Вы тут

Хто клапоціцца пра бяспеку дзяцей?


Да першага верасня рыхтуюцца не толькі школы. Цяжка нават падлічыць, якая колькасць людзей у гэты час задзейнічана ў розных прафілактычных мерапрыемствах, каб гарантаваць бяспеку хлопчыкаў і дзяўчынак, захаваць іх жыццё і здароўе. Пад нагляд вучні трапляюць ужо з таго моманту, як пакідаюць дом, каб выправіцца ў школу.


Калі вучні дабіраюцца на заняткі...

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

Супрацоўнікі праваахоўных органаў паклапаціліся пра тое, каб дзеткі, якіх бацькі падвозяць да навучальных устаноў, не патрапілі ў бяду. Так, рэспубліканская прафілактычная акцыя «Маленькі пасажыр — вялікая адказнасць» скіравана на бацькоў-кіроўцаў, якія абавязаны забяспечыць бяспечную перавозку дзяцей. «Норма пра выкарыстанне дзіцячых утрымальных прыстасаванняў, нягледзячы на тое, што яна ўжо дзейнічае больш за два гады, так і не стала аксіёмай. З 15 дзетак, якія загінулі за бягучыя сем месяцаў, дзевяць з'яўляліся пасажырамі транспартных сродкаў. З 76 параненых юных пасажыраў практычна кожнае другое дзіця перавозілася з парушэннем правілаў», — паведаміла старшы інспектар па асобых даручэннях аддзела арганізацыі міжведамаснага ўзаемадзеяння і прапаганды бяспекі дарожнага руху ўпраўлення Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі міліцыі грамадскай бяспекі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Ганна Банадык.

Калі б не памылкі бацькоў, дзіцячыя жыцці можна было б захаваць: непрышпіленыя малыя пры дарожна-транспартных здарэннях проста вылятаюць з аўтамабіляў. Таму супрацоўнікі ДАІ гатовы зноў і зноў паўтараць, што ўсе пасажыры транспартных сродкаў павінны быць прышпіленыя — малыя — у аўтакрэслах, а дзеці, старэйшыя за 12 гадоў (ці ростам больш за 150 сантыметраў), — стандартнымі рамянямі бяспекі.

Традыцыйна ў канцы лета — пачатку верасня праводзіцца рэспубліканскае прафілактычнае спецыяльнае комплекснае мерапрыемства «Увага, дзеці!». Калі вы за бяспеку — не забудзьцеся ўключыць бліжняе святло фар. Так не толькі прыцягнеце ўвагу маленькіх пешаходаў да транспарту, але і нагадаеце іншым кіроўцам, што ў гэты час трэба быць асабліва ўважлівымі на дарозе. Па-першае, многія дзеткі толькі вярнуліся з летняга адпачынку і ім яшчэ трэба прызвычаіцца да інтэнсіўнага гарадскога жыцця. Па-другое, многія юныя пешаходы яшчэ засвойваюць новыя маршруты «дом—школа» і вучацца пераходзіць дарогу самастойна.

Шэраг прафілактычных мерапрыемстваў накіраваны на павышэнне адказнасці бацькоў і кіроўцаў. Супрацоўнікі ДАІ ідуць не толькі да малых, але і да дарослых (сустракаюцца з імі як на бацькоўскіх сходах на базе навучальных устаноў, так і ў працоўных калектывах), паказваюць відэа, расказваюць аб прычынах і наступствах дарожных здарэнняў з удзелам дзяцей і папярэджваюць, як гэтага пазбегнуць.

У краіне ўжо створаны сем аўтагарадкоў, дзе дзяцей навучаюць, як паводзіць сябе на дарозе ў якасці пешаходаў, пасажыраў. Адзнята багата ролікаў, фільмаў, мультфільмаў, створана мноства віктарын, навучальных праграм, разлічаных на дзяцей рознага ўзросту, для навучання бяспечным паводзінам на дарогах.

