Вы тут

Навошта і як складаць сваё генеалагічнае дрэва


У наш час, калі людзі з лёгкасцю пераадольваюць акіяны, маюць доступ амаль да любой інфармацыі і заводзяць дзясяткі, а то і сотні тысяч знаёмстваў, вельмі лёгка страціць разуменне таго, кім мы з'яўляемся насамрэч. Што рабіць, каб гэтага не адбылося, «Звяздзе» расказаў кандыдат гістарычных навук, супрацоўнік Нацыянальнага архіва Беларусі і мадэратар партала rаdаwоd.bу Вадзім УРУБЛЕЎСКІ.


Ад прадзедаў спакон вякоў...

Многія ў дарослым узросце шкадуюць пра тое, што мала цікавіліся жыццём бабуль і дзядуляў, калі была магчымасць.

— Як правіла, генеалогіяй людзі пачынаюць цікавіцца ў сталым узросце. Чаму? Моладзь заўсёды глядзіць наперад, у будучыню. Для яе важна будаваць планы, займацца вучобай, сацыялізацыяй, работай і стварэннем сям'і. Пра мінулае большасць пачынае задумвацца тады, калі жыццё пераходзіць за экватар. У галаве ўзнікаюць пытанні накшталт: «Ці ўспомняць пра мяне пасля смерці? Калі ўспомняць, дык што? А што я ведаю пра папярэднікаў?» Гэта і не толькі прыводзіць многіх людзей да пошукаў інфармацыі пра ўласных продкаў, — расказвае Вадзім. — Але азірнуцца назад карысна кожнаму ў любым узросце. Гэта варта рабіць хоць бы для таго, каб лепш разумець, кім мы з'яўляемся. Не сакрэт, што чалавек — гэта ў тым ліку спалучэнне розных знешніх якасцяў, рыс характару, манер паводзін і здольнасцяў ад пакаленняў папярэднікаў. Знакамітае выказванне «Гены пальцам не раздушыш» якраз ад гэтага і пайшло.

Па словах гісторыка, дасканалае веданне свайго роду дазваляе пазбегнуць непаразуменняў.

— Напрыклад, я не здзіўлюся, калі ў мяне з'явяцца дзеці з рудымі валасамі. Хоць у жонкі, у мяне, у нашых бацькоў і бабуль з дзядулямі яны іншых колераў. Аднак мой прадзед быў руды, таму ёсць імавернасць, што гэты ген проста «спіць» унутры і чакае свайго часу.

Акрамя таго, Вадзім зазначае, што знаёмства з эпізодамі жыцця сваіх продкаў дазваляе па-іншаму зірнуць і на ўласнае існаванне. Рэч у тым, што кожнае пакаленне мяркуе, быццам яно жыве ў няпросты час. Нават цяпер, калі ў цэлым усё нядрэнна, людзі не перастаюць скардзіцца: калі не на рост цэн, дык на сацыяльны лад ці змяненне клімату і іншае. Але ўсё пазнаецца ў параўнанні. На долю нашых продкаў выпадалі сапраўды сур'ёзныя выпрабаванні — сусветныя войны, эпідэміі, голад.

— Некаторыя людзі сваю абыякавасць да радаводу спрабуюць прыкрыць ідэямі накшталт: «Усе мы адно аднаму браты». На жаль, ёсць і тыя, хто, нават маючы магчымасці, наўмысна адмаўляецца ад пошуку інфармацыі пра сям'ю. Прычына — боязь даведацца праўду, якая можа не спадабацца. Аднак у любым выпадку саромецца варта не таго, кім былі твае продкі, а бязроднасці, — упэўнены Вадзім. — Сама гісторыя чалавецтва падказвае: тое, як нас будуць помніць, залежыць ад таго, наколькі мы самі памятаем сваіх продкаў.

Хто я ёсць

Праблема яшчэ і ў тым, што за ХХ стагоддзе беларусам некалькі разоў даводзілася перапісваць сваю гісторыю наноў. Так, пасля рэвалюцыі было небяспечна мець шляхецкія карані або быць выхадцам з сям'і заможных сялян ці святароў. Распад Савецкага Саюза прывёў да таго, што людзі імкнуліся як мага хутчэй забыцца пра сваякоў, якія, напрыклад, служылі ў НКУС.

