Вы тут

Святлана Бароўская: Пакуль жывыя нашы бацькі, мы — дзеці


«Божа, гэта голас з майго дзяцінства, з тэлевізара», — так адрэагаваў 20-гадовы барыста, прымаючы заказ ад Святланы Бароўскай. Мы сядзелі на ўтульнай верандзе невялікага сталічнага кафэ на вуліцы Румянцава. За дзве гадзіны некалькі чалавек павіталіся з маёй суразмоўніцай. Ад сяброўскага: «Светачка, дарагая, сто гадоў не бачыліся!» да паважнага: «Добры дзень, Святлана Аляксееўна!» — ад студэнтаў журфака, дзе яна з нядаўняга часу выкладае. А яшчэ запомніўся сталы мужчына. Ён сказаў, што як толькі жонка пачынае скардзіцца на надвор'е ці здароўе, ён ёй кажа: «Паглядзі на тую даму з тэлевізара». І гэта аказваецца найлепшым рэцэптам супраць маркоты. Бароўская — не першая знакамітасць, з якой мы апынуліся ў публічным месцы, але такога бенефісу не згадаю.


Мы дамовіліся пагутарыць аб адносінах дзяцей і бацькоў. Таму спачатку было інтэрв'ю са Святланай, а потым я сустрэлася з яе мамай — Кацярынай Дзмітрыеўнай, і задала ёй такія ж пытанні.

— Першае дзіця ў вас з'явілася ў вельмі маладым узросце, другое — праз 8-9 гадоў. Не было крыўдна, што сяброўкі на танцах, а вы дома з дзіцем на руках?

Кацярына Дзмітрыеўна: — Абсалютна ні пра што не шкадую. Хоць планы ў мяне былі паступіць у тэатральны інстытут, аднак зрэзалася на трэцім туры творчага конкурсу. Былі тады ў Мінску пры тэатры Янкі Купалы вячэрнія курсы — пачала там займацца, але ўжо мела адносіны з будучым мужам, неўзабаве і вяселле згулялі. Які ж малады пацерпіць, каб жонка па вечарах прападала? А потым Святлана нарадзілася.

Я лічу, што мае дзеці з'явіліся на свет у самы ўдалы час. Дзеці — не перашкода ні ў кар'еры, ні ў адпачынку. Калі кажуць, што дзеці чамусьці там перашкодзілі ў жыцці, думаю, так прыкрываюць сваю ўласную ляноту. А такая розніца ва ўзросце дочак для мяне як для мамы вельмі зручная, таму што Святлана ўжо дапамагала няньчыць Руслану.

Святлана Бароўская: — Старэйшы сын нарадзіўся, калі я была студэнткай. Гадаваць дзяцей мне вельмі дапамагалі бабулі. Сын Вова ўсё лета праводзіў у мамы мужа на Каўказе. Але гэта не значыць, што мы «падкінулі» дзяцей старэйшаму пакаленню. Перад вачыма быў прыклад маіх бацькоў, калі яны кожныя выхадныя прыязджалі з гасцінцамі ў вёску, дзе я праводзіла канікулы. Так і мы: пры першай жа магчымасці — да дзяцей. А розніца ва ўзросце — выдатна! Валодзя адводзіў Кліма ў садок, потым у школу. А я з тэлевізара нагадвала, што старэйшы брацік надзявае малодшаму рукавічкі, бярэ за ручку і вядзе ў школу.

— Кажуць, што для выхавання дзяўчынкі больш важны бацька, каб яна потым выбірала ў жыцці «правільных» мужчын, а для хлопчыка — маці, менавіта зносіны з ёй вучаць разумець жанчын.

К. Д. — Мне здаецца, важна, каб абое, маці і бацька, удзельнічалі ў выхаванні дзяцей. Так атрымалася, што Света была адзіная малая ва ўсёй радні, яна такое залюбленае дзіця. Я вельмі за яе дрыжала, аж да таго, што прачыналася ноччу, каб паглядзець, ці дыхае яна. З Русланай была больш спакойнай маці, бо ўжо з'явіўся вопыт.

