраўнік дзяржавы пайшоў насустрач і надзяліў старшынь райвыканкамаў правамі вылучэння «запаветных участкаў». Аднак жа за два гады толькі пяць участкаў сталі запатрабаваныя.

Па словах першага намесніка старшыні камітэта эканомікі аблвыканкама Аляксандра Касцюкова, па стане на 1 ліпеня, у вобласці 30 813 суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. У іх ліку каля 22,2 тысячы індывідуальных прадпрымальнікаў. Што цікава: да ўзроўню мінулага года колькасць юрыдычных асоб паменшылася на 66, а ІП стала больш — на 691.

Вельмі добрая тэндэнцыя: людзі, якія страцілі работу, цяпер больш актыўна спрабуюць сябе ў ролі «працуючага на самога сябе, а не на чужога дзядзьку». Толькі летась для арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці з ліку сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва аказана фінансавая падтрымка 215 беспрацоўным. Яны атрымалі 572,1 тысячы рублёў. А сёлета, у першым паўгоддзі, — каля 85 грамадзян такім жа чынам атрымалі 250,1 тысячы рублёў. Каб павышаць фінансавую адукаванасць, для беспрацоўных праводзяць курсы асноў бізнес-планавання.

Што датычыцца інфраструктуры падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, у Віцебскай вобласці створана восем спецыялізаваных цэнтраў. Таксама даволі эфектыўна дзейнічаюць тры інкубатары малога прадпрымальніцтва — у Оршы, Полацку і Віцебску.

Намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата работнікаў фірмаў летась склала 693,5 рубля. І гэта, дарэчы, на 18,9 % больш, чым у 2017 годзе. Зразумела, што сталі плаціць больш грошай, бо сталі працаваць больш эфектыўна. У прыватнасці, гадавая выручка на аднаго работніка да пазалеташняга ўзроўню вырасла на 21,2 % і склала 89,6 тысячы рублёў.

Пра неабходнасць таго, каб кіраўнікі прадстаўнічай улады спрыялі развіццю бізнесу, пастаянна нагадвае і старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў. Вельмі эфектыўная і практыка правядзення выязных пасяджэнняў у рэгіёнах, падчас якіх старшыні райсаветаў могуць убачыць, як кінутыя гадамі будынкі выкарыстоўваюць у якасці кафэ, крамаў, майстэрняў, цэхаў міні-вытворчасці. Вельмі ахвотна ўладальнікі бізнесу дзеляцца сваім вопытам: з чаго пачыналі, якія цяжкасці былі, якія далейшыя планы...

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Размаўляць на адной мове

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.