— У наш час на розных узроўнях усё больш кажуць пра самасвядомасць нацыі, падкрэсліваюць важнасць нацыянальнай ідэнтычнасці. У гэтым пытанні надзвычай карысна, каб кожны спачатку вызначыўся: кім я з'яўляюся? А пасля перайшоў да разгляду свайго роду ў кантэксце народа, — кажа гісторык. — Нельга сказаць, што запатрабаванасць складання радаводаў — здабытак нашага часу. Так, апошнім часам назіраецца ўсплёск цікавасці да гэтай тэмы. Але дастаткова ўспомніць часы, калі існавала шляхта, і стане зразумела: ужо тады гэта быў трэнд. Кожны паважаючы сябе род меў не толькі свой герб, але і сямейны архіў з радаводам. Нават сем'і інтэлігентаў у дарэвалюцыйным Мінску мелі звычку заводзіць сямейныя фотаальбомы. Пэўны крызіс сямейных каштоўнасцяў у савецкі час прывёў да забыцця. Але хочацца верыць, што з кожным годам цікавасць да шматграннай гісторыі сваёй сям'і расце.

Многіх цікавіць пытанне: наколькі глыбока можна дакапацца, калі твае продкі не былі Радзівіламі ці Сапегамі? «Усё залежыць выключна ад упартасці таго, хто шукае», — абнадзейвае Вадзім. Складваючы ўласны радавод, ён паглыбіўся аж да канца ХVІІ стагоддзя!

— Мой далёкі продак Якуб Урублеўскі нарадзіўся каля 1670 года на сучасных літоўскіх землях. Яго нашчадкі жылі на памежжы сучасных Беларусі, Латвіі і Літвы. Атрымалася ўстанавіць, што ў Мінску Урублеўскія абаснаваліся пасля Першай сусветнай вайны. Таму, прадстаўляючыся, магу ўпэўнена казаць: «Мінчанін у пятым пакаленні». Як і многія іншыя сем'і, нашу закранулі рэпрэсіі і Вялікая Айчынная вайна. Цікава, што амаль усе мужчыны ў родзе Урублеўскіх былі чыгуначнікамі і кіроўцамі. Я першы, хто абраў шлях гуманітарыя.

Дзе і як шукаць продкаў беларусам?

— Як бы дзіўна гэта ні прагучала, пачынаць пошукі варта з сябе самога. Многія думаюць, што старт генеалагічнага квэста — архіў. Але туды трэба звяртацца ў апошнюю чаргу. Перш за ўсё неабходна проста падумаць і запісаць усё, што ведаеце пра сваю сям'ю: імёны, імёны па бацьку, прозвішчы, мянушкі, даты нараджэння і смерці, прафесіі, канфесіянальную прыналежнасць, месцы жыхарства.

На пачатковым этапе важна прагледзець усе дакументы і фота, якія знаходзяцца дома. Варта зазірнуць на лецішча, куды вы маглі вывезці «багаж» ад папярэднікаў. Не забывайцеся пра размовы з бабулямі і дзядулямі. Вы нават можаце не здагадвацца, колькі яны ўсяго ведаюць. Варта толькі запытаць! Калі нікога са старэйшага пакалення не засталося, можна пашукаць іх калег ці сяброў.

Вадзім звяртае ўвагу, што не трэба недаацэньваць могілкі. Пліты і крыжы падкажуць важныя звесткі: напрыклад, імёны па бацьку, даты нараджэння і смерці. Да таго ж раней сваякоў хавалі побач, таму ёсць усе шанцы знайсці братоў ці сясцёр сваіх продкаў.

— У архівах можна знайсці толькі тое, што магло цікавіць дзяржаву. Гэта афіцыйныя дакументы — перапіс насельніцтва і матэрыялы сакральнай накіраванасці. Напрыклад, метрычныя кнігі з датамі нараджэння (хрышчэння), смерці, заключэння шлюбаў, пераходаў з адной веры ў іншую. Ёсць у архівах і такія цікавыя дакументы, як «перадшлюбныя вобыскі». У дарэвалюцыйныя часы святары правяралі, ці не даводзіліся жаніх з нявестай адно аднаму сваякамі, і складалі па выніках дакумент.