С. Б. — Усім паводзінам у соцыуме мяне навучыла мама, яна мяне выхавала жанчынай у пытаннях дружбы, любові. А тата выхаваў... не выхоўваючы. Напрыклад, усе дзеці прасілі ў бацькоў грошы на марожанае і атрымлівалі 13 або 28 капеек. Мне тата заўсёды даваў рубель. Пры гэтым я ніколі не купляла тры порцыі марожанага адразу, хоць вельмі любіла гэты ласунак і магла сабе дазволіць. Татаў рубель — ён больш, чым магчымасць выбару, якое марожанае купіць. Ён мне дарыў свет. Ведаеце, калі дзеці жывуць у вёсцы, то адно ўспрымае як «сваю» толькі прастору, агароджаную плотам, іншае ж як «сваё» ўспрымае поле, лес, рэчку, усё, што бачыць вакол. Вось менавіта гэта адчуванне, што ўвесь свет належыць мне, дарыў татаў рубель.

У маёй сям'і, мне здаецца, мы зрабілі раўнацэнны ўнёсак у выхаванне сыноў. Ведаю дакладна, што дзеці вельмі любяць нас, асабліва за ранняе дзяцінства. Пры ўсёй загружанасці, мы знаходзілі час для дзяцей. Як мама я задаволеная тым, колькі Толя (Анатоль Кацянёў — акцёр тэатра і кіно, заслужаны артыст Беларусі. — Аўт.) аддаваў увагі сынам. Памятаю, калі Толя стаміўся гушкаць калыску, то прыдумаў прыладу на аснове гумкі, якая дазваляла падцягваць яе да сябе без дапамогі рук. Нагой адсоўваў — гумкай падцягваў і так люляў.

Або вось яшчэ момант: мы ніколі не прапускалі ранішнікі. Неяк прыйшлі да Вовы, ён чытае вершык, а мы з Толем плачам ад замілавання. Усе людзі як людзі, а мы ў слязах, з хусцінкамі ў руках. З Клімам была іншая гісторыя — ён выступаў, і так атрымлівалася, што яго ўвесь час закрывала дзяўчынка ў ружовай сукенцы. Я ёй шыплю: «Дзяўчынка, адыдзі, калі ласка», а Толя кажа: «Света, як табе не сорамна, у дзяўчынкі ж таксама мама ёсць». Мы былі такія трохі вар'яцкія бацькі.

— Але цяпер вы мяне папярэдзілі, што сыны прасілі пра іх не асабліва гаварыць і ўжо дакладна — ніякіх фатаграфій.

С. Б. — Яны з'явіліся на свет у сям'і папулярнага артыста, а потым і мама стала вядомай тэлевядучай. З дзяцінства да іх была прыкавана ўвага. Я памятаю, як у скверыку на вуліцы Леніна ў нас бралі інтэрв'ю.

Клім не хацеў нічога казаць на камеру, я бачыла, што яму гэта не падабаецца, таму ўсё згарнула. Хлопцы вельмі самастойныя. Нават у паліклініку самі хадзілі ў падлеткавым узросце: «Мама, ты прыйдзеш, усе пачнуць вохкаць-ахкаць, прапускаць па-за чаргой. Мы так не хочам». Школу для дзяцей я выбірала па прынцыпе, каб не трэба было пераходзіць дарогу. Валодзя вучыўся ў звычайнай школе ў Малінаўцы. А Клім ужо ў іншую школу пайшоў, дзе была цудоўная дырэктар Наталля Яўгенаўна. І яна адразу на ўсе мае «ахі» сказала: «Мамаша, ідзіце на работу, а тут я буду займацца». Магу дакладна сказаць, што не статус робіць навучальную ўстанову добрай ці дрэннай, усё залежыць ад людзей, якія там працуюць.

Як толькі сыны сказалі, што больш ніякіх інтэрв'ю і фотасесій, мы не настойвалі. Яны хочуць пражыць сваё жыццё, а не ў цені вядомых бацькоў. Нам жа, канешне, хочацца як мага даўжэй ахінаць дзяцей пуховай коўдрай свайго клопату. Але гэта іх выбар.

— Хлопцы нават не разглядалі як варыянт акцёрскую кар'еру?

