Вы тут

У Ташкенце — па-беларуску


На круглым стале “Беларуска-ўзбекскія літаратурныя сувязі”, які прайшоў у Мінску, рэктар Ташкенцкага дзяржуніверсітэта ўзбекскай мовы й літаратуры імя Алішэра Наваі Шухрат Сіражыддзінаў прапанаваў стварыць у гэтай навучальнай установе Цэнтр беларускай культуры


Госці з Узбекістана знаёмяцца з экспазіцыяй у Купалаўскім музеі

У мінулым нумары мы пісалі пра візіт у Беларусь Прэзідэнта Узбекістана Шаўката Мірзіёева, пра Дні культуры Узбекістана ў нашай краіне, адкрыццё ў Мінску помніка Алішэру Наваі, першы Форум рэгіёнаў Беларусі ды Узбекістана, іншыя важныя падзеі: “Паміж Мінскам і Ташкента” — ГР, 14.08.2019. Падалі ў тэксце фотаздымак з беларуска-ўзбекскага круглага стала. Цяпер пра тую імпрэзу — падрабязней.

Круглы стол “Беларуска-ўзбекскія літаратурныя сувязі” праходзіў 31 ліпеня ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы. Ладзілі яго супольна Мінінфармацыі Беларусі, Выдавецкі дом “Звязда” і Амбасада Узбекістана ў Беларусі. Гэта была не шараговая — знакавая сустрэча творчай і навуковай інтэлігенцыі дружалюбных краін. Мяркуйце самі. З узбекскага боку ў пасяджэнні паўдзельнічалі старшыня Камітэта па міжнацыянальных зносінах і сяброўскіх сувязях з замежнымі краінамі пры Кабінеце міністраў Узбекістана Рустамбек Курбанаў, старшыня Саюза пісьменнікаў Сіражыддзін Саідаў, старшыня Акадэміі мастацтваў Акмал Нурыддзінаў, рэктар Ташкенцкага дзяржуніверсітэта ўзбекскай мовы й літаратуры імя Алішэра Наваі Шухрат Сіражыддзінаў. Прыехалі на гістарычную Бацькаўшчыну, паўдзельнічалі ў размове й нашы супляменнікі з далёкай краіны: старшыня Ташкенцкага гарадскога беларускага нацыянальнага цэнтра “Світанак” Святлана Дудзюк і прафесар Узбекскага дзяржуніверсітэта сусветных моваў Анатоль Ліхадзіеўскі.

З беларускага боку ў сустрэчы паўдзельнічалі супрацоўнікі ВД “Звязда”, прадстаўнікі часопісаў “Полымя”, “Маладосць”, Купалаўскага ды Коласаўскага музеяў, паэты-перакладчыкі ўзбекскай літаратуры, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі.

Сімвалічна, што якраз у Купалавым доме развіваецца беларуска-ўзбекскі культурны дыялог. На сустрэчы згадвалі пра беларускага паэта, перакладчыка, літаратуразнаўцу Сцяпана Ліхадзіеўскага (1911–1979). Родам ён быў са Случчыны, з вёскі Баславічы (цяпер Барок). Добра вядома, што 20–30 гадах ён сустракаўся з Янкам Купалам, а ў 1943‑м браў удзел у вечары памяці паэта ў Ташкенце. А там у гады Другой Сусветнай вайны знайшлі прытулак многія беларусы, сярод якіх і Якуб Колас. Што да самога Сцяпана, то ў 1933‑м ён быў рэпрэсаваны, высланы на 3 гады ў Казахстан, а ўрэшце перабраўся ў Ташкент. Быў рэабілітаваны ў 1956 годзе, стаў доктарам філалагічных наук, прафесарам. Як кажуць, па слядах бацькі пайшоў яго сын — сёння прафесар Анатоль Ліхадзіеўскі.

На сустрэчы адзначалася: і беларусы, і ўзбекі беражліва ставяцца да гістарычнай памяці. Моцна паяднала нашыя народы й векапомная вайна, барацьба супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў. Дырэктар выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” Уладзімір Андрыевіч прадставіў на круглым стале кнігу “Победа на всех. Беларусь — Узбекистан”. Яна пра воінаў-узбекаў, якія змагаліся з ворагамі ў Беларусі. Рустамбек Курбанаў казаў пра ўшанаванне памяці герояў Вялікай Айчыннай ва Узбекістане. Запэўніў: камітэт, які ён узначальвае, заўсёды будзе падтрымліваць супрацу ў сферы культуры, у тым ліку й літаратурныя пераклады. А рэктар Ташкенцкага дзяржуніверсітэта ўзбекскай мовы й літаратуры імя Алішэра Наваі Шухрат Сіражыддзінаў у працяг такой супрацы прапанаваў стварыць ва ўзбекскім універсітэце Цэнтр беларускай культуры. Вучоны параўнаў Янку Купалу з Алішэрам Наваі: яны ж абодва выступалі за зберажэнне нацыянальнай ідэнтычнасці, роднай мовы.

Іван Іванаў

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.