Вы тут

Якая яна, суперсучасная школа №46 у Магілёве?


Яна ўражвае нават памерамі. Гэтакі вялікі прасторны будынак з незвычайным дызайнам і рознакаляровымі велічэзнымі літарамі на ўвесь фасад — школа. Вакол будынка мноства спартыўных пляцовак. Будаўнікі яшчэ рабілі апошнія прыгатаванні на аб'екце, а дарослыя і дзеці ўжо занялі прылеглую да школы спартыўную тэрыторыю. Школа № 46 у Магілёве стваралася як суперсучасная, нават знешне бачна, што тут прадумана ўсё да дробязяў. Разам з кіраўніком адміністрацыі Ленінскага раёна Аляксеем Багайчуком і дырэктарам школы Надзеяй Мяшковай за тыдзень да пачатку навучальнага года мы ацанілі маштабы новай установы і яшчэ раз пераканаліся, што яна зараз не толькі самая «крутая» ў Магілёве, але і самая бяспечная.


— Спартыўныя пляцоўкі рабіліся з улікам апошніх да іх патрабаванняў. Сучаснае пакрыццё, абсталяванне — усё скіравана на тое, каб заняткі былі не толькі прыемнымі, але і бяспечнымі, — звяртае ўвагу Аляксей Багайчук, калі мы аглядаем так званы спартыўны гарадок.

— Тут нічога няма паказнога, усё функцыянальнае, — удакладняе ён. — Тая ж каробка для фігурнага катання летам можа выкарыстоўвацца для катання на роліках: для гэтага маецца спецыяльнае пакрыццё. Хутка будуць устаноўлены трэнажоры, на якіх змогуць займацца не толькі школьнікі, але і ўсе ахвотныя. Дарэчы, на спартыўнай тэрыторыі 45-й школы, якая параўнальна нядаўна была пабудавана ў мікрараёне Спадарожнік, па вечарах таксама вельмі шматлюдна. Шмат увагі ў школах аддаецца веданню правілаў бяспечнага дарожнага руху. На двары тут таксама зроблена спецыяльная пляцоўка з дарожнымі знакамі, пешаходнымі сцяжынкамі, складанымі скрыжаваннямі. На ёй можна праводзіць хвілінкі дарожнай бяспекі, удасканальваць свае веды па асновах бяспекі жыццядзейнасці.

Начынне школы — асобная размова. Там наогул усё рабілася з пункту гледжання камфорту і бяспекі, у тым ліку і для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Пандусы, ліфты, спецыяльныя санвузлы, нават мэбля для «асаблівых» дзяцей — усё прадугледжана.

Фае ўражвае сваімі памерамі і функцыянальнасцю, яно мае некалькі ўваходаў і выхадаў, прастора размежаваная калонамі.

— У нас прадугледжана спецыяльная прапускная сістэма, — удакладняе дырэктар. — Хутка на ўваходзе з'явяцца спецыяльныя турнікеты і зайсці проста так у будынак ніхто не зможа. Школьнікі, напрыклад, толькі па картцы навучэнца. Школа па перыметры таксама ўся пад наглядам — для гэтага ўстаноўлена сістэма відэаназірання.

Цікавінка фае — вялікі на ўсю сцяну барэльеф са славутасцямі Магілёва — тут і ратуша, і трыумфальная арка, і Падміколле, і астролаг з плошчы Зорак. З вялікай керамінаўскай пліткі на падлозе зроблены прыгожы дызайнерскі «дыван».

Мы падымаемся на другі паверх, і нельга не заўважыць, што нават прыступкі тут камфортнай велічыні, па краі ідуць спецыяльныя канаўкі, каб нага не слізгала. Сама лесвіца прасторная і шырокая, а дзверы спрэс на даводчыках.

— Аконныя блокі ў класах, дарэчы, выключна з замочкамі, — удакладняе па ходзе дырэктар. — Усё зроблена ў адпаведнасці з санітарнымі нормамі і правіламі пажарнай бяспекі.

Школа цалкам інфарматызаваная, у кожным кабінеце — мультыборды, для настаўнікаў прадугледжаны электронны класны журнал, для вучняў — электронны дзённік, плюс лінгафонныя кабінеты, камп'ютарныя класы, выдатны кабінет для працоўнага навучання, сучасная бібліятэка.

— Ахвотных працаваць у нас было шмат, перавага аддавалася найбольш вопытным, — удакладняе Надзея Мяшкова.

Уся школа падзеленая на тры блокі — пачатковая школа, старэйшая плюс блок, дзе знаходзяцца спартыўныя і актавы залы, а таксама лінгафонныя і камп'ютарныя класы.

Для першакласнікаў наогул прадугледжаны не толькі спецыяльныя класы, дзе яны будуць вучыцца, але і спальні, і пакоі для гульні. Для развіцця дзяцей ёсць зала рытмікі, трэнажорная зала, нават грымёрка са столікамі і спецыяльным асвятленнем. Да паслуг юных талентаў вялікая актавая зала з шыкоўнай сцэнай.

— Прыемна, што такая школа з'явілася ў Магілёве і дзеці будуць выхоўвацца і вучыцца ў такой прыгажосці, — радуецца Надзея Мяшкова.

Мы ідзём па шырокім школьным калідоры з вялікімі рэкрэацыямі. Заходзім у прасторныя кабінеты. Там таксама ўсё прадумана. Ёсць нават шафы для асабістых рэчаў школьнікаў. Каб нічога не стаяла каля школьных сталоў і наогул не адцягвала ўвагу вучня. Зверху проста над партамі цягнуцца лямпы асвятлення, каб школьнікі не сапсавалі зрок раней часу. На ўваходзе ў кабінет — умывальнікі.

