Вы тут

​У першыя дні вайны беларусы збівалі нямецкія самалёты над Малдовай


У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны прайшоў вечар памяці «Адна на ўсіх Перамога», прымеркаваны да 75-годдзя вызвалення Рэспублікі Малдова ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.


Малдова была акупаваная летам 1941 года, і толькі ў канцы жніўня 1944 года ў выніку Яска-Кішынёўскай аперацыі (дарэчы, прызнанай адной з найлепшых у гісторыі Вялікай Айчыннай вайны) стала свабоднай ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У баях за яе вызваленне адзначыліся і беларусы. Падчас гэтай жнівеньскай аперацыі былі разгромленыя 22 нямецкія дывізіі, у тым ліку 18 аказаліся ў акружэнні. Унёсак беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі быў высока ацэнены — 15 чалавек атрымалі званне Герояў Савецкага Саюза, чацвёра пасмяротна, сотні ўзнагароджаны баявымі ордэнамі і медалямі за паспяховае выкананне баявых задач па авалоданні населенымі пунктамі, шэраг часцей і злучэнняў, якімі камандавалі беларусы, атрымалі ганаровыя найменні, а асабоваму складу была аб'яўлена падзяка.

Як паведаміў кандыдат гістарычных навук Барыс Далгатовіч, ужо ў першыя гадзіны вайны лётчыкі-беларусы ў Малдове збівалі нямецкія самалёты, сярод іх быў і сяржант Іван Іванавіч Пстыга (пазней ён стане маршалам авіяцыі), адзіны чалавек у Савецкай Арміі, які меў 8 ордэнаў Чырвонага Сцяга.

— Беларусы адзначыліся на ўсіх этапах вызвалення Малдовы, — падкрэсліў вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Анатоль Крыварот і прывёў красамоўныя прыклады: самааддана дзейнічаў у баях па вызваленню Малдовы танкавы батальён пад камандаваннем капітана Катлаўца. 13 красавіка 1944 падраздзяленне фарсіравала Днестр і захапіла плацдарм на заходнім беразе, пры гэтым сам камандзір-беларус асабіста знішчыў чатыры танкі і дзве самаходныя ўстаноўкі. У гонар Героя Савецкага Саюза Катлаўца названы вуліцы ў Кішынёве, Ціраспалі і Мазыры. Паспяховаму наступленню войскаў у многім садзейнічалі зладжаныя дзеянні сапёрных падраздзяленняў, якія змаглі пад агнём праціўніка ў самыя кароткія тэрміны ўзвесці паромныя пераправы і масты цераз рэкі. Адным з такіх батальёнаў камандаваў беларус капітан Высокагорац. За ўмелае кіраўніцтва падначаленымі пры ўзвядзенні інжынерных збудаванняў і асабістую мужнасць ён уганараваны званнем Героя Савецкага Саюза...

Адным з непасрэдных распрацоўшчыкаў плана па канчатковым вызваленні Малдовы з'яўляўся ўраджэнец Гродна, начальнік аператыўнага ўпраўлення штаба ІІ Украінскага фронту генерал-маёр Паўлоўскі. Многія камандзіры-беларусы праявілі сябе падчас гэтай аперацыі, можна ўспомніць дзясяткі прозвішчаў...

А малдаване змагаліся за вызваленне Беларусі. Адзін з праектаў, што праводзіць пасольства Рэспублікі Малдова, — увекавечанне памяці малдаван, якія загінулі на тэрыторыі Беларусі. «Я аб'ехаў усе магілы — іх 49, — дзе пахаваны 80 малдаўскіх воінаў, — падзяліўся Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Малдова ў Рэспубліцы Беларусь Віктар Сарачан. — На магілах быў зроблены забор зямлі і створаны дзве капсулы з прахам. Адна перапраўлена ў Малдову і ўсталяваная ў адным з гістарычных месцаў, а другая будзе размешчана ў крыпце храма Усіх Святых 9 мая. Яшчэ адзін сумесны праект, які плануецца завяршыць да 75-годдзя Перамогі, — устаноўка ў Мінску помніка-бюста Герою Савецкага Саюза малдаваніну Іону Солтысу, які сваім целам закрыў амбразуру варожага дзота...

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Адна на ўсіх...

Выбар рэдакцыі

Культура

«Звязда» з'ездзіла на кінафестываль Żubrоffkа

«Звязда» з'ездзіла на кінафестываль Żubrоffkа

Раім вам у наступным годзе адправіцца туды самім.

Культура

Мастачка Алеся Скарабагатая: Няма мэты падабацца

Мастачка Алеся Скарабагатая: Няма мэты падабацца

Імя мастачкі гучыць усе пяць гадоў правядзення «Асенніх салонаў».

Спорт

Спартсмен Валерый Макарэвіч: Мара ў мяне адна — стаць прафесіяналам сваёй справы

Спартсмен Валерый Макарэвіч: Мара ў мяне адна — стаць прафесіяналам сваёй справы

Як варатар зборнай Беларусі па пляжным футболе сумяшчае гульню з роляй настаўніка і бацькі.  

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Языку дай волю..., Хвалі дзень вечарам, Людзі — добрыя.