Вы тут

Звесткі пра даход кандыдатаў прадстаўляюцца, але не выдаюцца


На кожных выбарах ЦВК тлумачыць парадак дэкларавання даходаў і маёмасці асобамі, вылучанымі кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, вызначае парадак карыстання сродкамі масавай інфармацыі, зацвярджае палажэнне аб выбарчым фондзе.


Даходы прэтэндэнтаў на кандыдацтва дэкларуюцца за 2018 год, а маёмасць — на дзень прадстаўлення дэкларацыі. Асобы, у якіх не было даходаў у гэты перыяд, павінны ўказаць крыніцу сродкаў існавання. Пра гэта паведаміла на пасяджэнні Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў загадчык аддзела прававой, аналітычнай і метадычнай работы апарату Цэнтральнай камісіі Галіна МКРТЫЧАН.

Са з'яўленнем закона аб ахове персанальных даных ЦВК апынулася ў складаным становішчы: з аднаго боку, абавязак правяраць наяўнасць у кандыдатаў, напрыклад, каштоўных папер, з другога — закрытасць гэтай інфармацыі.

Звесткі, якія ўтрымліваюцца ў дэкларацыях, адносяцца да персанальных. Іх запытваюць грамадскія органы, якія не маюць права распараджацца закрытай інфармацыяй, асабліва звесткамі пра акцыі. Таму Дэпартамент па каштоўных паперах будзе адказваць камісіям толькі тое, у якім памеры (большым ці меншым) паказаныя акцыі.

«Форма ўласнасці прадпрыемства можа змяніцца, і кандыдат нават не будзе ведаць сумавае выражэнне сваіх акцый. Таму, калі ён паказаў у большым памеры, а насамрэч іх меней і гэта ўказаў дзяржаўны орган, гэта лічыцца неістотнай памылкай. А вось калі занізіў колькасць акцый — гэты выпадак ужо разглядаецца камісіяй як істотная памылка пры прадстаўленні дэкларацыі. Натуральна, выбаршчыкам гэта інфармацыя будзе даводзіцца ў вельмі агульным памеры: толькі тое, што паказаў сам кандыдат. Таму што ўстанавіць дакладную інфармацыю нам не дазваляе закон», — звярнула ўвагу старшыня ЦВК Лідзія ЯРМОШЫНА.

На знаёмства — пяць хвілін

«Звязда» будзе бясплатна друкаваць перадвыбарныя праграмы кандыдатаў. Другой рэспубліканскай газетай для гэтых мэт вызначана «Рэспубліка», а таксама абласныя, раённыя і гарадскія выданні. СМІ засталіся тыя ж, што ў 2016 годзе. Аб гэтым расказала сакратар ЦВК Алена ДМУХАЙЛА.

Тэкст праграмы кандыдаты павінны прадставіць у рэдакцыі да 27 кастрычніка — не пазней, чым за дваццаць дзён да выбараў. Раней будуць надрукаваныя праграмы, якія першымі паступілі.

Надрукаваць праграму кандыдат можа толькі аднойчы. Як і ў папярэднюю кампанію, для кантролю на сайце ЦВК будзе створаны спецыяльны раздзел, у якім рэдакцыі змогуць даведацца, ці друкаваўся ўжо кандыдат.

Кандыдаты ад Мінска змогуць выступіць у эфіры тэлеканала Беларусь 3 і радыёстанцыі «Радыё Мінск», ад Мінскай вобласці — у эфіры Сталічнага тэлебачання і радыёстанцыі «Мінская хваля», кандыдаты ад іншых абласцей могуць карыстацца эфірамі абласных тэлерадыёкампаній. Аналагічна было на выбарах у 2016 годзе.

У кожнага прэтэндэнта на дэпутацкі мандат будзе пяць хвілін на тэлебачанні і пяць хвілін на радыё, такі ж тэрмін прадугледжаны для тэледэбатаў.

