Вы тут

Разгледжаны комплексны план развіцця адстаючых рэгіёнаў Беларусі


Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясніковіч прыняў удзел у пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, на якім быў разгледжаны комплексны план развіцця адстаючых рэгіёнаў Беларусі.


Дакумент падрыхтаваны Міністэрствам эканомікі сумесна з аблвыканкамамі, ён датычыцца 31 рэгіёна нашай краіны, якія адстаюць па ўзроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця.

«Асноўная задача — падцягнуць адстаючыя рэгіёны да сярэднерэспубліканскага ўзроўню. Гэта задача няпростая. Трэба стварыць умовы не толькі для рэальнага сектара, але і для прыцягнення працоўных рэсурсаў, зніжэння адтоку насельніцтва за кошт стварэння камфортных умоў для жыцця», — заявіў прэм'ер-міністр Сяргей Румас.

Рабочая назва дакумента — план індустрыялізацыі адстаючых у развіцці рэгіёнаў, паведамляе прэс-служба Савета Міністраў. Аднак кіраўнік урада лічыць, што больш правільна казаць аб плане не індустрыялізацыі, а развіцця. «Бо развіццё тэрыторый можа быць звязана не толькі з прамысловасцю, але і са сферай паслуг, у прыватнасці з турызмам, што вельмі актуальна для адсталых рэгіёнаў», — растлумачыў ён.

У выніку выканання плана з групы адстаючых павінны выйсці 11 рэгіёнаў, яшчэ пяць — ушчыльную наблізіцца да выхаду з яе.

Міністр эканомікі Беларусі Дзмітрый Крутой паведаміў, што ў плане развіцця мяркуецца ўключыць дастаткова шмат праектаў.

«На сённяшні дзень сфарміраваны пакет з 280 праектаў. Прыкладна 54 праекты будуць створаны з нуля, каля 80 — гэта інвестыцыі ў дзеючыя вытворчасці і 140 праектаў адносяцца да сферы інфраструктуры (каля 30 працэнтаў — прамысловая інфраструктура, астатняе — сацыяльныя аб'екты)», — расказаў ён.

Мінэканомікі мяркуе, што аб'ём інвестыцый, а, адпаведна, і ўсе астатнія паказчыкі (выручка на аднаго занятага, узровень заработнай платы) будуць расці вышэй, чым у сярэднім па абласцях, дзе гэтыя раёны размешчаны.

Па словах міністра, умовы для інвестараў у гэтых адстаючых рэгіёнах — адно з самых дыскусійных пытанняў. «Калі паглядзець цвяроза, то можна сказаць, што ўвесь пакет прэферэнцый там ужо дзейнічае. Усе раёны падпадаюць пад дзеянне Дэкрэта № 6 па малых гарадах і сельскай мясцовасці, там свой аб'ём падатковых ільгот. Частка раёнаў мае ўчасткі свабодных эканамічных зон, і там будуць рэалізоўвацца праекты, гэта якраз патрабаванне Прэзідэнта, мы ўвесь раён не зможам абвясціць СЭЗ, імі будуць аб'яўляцца канкрэтныя вытворчыя пляцоўкі, куды прыйдуць у першую чаргу прамысловыя прадпрыемствы», — растлумачыў Дзмітрый Крутой.

Паводле яго слоў, больш за 90 працэнтаў праектаў прафінансуюць беларускія інвестары. Астатняе возьмуць на сябе замежныя інвестары, а таксама міжнародныя фінансавыя арганізацыі, якія накіроўваюць сродкі ў першую чаргу на развіццё інфраструктуры, напрыклад, будаўніцтва станцый абезжалезвання вады ці перавод кацельняў на мясцовыя віды паліва, развіццё альтэрнатыўных відаў энергетыкі. Сродкі Сусветнага банка будуць выкарыстоўвацца для рамонту школ і бальніц.

План развіцця адсталых рэгіёнаў плануецца зацвердзіць пастановай Саўміна. Яго выкананне будуць маніторыць аблвыканкамы сумесна з урадам.

Акрамя 280 праектаў ёсць яшчэ 224 інвестыцыйныя прапановы. Гэта, па сутнасці, бізнес-ідэі, якія неабходна адпрацоўваць з зацікаўленымі, вызначаць крыніцы фінансавання і тэрміны. Гэта патэнцыйны пул інвестыцый, якія павялічаць эканоміку гэтых раёнаў, сказаў міністр.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Загаловак у газеце: Крокі наперад без крокаў назад

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.