Вы тут

Якія змены адбываюцца ў школах у новым навучальным годзе


Новы навучальны год хутка пачнецца для больш чым мільёна беларускіх школьнікаў. Пра тое, дзе адкрыюцца новыя школы і якія змяненні адбыліся ў навучальных праграмах і падручніках, а таксама пра стварэнне роўных умоў для вучняў школ і гімназій расказалі спецыялісты Міністэрства адукацыі.


Дзе адкрыюцца новыя школы?

У Брэсце рыхтуецца да адкрыцця вучэбна-педагагічны комплекс «Яслі-сад — пачатковая школа» № 11. Пасля здачы ў эксплуатацыю ВПК зможа прыняць 150 дзяцей для дашкольнай адукацыі і 300 навучэнцаў пачатковых класаў. Для выхаванцаў абсталявалі ёмістую спартзалу, басейн, сэнсарны пакой, актавую і музычную залы.

У новым навучальным годзе ў Беларусі справяць наваселле восем школ. Сем з іх адчыняць свае дзверы ўжо з пачатку навучальнага года. Дзве школы пабудаваныя ў новых мікрараёнах сталіцы, яшчэ дзве — у Брэсце, па адной адкрыецца ў Гродне, Астраўцы і Магілёве. У іх сядзе за парты 7 288 школьнікаў.

— Напаўняльнасць новых школ разлічвалася ў залежнасці ад запатрабаванасці ў тым ці іншым мікрараёне, пры праектаванні ўлічвалася і перспектыва развіцця раёна, — адзначае намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына КАРЖОВА. — Напрыклад, адна са школ Брэста разлічана на 1 480 месцаў, другая — на 470. У Магілёве новая школа прыме 1 020 вучняў.

У Мінску сярэдняя школа № 93 на 792 месцы прыме школьнікаў з мікрараёна Уручча (Першамайскі раён). У мікрараёне Сухарава 1 020 вучняў пойдуць у новую сярэднюю школу № 2 (Фрунзенскі раён). Як адзначыла Ірына Каржова, усе новыя школы — гэта сучасныя будынкі, аснашчаныя ўсім неабходным для правядзення вучэбнага працэсу, заняткаў спортам і пазакласных мерапрыемстваў.

Каб адчуць, чым вылучаецца сённяшняя школа-новабудоўля, дастаткова зазірнуць у адну з іх. Напрыклад, у новай школе № 93, будаўніцтва якой пачалося ў 2018-м, ёсць не толькі вучэбныя кабінеты і лабараторыі, памяшканні для працоўнага навучання, вучэбна-спартыўныя залы з раздзявальнямі, але і цір, лыжная база, памяшканні для медыцынскага абслугоўвання, інфармацыйна-тэхнічны цэнтр, агульнашкольны цэнтр з актавай залай і пакоем грамадскіх арганізацый, лекцыйныя залы, памяшканні для эстэтычнага выхавання і гуртковай работы і іншае. Тут створана безбар'ернае асяроддзе для арганізацыі адукацыйнага працэсу дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця: прадугледжаны ліфт, пандус, спецыяльныя месцы ў актавай зале, вучэбных кабінетах, асобныя раздзявальні, санвузлы, душавыя. Прадумана і зручнае размяшчэнне памяшканняў і кабінетаў. На падвальным узроўні знаходзяцца гардэробныя боксы для ІІ—ХІ класаў, памяшканні вучэбнага 25-метровага ціра, разлічаныя на чатыры стралковыя месцы,а таксама тэхнічныя і інжынерныя памяшканні. На першым паверсе — вестыбюль, сталовая, разлічаная на 340 пасадачных месцаў, вітамінны бар на восем пасадачных месцаў, бібліятэка з чытальнай залай і кнігасховішчам, лыжная база і майстэрні па апрацоўцы тканіны, драўніны, металу. У другім блоку першага паверха размясціліся раздзявальні, вучэбныя класы, спальні і гульнявыя для першакласнікаў.