«З аднаго боку можа падацца, што гэта не вельмі шмат, але досвед паказвае, што кандыдаты нават у пяціхвілінных выступленнях не ўсе ўдзельнічаюць, а ў тэледэбатах і пагатоў. Каб утрымліваць увагу аўдыторыі, выступленне павінна быць яркім, запамінальным. Пяці хвілін для гэтага дастаткова», — выказала меркаванне Алена Дмухайла.

Яна дадала, што выступленні пройдуць у рэйтынгавы час — па будных днях з 19 да 20 гадзін па ТБ, з 7 да 8 гадзін па радыё з 21 кастрычніка да 6 лістапада. У выступленнях кандыдат удзельнічае выключна асабіста, а на тэледэбаты можа накіраваць давераную асобу.

ЦВК на сваім пасяджэнні прыме пастанову аб размеркаванні эфірнага часу паміж акруговымі выбарчымі камісіямі, калі стане вядома прыблізная колькасць кандыдатаў па кожнай акрузе, — пасля завяршэння прадстаўлення дакументаў для рэгістрацыі кандыдатаў. Жараб'ёўку правядуць не пазней за 18 кастрычніка.

Тэлевізійныя выступленні абавязкова будуць суправаджацца субцітрамі ці сурдаперакладам.

Для вырашэння канфліктаў, звязаных з карыстаннем сродкамі масавай інфармацыі, традыцыйна ствараецца Назіральны савет па кантролі за выкананнем парадку і правілаў правядзення перадвыбарнай агітацыі.

«Апошнія выбарчыя кампаніі ў «савет па інфармацыйных спрэчках» уваходзяць не толькі прадстаўнікі самых уплывовых СМІ і, перш за ўсё, Міністэрства інфармацыі, але і прадстаўнікі двух журналісцкіх саюзаў — дзяржаўнага і недзяржаўнага», — падкрэсліла Лідзія Ярмошына.

Сродкі масавай інфармацыі, прадстаўнікі якіх уваходзяць у Назіральны савет, не трансліруюць і не публікуюць выступленні кандыдатаў, прынамсі, бясплатна.

Не больш за тысячу

Для фінансавання расходаў па перадвыбарнай агітацыі кандыдат мае права стварыць уласны выбарчы фонд. Пра гэта паведаміла саветнік-кансультант аддзела арганізацыйнай, фінансавай работы і міжнароднага супрацоўніцтва апарату Цэнтральнай камісіі Валянціна ВАСІЛЕЎСКАЯ.

Уласныя сродкі кандыдата ў гэтым выпадку не могуць перавышаць тысячы базавых велічынь — 25 500 рублёў, добраахвотныя ахвяравання грамадзян — не больш за пяць базавых велічынь ад аднаго беларуса ў сукупнасці (127,5 рубля) і добраахвотныя ахвяраванні юрыдычных асоб — не больш за дзесяць базавых велічынь ад адной у сукупнасці (255 рублёў).

Агульная сума расходаў з выбарчага фонду не можа перавышаць тысячы базавых велічынь. Незрасходаваныя сродкі выбарчага фонду пералічваюцца ахвяравальнікам не пазней 19 лістапада.

Падчас гэтай выбарчай кампаніі ўпершыню кандыдат можа атрымліваць інфармацыю аб стане рахунку праз інтэрнэт-банкінг Беларусбанка. У гэтай сістэме можна таксама і зрабіць ахвяраванне. Пры гэтым карыстанне інфакіёскамі не прадугледжана.

Варвара Марозава

Загаловак у газеце: Чужыя грошы лічыць не будзем

Выбар рэдакцыі

Культура

У Беларусі будзе стварацца археалагічная карта

У Беларусі будзе стварацца археалагічная карта

Калі Скарына прыехаў у Кракаў, і як выглядаў малы Рагвалодавіч.

Грамадства

Як застацца людзьмі пасля разводу

Як застацца людзьмі пасля разводу

Можа дапамагчы медыятар.