С. Б. — Не. Старэйшы, Валодзя, скончыў БДУ па спецыяльнасці «філасофія». Ён і па складзе характару філосаф. Я ж эмацыянальная, часам штосьці кажу яму, а ён раптам так спакойна: «Мама, сфармулюй пытанне». І ўсё, ён так прыгожа паніжае градус маіх эмоцый. Малодшы, Клім, вучыцца ў лінгвістычным універсітэце. Між іншым, я марыла ў дзяцінстве паступіць у «ін'яз» і быць перакладчыкам. Ведала, што дзяўчынак не вельмі бяруць у перакладчыкі, але была ўпэўненая, што яшчэ і знакамітай стану. Як цікава атрымліваецца: я ажыццявіла матуліну мару стаць актрысай, а мой сын — маю мару вучыцца ў лінгвістычным універсітэце.

— Вы строгая мама?

К. Д. — Так, напэўна, нават вельмі. Для Светы я ўстанавіла свайго роду каменданцкую гадзіну — у 22.45 трэба было быць дома. Вось яна і бегла з танцаў... Але гэта ўсё не дзеля таго, каб паказаць сваю ўладу над дзіцем. І тым больш не ад недаверу. Гэта ўсё ад страху, каб нічога дрэннага не здарылася з дзіцем. Ведала, што дзяўчынкі разумныя, умеюць сябе паводзіць, але ж людзі вакол не толькі з добрымі намерамі.

З узростам, вядома, стала мудрэйшая і разумею, што не трэба на кожным кроку апекаваць дарослых дзяцей.

С. Б. — Наўрад ці строгая. Але я такая мама, якой шмат. Вучуся адпускаць дзяцей ад сябе.

— Вы сяброўкі?

К. Д. — Не. Я лічу, што маці і дочкі не могуць быць сяброўкамі. Мы вельмі блізкія людзі, якія давяраюць адна адной, могуць гаварыць на розныя тэмы. Раней Света казала: «Не патрэбныя мне, мама, вашы парады», цяпер больш прыслухоўваецца, гэтая фраза ў яе проста знікла. А я рада падзяліцца сваім вопытам. Я вельмі люблю сваіх дзяцей і ўнукаў. Мне па-ранейшаму хочацца дапамагаць ім. Калі ў Светы эфір, я абавязкова правяраю — ці ўсё ў парадку з сукенкай. Кожны год на месяц езджу ў Італію да Русланы. І там таксама дапамагаю, мне ў радасць прыгатаваць для іх вячэру. Прыяцелькі мне часам кажуць: «Навошта табе гэта, пажыві для сябе». Дык я і жыву для сябе! Гэта для мяне важна, каб у маіх дзяцей і ўнукаў усё было добра, каб Света прыйшла з работы, а дома прыгатавана вячэра.

С. Б. — Не, мы не сяброўкі. Я выхавана на безумоўным шанаванні старэйшых. Мама можа мне рабіць заўвагі, я ёй — не. Але мы вельмі блізкія, родныя людзі. Я жыву з упэўненасцю: што б ні здарылася, у мяне ёсць мама і тата, і яны заўсёды мяне падтрымаюць і зразумеюць. Нездарма кажуць: пакуль жывыя нашы бацькі, мы — дзеці.

— Святлана, мне вось як старэйшай сястры ў дзяцінстве здавалася, што бацькі больш любяць малодшую. А вам? І наогул, ці сябруеце вы з сястрой?

С. Б. — Вельмі важная агаворка, што так вам здавалася ў дзяцінстве. Пасталеўшы, я зразумела, што бацькі любілі нас аднолькава моцна, проста па-рознаму, бо і мы не вельмі падобныя. У дзяцінстве мы з Русланкай маглі пасварыцца і нават пабіцца тапкамі дома. А вось калі аднойчы ў школе асмеліліся пакрыўдзіць маю сястру, то я так хватанула яе сяброўку і ўсё ёй патлумачыла... Па-сапраўднаму сябраваць мы пачалі, калі Руслана прыехала вучыцца ў Мінск, яна і жыла ў нас. Вельмі дапамагала мне з маленькім Клімам. Сястра ўжо шмат гадоў жыве ў Італіі, адлегласць зрабіла нас яшчэ большымі сяброўкамі. Раз на год яна абавязкова прыязджае ў Беларусь, а я езджу да яе.

Хоць, напэўна, комплекс старэйшай сястры дзесьці ў глыбіні душы жыве. Гэтай зімой мы з мамай паехалі на дачу. У хаце холадна, растапілі камін. Я пайшла яшчэ па дровы. Заходжу ў дом, а мама грэе коўдру перад камінам, каб мне было цёпла ахінуцца. Уяўляеце, мне 49 гадоў, а мама для мяне грэе коўдру (слёзы на вачах. — Аўт.)! Я тады сказала: «Мамачка, як жа ты мяне любіш».