На другім паверсе школы знаходзяцца актавая зала з эстрадай, а таксама артыстычным, касцюмерным і інвентарным пакоямі і санвузлом, акрамя гэтага, спартыўная, гімнастычная і трэнажорная залы з раздзявальнямі, вучэбныя кабінеты і медыцынскі блок, адміністрацыйныя і рэсурсныя цэнтры, бытавыя памяшканні. На трэцім паверсе размяшчаюцца кінапраекцыйная, гукаапаратная, радыёвузел, канферэнц-зала на 80 месцаў, хол-балкон спартыўнай залы з трыбунамі для гледачоў, зал харэаграфіі і рытмікі з раздзявальнямі, пакоі інструктараў, вучэбныя класы, лабараторыі, інфармацыйна-выставачнае памяшканне, памяшканне для індывідуальных і групавых заняткаў, рэсурсныя цэнтры і настаўніцкія. На чацвёртым паверсе — вучэбныя класы і кабінеты, лабараторыі, два кабінеты інфарматыкі, чатыры лінгафонныя кабінеты, канферэнц-зала на 100 месцаў.

У сталічнай сярэдняй школе № 2 будзе 44 класы. Тут таксама, акрамя вучэбных кабінетаў і лабараторый, будуць цір і лыжная база, а яшчэ басейн, інфармацыйна-тэхнічны цэнтр і агульнашкольны цэнтр з актавай залай і іншае. Тут таксама створана безбар'ернае асяроддзе для дзяцей з асаблівасцямі развіцця.

Колькасць вучняў расце

Сёлета ў Беларусі 2 верасня ўрокі пачнуцца ў 3003 школах. За парты сядзе больш за 1 мільён 30 тысяч вучняў, з іх 115 тысяч — першакласнікі. Дарэчы, летась першакласнікаў было крыху больш за 110 тысяч.

— На працягу шэрагу апошніх гадоў колькасць вучняў у школах павялічваецца, у тым ліку і першакласнікаў, — адзначае Ірына Каржова.

З пачатку навучальнага года да работы ў школах прыступілі больш за 4 300 маладых спецыялістаў. Усяго ў школах сёлета будзе працаваць 90 тысяч настаўнікаў.

Амаль усе школы ўжо атрымалі пашпарты гатоўнасці.

— Мясцовыя выканаўчыя ўлады правялі мерапрыемствы па прыёмцы школ да новага навучальнага года. Гэта не фармальная працэдура: ствараліся камісіі, куды, акрамя спецыялістаў сістэмы адукацыі, уваходзілі супрацоўнікі МНС і санітарна-эпідэміялагічнай службы, — падкрэсліла Ірына Каржова. — Правяралася не толькі завяршэнне рамонтных работ, але і стварэнне бяспечных умоў для арганізацыі адукацыйнага працэсу.

Што мяняецца ў праграмах?

У гэтым навучальным годзе завершыцца пераход на новыя навучальныя праграмы на другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі, які пачаўся ў 2015 годзе. Яны ўводзяцца ў 9 класе. Такім чынам, сёлета ўсе вучні з 1 да 9 класа будуць навучацца па абноўленых праграмах. Канчатковы пераход на новыя вучэбныя праграмы адбудзецца ў 2021—2022 гадах.

— Асноўная задача абнаўлення вучэбных праграм — разгрузіць вучняў, прывесці праграмы ў адпаведнасць з узроставымі пазнавальнымі здольнасцямі дзяцей, — тлумачыць намеснік дырэктара Нацыянальнага інстытута адукацыі Міністэрства адукацыі Людміла Раманоўская. — Напрыклад, раней трыганаметрыю вывучалі ў 8—9 класах. Але для васьмікласнікаў гэта было складана, таму цяпер яе вывучаюць толькі дзевяцікласнікі. Твор Мікалая Гогаля «Мёртвыя душы» перанесены з праграмы 9 класа ў праграму 10 класа. А твор «А досвіткі тут ціхія» Барыса Васільева цяпер чытаюць у 9 класе. Таксама скарочана колькасць тэрмінаў і паняццяў, абавязковых для засваення. Мы знаходзімся на пастаяннай сувязі з настаўнікамі-практыкамі. Напрыклад, многія скардзіліся, што праграма 7 класа па біялогіі перанасычана лабараторнымі і практычнымі работамі. Мы прааналізавалі і пагадзіліся — цяпер частка работ перанесена ў разрад дэманстрацыйных вопытаў. Гэтак жа мы прыслухаліся да педагогаў з праграмай па геаграфіі 8 класа. У выніку зменшылі колькасць выніковых практычных работ.