Спартыўныя залы наогул уражваюць. Вялікая, напрыклад, плошчай 648 квадратных метраў са спецыяльным балконам для гледачоў наверсе. Кажуць, што тут змогуць праводзіцца спаборніцтвы рэспубліканскага значэння.

— Гэта зала гульнявых відаў спорту па міні-футболе, гандболе, валейболе і баскетболе, — кажа намеснік дырэктара Юрый Волкаў. — Сярод школьных спартыўных залаў Магілёва гэта самая вялікая. Прыблізна такая ж у 45-й школе. Марым нават алімпіяду сюды прывезці. А чаму не памарыць? Мы былі ў Маладзечне на рэспубліканскай алімпіядзе, там умовы правядзення больш сціплыя. З пункту гледжання бяспекі тут таксама ўсё прадугледжана. Прапускная здольнасць вялікай спартыўнай залы разлічана на знаходжанне ў ёй адначасова 50 навучэнцаў, малой — 25. Няма перапоўненасці, а значыць няма пагрозы траўмавацца. Што датычыцца вулічных спартыўных аб'ектаў, там наогул вельмі шмат вольнай прасторы, а значыць таксама бяспечна. Усе дзеці малодшыя, сярэднія, старэйшыя знаходзяцца адно ад аднаго на бяспечнай адлегласці, яны ўсе займаюцца асобна, і гэта таксама зручна. Абсталяванне ўсё новае і сучаснае — гімнастычныя маты, страхоўкі і гэтак далей. Усім гэтым школа цалкам укамплектаваная. Збудаванне ў цэлым бяспечнае і для вучняў, і для абслуговага персаналу. Праекціроўшчыкі і будаўнікі гэта ўлічылі і, спадзяёмся, зрабілі максімальна бяспечным знаходжанне ў ёй.

Каб я ўразілася да канца, спецыяльна для мяне арганізуюць выхад на дах. Там таксама ўсё ідэальна — маланкаадводы, вентыляцыйнае абсталяванне, высокія борцікі. Зверху мясцовасць выглядае не менш прывабна.

Пакуль на тэрыторыі мала зеляніны, але гэта пытанне часу. Нядаўна 30 маладых педагогаў, якія пачнуць сваю работу ў магілёўскіх школах, высадзілі туі.

Да пачатку новага навучальнага года засталося ўсяго два дні. Школа № 46 разлічана на 1020 чалавек, за яе парты сядзе 700 вучняў. Дзякуючы новай школе нарэшце з палёгкай уздыхне суседняя, 19-я, якая літаральна трашчала па швах, абслугоўваючы ўвесь вялікі мікрараён Казіміраўкі. Дарэчы, для навучэнцаў 19-й школы прыемным падарункам стане яшчэ і новая спартыўная пляцоўка.

А будаўніцтва ў школе № 46 будзе працягвацца. Другая чарга — стварэнне басейна.

— Мы ведаем, наколькі важны гэты аб'ект для Магілёва, — канстатуе глава адміністрацыі. — Будаўніцтва школы вялося і працягвае весціся пад пільным наглядам кіраўніцтва вобласці і горада.

Дарэчы, мікрараён, дзе з'явілася школа, малады і перспектыўны. Тут будуецца жыллё для шматдзетных і маладых сем'яў. І, што асабліва прыемна, з нацыянальнай адметнасцю. Нават назвы вуліц кажуць самі за сябе: Цішкі Гартнага, Грунвальдская, Льва Сапегі...

Як растлумачылі ў Магілёўскім абласным упраўленні фінансава-гаспадарчага забеспячэння ўстаноў адукацыі, на рамонт устаноў адукацыі ў вобласці сёлета накіравана 14,5 мільёна рублёў. За кошт сродкаў Сусветнага банка адрамантавалі Мурынборскі вучэбна-педагагічны комплекс у Касцюковіцкім раёне і гімназію ў Глуску. Плануецца набыццё 24 школьных аўтобусаў і яшчэ васьмі для перавозкі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Умацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база харчаблокаў, закупляецца новая мэбля, спартыўнае абсталяванне, даводзяцца да ладу спартыўныя пляцоўкі і стадыёны. Прыкладам таго, што нават у аддаленых ад абласнога цэнтра вёсках ствараюцца добрыя ўмовы для адукацыі дзяцей, служыць вучэбна-педагагічны комплекс у вёсцы Мурын Бор. У сельскай мясцовасці зрабілі практычна новую сучасную школу. Яна перспектыўная, і яе перавагамі зможа скарыстацца вялікая колькасць дзяцей. Пытанні бяспекі для ўстаноў адукацыі заўсёды стаяць на першым месцы. Праводзяцца планавыя восеньскія і веснавыя агляды ўласнікамі будынкаў, камісіямі гар-, райвыканкамаў з прыцягненнем спецыялістаў будаўнічых устаноў, упраўленняў капітальнага будаўніцтва, арганізуюцца камісійныя праверкі ўстаноў адукацыі. Згаданыя аб'екты дасканала правяраліся пры падрыхтоўцы да новага навучальнага года камісіямі з удзелам прадстаўнікоў гар-, райвыканкамаў, санітарных урачоў, прадстаўнікоў МНС, энергетыкаў. Пашпарты гатоўнасці выдаваліся толькі тады, калі не ўзнікала ніякіх пытанняў.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Школа будучага

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».