Традыцыйна кожную апошнюю пятніцу месяца праводзіцца адзіны дзень бяспекі дарожнага руху. Сёлета 30 жніўня ён праходзіць пад дэвізам «Бяспечная дарога ў школу — задача дарослых». Супрацоўнікі ДАІ кантралююць выкананне хуткасных рэжымаў, асабліва паблізу ўстаноў адукацыі, правілы праезду пешаходных пераходаў і перавозкі дзяцей-пасажыраў.

З пачаткам навучальнага года міліцыянеры па традыцыі будуць дзяжурыць за паўгадзіны да пачатку заняткаў паблізу ўстаноў адукацыі. Гэта робіцца, каб дысцыплінаваць бацькоў, якія падвозяць дзяцей да школы, прыняць меры па арганізацыі дарожнага руху, калі раптам ствараюцца нейкія калапсы, і, канешне, каб дапамагаць юным пешаходам перайсці дарогу. Дзяжурства інспектараў працягнецца да 10 верасня.

Абноўленыя дарогі

У ліпені — жніўні традыцыйна праводзіцца абследаванне вулічна-дарожнай сеткі паблізу навучальных устаноў (у тым ліку дзіцячых садкоў, музычных школ, устаноў дадатковай адукацыі, каледжаў, дзіцячых паліклінік). Кантралюецца стан праезнай часткі, тратуараў, пешаходных дарожак, вонкавага асвятлення і тэхнічных сродкаў арганізацыі дарожнага руху ў месцах, дзе вучні ідуць у школу, вызначаецца, дзе неабходна ўсталяваць прыстасаванні, якія перашкаджаюць дзецям выхад на праезную частку. Усе недахопы фіксуюцца і пасля накіроўваюцца прадпісанні ўтрымальнікам вулічна-дарожнай сеткі, камунальным і дарожным арганізацыям, каб яны іх выправілі. Сёлета па выніках праведзеных абследаванняў адказным службовым асобам камунальных і дарожных арганізацый выдадзена 493 прадпісанні. Усе яны павінны быць выкананы і недахопы выпраўлены да 1 верасня. Таксама інспектары ДАІ ўносяць прапановы ў аблвыканкамы, гарвыканкам па добраўпарадкаванні і стварэнні бяспечных умоў руху дзяцей, інфармацыйнымі лістамі заклікаюць гарадскія ўлады прыняць удзел у паляпшэнні інфраструктуры паблізу некаторых устаноў адукацыі.

Каля ўстаноў адукацыі ўсталёўваюцца прымусовыя сродкі зніжэння хуткасці — дарожныя няроўнасці. У тых жа месцах, дзе гэта зрабіць немагчыма (напрыклад, некаторыя сталічныя школы размяшчаюцца ўздоўж праспекта), будзе практыкаваццца ўстаноўка мабільных датчыкаў фіксацыі парушэння хуткасных рэжымаў.

Напярэдадні навучальнага года Дзяржаўтаінспекцыя кантралюе тэхнічны стан школьных аўтобусаў, абследуе бяспеку іх маршруту, праводзіць інструктажы з кіроўцамі, пры якіх звяртае ўвагу на найбольш крытычныя пункты, дзе могуць узнікаць складанасці і трэба асаблівую увагу звярнуць на бяспеку ўдзелу ў дарожным руху.

Пад наглядам

Шлагбаумы і агароджы вакол школ таксама ўстанаўліваюцца для таго, каб абараніць дзяцей ад няўважлівых кіроўцаў.