З гэтага года ў вучняў 6—8 класаў знікне прадмет «Асновы бяспекі жыццядзейнасці», яго будуць вывучаць толькі ў 2—5 класах.

— Гэта дазволіць знізіць вучэбную нагрузку ў 6—8 класах. А вывучаць бяспеку жыццядзейнасці вучні змогуць на пазакласных і факультатыўных занятках, некаторыя раздзелы гэтага прадмета ўключаны ў вучэбныя праграмы па іншых прадметах, — растлумачыла Ірына Каржова.

Людміла Раманоўская падкрэсліла, што разам з праграмамі мяняюцца і школьныя падручнікі.

— Вучэбныя дапаможнікі найчасцей крытыкуюць за складаныя навукаёмістыя тэксты і недастатковую колькасць ілюстрацый. Асноўнае наша патрабаванне — каб змест быў даступны. Аж да таго, каб колькасць тэрмінаў і слоў у сказе не перавышала пэўную лічбу. Падручнікі павінны быць лёгкія, маляўнічыя, цікавыя. Просім складальнікаў прадстаўляць інфармацыю не толькі тэкставую, але і ў выглядзе табліц, схем, дыяграм. Змест павінен быць максімальна практыкаарыентаваным. Усе падручнікі распрацоўваюцца на конкурснай аснове.

Сёлета падрыхтаваны 51 новы вучэбны дапаможнік. Найбольшую іх колькасць атрымаюць дзевяцікласнікі ў сувязі з абнаўленнем вучэбных праграм. Паводле слоў Людмілы Раманоўскай, усе яны гатовы і завозяцца ў школы.

— Сёлета працягнецца работа па стварэнні аднолькавых умоў для ўсіх вучняў — школ і гімназій, сельскіх і гарадскіх школ. На другой ступені навучання ў 8 і 9 класах прадугледжана магчымасць паглыбленага вывучэння прадметаў, — адзначыла Ірына Каржова.

Таксама працягнецца рэалізацыя профільнай адукацыі ў 10—11 класах. Гэта класы педагагічнай, аграрнай, ваенна-патрыятычнай накіраванасці, сёлета адкрыюцца спартыўна-педагагічныя класы. Арганізавана і прафесійная падрыхтоўка вучняў 10—11 класаў, якія вывучаюць усе прадметы на базавым узроўні. Летась яна была даступная для 21 тысячы дзесяцікласнікаў, сёлета прафесію будуць атрымліваць 42 тысячы вучняў 10 і 11 класаў.

— У зацверджаным пераліку — каля 100 прафесій. Яны вызначаліся з улікам рэальных магчымасцяў навучальнай установы, запыту вучняў і запатрабаванасці на рынку працы, — расказвае Ірына Каржова.

Працягнецца сёлета аснашчэнне сучасным абсталяваннем кабінетаў хіміі і біялогіі. У школы паставяць адну тысячу інтэрактыўных сэнсарных сістэм.

— Гэта дазволіць павысіць якасць адукацыі ў рэалізацыі практычнай часткі вучэбных праграм. Цэнтралізаваная пастаўка сучасных сістэм і абсталявання пачалася ў 2013 годзе. І да 2018-га было аснашчана 612 кабінетаў фізікі і 366 кабінетаў хіміі. З 2019 года мы пачалі аснашчаць кабінеты біялогіі.

Сёлета 2 верасня першы ўрок ва ўсіх школах Беларусі пройдзе пад назвай «Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі!», — словы ўзяты з твора Янкі Купалы. А ўсе першакласнікі па традыцыі атрымаюць падарунак ад Прэзідэнта краіны — абноўленае маляўнічае выданне «Беларусь — наша Радзіма».

Сёлета ў Беларусі дзейнічае 2 951 установа дашкольнай адукацыі, 3003 — агульнай сярэдняй, а таксама 127 прафесійных каледжаў і ліцэяў і 111 сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Студэнты вучацца ў 42 дзяржаўных і 9 прыватных ВНУ.

Алена КРАВЕЦ

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Школы гатовы! А вы?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.