Што датычыцца пошукаў у інтэрнэце: ужо працуюць сайты з базамі даных, якія змяшчаюць звесткі па масавай генеалогіі перыяду ХХ стагоддзя, ствараюцца формы, сістэматызуецца вядомая мемуарная літаратура.

Сайты gwаr.mіl.ru, оbd-mеmоrіаl.ru, роdvіgnаrоdа.ru будуць карысныя для ўсіх, хто страціў сваякоў падчас Першай і Другой сусветных войнаў. Там ёсць звесткі пра загінулых, тых, хто знік без вестак, быў адпраўлены ў шпіталь, трапіў у палон, атрымліваў узнагароды і іншае. Інфармацыя пра рэпрэсаваных будзе на сайтах dоstuр.mеmо.ru, роslеdnуаdrеs.ru, lіsts.mеmо.ru.

Калі маеце расійскія карані, то вам сюды. Польскія продкі знойдуцца на szukаjwаrсhіwасh.рl і www.аgаd.gоv.рl. Яўрэйскіх сваякоў можна адшукаць тут.

Напрыклад, партал Нацыянальнага архіва Беларусі. Сюды варта зазірнуць, каб даведацца, у які канкрэтна архіў краіны вам трэба ісці. На сайце дзейнічае сістэма «Дапаможнік» (шукаць на ўкладцы «Геналогія») і «Фондавы каталог».

Акрамя таго, карысна зазірнуць на партал аб мінскіх некропалях — роmnіm.bу і ў базу дзённікаў ХХ стагоддзя — рrоzhіtо.оrg.

У пошуках страчанага

Сёння ў Беларусі існуе некалькі праектаў, якія дапамагаюць не толькі знайсці продкаў, але і ўпарадкаваць інфармацыю пра іх.

Напрыклад, школа практычнай генеалогіі пры храме Мікалая Японскага ў Мінску. Тут бясплатна вучаць працаваць з архівамі, шукаць інфармацыю ў інтэрнэце і дзеляцца сакрэтамі, якія дапамогуць не заблытацца ва ўласных сваяках. Прыемны бонус — арганізатары запрашаюць спікераў па асобных тэмах і ладзяць незвычайныя экскурсіі. Заняткі разлічаныя на дарослых і праводзяцца двойчы на месяц з верасня да мая. Для сувязі пісаць: slероvrоn@mаіl.ru (Урублеўскі Вадзім Валер'евіч).

Беларускі архіў вуснай гісторыі займаецца захаваннем звестак, якія літаральна перадаюцца з вуснаў у вусны. Тут увага акцэнтуецца не на агульнай інфармацыі пра чалавека, а на дробязях біяграфіі. Напрыклад, нашы бабулі і дзядулі, якія нарадзіліся ў першай палове ХХ стагоддзя, могуць падзяліцца не толькі ўспамінамі пра Вялікую Айчынную. Магчыма, яны ўдзельнічалі ў аднаўленні гарадоў ці станаўленні гаспадаркі на вёсцы. Цікава даведацца пра службу ў арміі на Далёкім Усходзе ці ў Сібіры. Дарэчы, на старых здымках мы бачым не толькі нашых сваякоў, але і іх акружэнне, побыт. Аматары вуснай гісторыі ўпэўнены, што ўсё гэта таксама важна захаваць.

Гурток «Радавод» на гістарычным факультэце БДУ займаецца папулярызацыяй генеалогіі сярод беларусаў. На занятках прысутнічаюць найлепшыя беларускія спецыялісты па складанні радаводаў. Таму заўсёды ёсць магчымасць задаць ім пытанні. Калі ў цэлым цікавіцеся гісторыяй краіны, то вам таксама сюды. Гурток запрашае на сустрэчы гісторыкаў, літаратараў, навукоўцаў, якія робяць экскурс у мінулае і раскрываюць генеалагічныя сакрэты знакамітых беларусаў.

Ганна КУРАК

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Карэннае пытанне

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.