Сёння маецца багаты арсенал сродкаў і для таго, каб сачыць за бяспекай вучняў у саміх установах адукацыі і не дапускаць туды непажаданых гасцей: відэаназіранне, турнікеты, трывожныя кнопкі. Прапускная сістэма дазваляе і бацькам сачыць за перамяшчэннем дзіцяці (так ва ўстановах, у якіх дзеці карыстаюцца чыпаванымі карткамі, фіксуецца, у які час вучань прыйшоў у школу і калі яе пакінуў). Да таго ж у кожнай школе на вахце ёсць вартаўнік, які назірае за тым, каб сюды не прыйшлі староннія, вядзецца ўлік грамадзян, якія наведваюць установу.

Нельга не сказаць і пра дзяжурства адміністрацыі, так, перад заняткамі ў многіх школах настаўнікі і намеснікі дырэктара кожную раніцу сустракаюць дзетак на ўваходзе. Дапамагаюць дарослым і старэйшыя вучні — кожны тыдзень вызначаецца дзяжурны клас, які разам са сваім кіраўніком сочыць за парадкам.

Самыя юныя вучні трапляюць пад нагляд дарослых на ўвесь дзень, а вось дзецям, якія ўжо не будуць наведваць групу падоўжанага дня альбо пачынаюць вучыцца ў другую змену, менавіта бацькі павінны ўдзяліць асаблівую ўвагу. Такія хлопчыкі і дзяўчынкі толькі вучацца самастойнасці, і важна ў першыя месяцы вучобы прасачыць за тым, як дзіця дабіраецца да школы, як харчуецца, праводзіць вольны час.

— У 2014 годзе быў створаны міжведамасны каардынацыйны савет па прафілактыцы дзіцячага траўматызму ў Рэспубліцы Беларусь. Быў распрацаваны план мерапрыемстваў, якія павінны выконвацца да 2020 года, і надалей работа па папярэджанні дзіцячага траўматызму як такавога і ў прыватнасці дарожна-транспартнага будзе працягнута, — паведаміў урач-траўматолаг кансультацыйна-паліклінічнага аддзялення ДУ «Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр траўматалогіі і артапедыі» Аляксандр Мухля. — У перыяд пачатку навучальнага года, асабліва ў нядзельныя дні, мы павялічваем у стацыянарах колькасць дзяжурных урачоў, прычым стараемся прыцягваць спецыялістаў, якія добра разбіраюцца менавіта ў дзіцячых траўмах. Папаўняюцца і расходныя матэрыялы. Шмат увагі аддаецца і прафілактычным мерапрыемствам...

— А што трэба рабіць для папярэджання траўматызму дзяцей на ўроках фізкультуры і перапынках? Вялікая колькасць вучняў у класах ці не адбіваецца на тым, што траўмаў становіцца больш? — цікавімся ў Аляксандра Мустаф'евіча.

— Гэта не залежыць ад колькасці дзяцей у класе, а толькі ад таго, навучана дзіця правілам бяспечных паводзінаў ці не. І адказнасць за наяўнасць такіх ведаў нясуць не толькі педагогі, але і бацькі. Настаўнікі фізкультуры павінны навучыць правільнаму падыходу да снарадаў, страхаваць, калі дзеці выконваюць практыкаванні. Бацькі ж павінны сачыць за тым, дзе і як дзіця праводзіць час пасля заняткаў, рабіць сваё жытло бяспечным. І сёння створаны цэнтры навучання бацькоў бяспечнаму спосабу жыцця, пачынаючы з перынатальных устаноў.

Аляксандр Мустаф'евіч выказаў сваю занепакоенасць тым, што апошнім часам набірае папулярнасць такая паслуга, як пракат самакатаў і ровараў. Часта ёй карыстаюцца падлеткі. Але як яны ставяцца да такіх сродкаў? Безнагляднасць за дзецьмі і ўсёдазволенасць могуць выклікаць пэўны пад'ём траўматызму. Напрыклад, у замежжы аддаюць асаблівую ўвагу такой праблеме, веласіпедыстаў і скутарыстаў абязваюць карыстацца шлемамі і здаваць залікі на веданне правілаў дарожнага руху.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: На дарозе, у школе, дома...

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.