— Кацярына Дзмітрыеўна, вы сталі бабуляй у 39 гадоў. Напэўна, калі гулялі з унукамі, вас прымалі за іх маму?

К. Д. — Так і было. Калі нарадзіўся Вова, я аформіла на сябе дэкрэтны адпачынак. І добра падрыхтавалася: у мяне была знаёмая краўчыха ў Вільнюсе, яна пашыла мне шыкоўны касцюм. І вось іду я ў ім, горда вязу калыску і атрымліваю столькі кампліментаў менавіта як мама, але з такой радасцю кажу: «Я — бабуля».

Люблю ўнукаў. Іх у мяне трое, і ўсе хлопчыкі. Памятаю, адпачывала з Вовам і Клімам у Балгарыі. А там столькі забаў, і яны ўсё хочуць паспрабаваць. Асабліва ім тарзанка над морам спадабалася. Гляджу і думаю: як жа адпусціць дзяцей? Падышла да інструктара і кажу: маўляў, трэба самой зрабіць кантрольны палёт. Дух захоплівала ад шчасця, калі на даволі вялікай хуткасці неслася над вадой. А потым са спакойным сэрцам адпусціла хлопчыкаў. І ведаеце, яны лёталі, і мая душа разам з імі. Гэта такое велізарнае і незабыўнае шчасце!

— Святлана, як вы лічыце, ці можна дапамагаць дарослым дзецям фінансамі?

С. Б. — Можна, калі ў бацькоў ёсць магчымасць і дзеці самі працуюць. І гэта адзін з плюсаў ранняга мацярынства. Дзеці выраслі, а ў цябе пік кар'еры, добрыя заробкі. Чаму б не дапамагчы і дзецям, і пажылым бацькам?

— Чаму вы навучыліся ў сваёй мамы?

С. Б. — Мне хацелася быць такой жа клапатлівай, як мая мама. Ведаеце, яна дыхала ў шкарпэткі, каб сагрэць іх для нас. Дакладна так рабіла і я, але вельмі хутка сыны сказалі: «Мама, хопіць ужо...»

— Давайце ўявім, што заўтра адзін з сыноў скажа, што вы хутка станеце бабуляй...

С. Б. — Буду вельмі рада. Навучылася не проста спакойна ўспрымаць свой узрост, а з удзячнасцю: я жыву, і мне ўсяго дастаткова. Але праблема прыняцця ўзросту была. Вельмі востра перажывала 40 гадоў. Вы заўважылі, як кажуць: ёй, 35, ёй 37, але ёй «ужо 40». Гэта такая мяжа, калі з маладой жанчыны пераходзіш у катэгорыю дарослых. Напэўна, я год з сабой млява дамаўлялася: «Дзетка, цішэй ужо, дурэй марудней». Больш за ўсё я баюся выглядаць недарэчнай у сваім узросце. Мне хацелася б у добрым здароўі дажыць да глыбокай старасці, мне вельмі цікава, як складзецца жыццё дзяцей, унукаў, сяброў, калег.

— Калі дамаўляліся пра інтэрв'ю, вы сказалі: маўляў, майце на ўвазе, ідэальнай карцінкі бацькоўска-дзіцячых адносін не будзе. Ці значыць гэта, што ў вас бываюць непаразуменні?

С. Б. — Вядома. Магу і пакрыўдзіцца на сыноў. Але вось да чаго я прыйшла: у праблемах з дзецьмі вінаватыя бацькі. Таму калі мы крыху паспрачаемся, я першая іду мірыцца. З мамай я таксама першая міруся.

— Якія рысы характару бацькоў вы хацелі б атрымаць і перадаць у спадчыну?

С. Б. — Усё, чым захапляюся ў іх! Майму тату ампутавалі нагу, але зрабілі пратэз, ён водзіць машыну, жыве так, як быццам нічога не здарылася. Да яго прыходзяць выдатныя сацработнікі, дапамагае мая аднакласніца, і я прыязджаю кожны тыдзень. Мама ў нас таксама вельмі клапатлівая, і я яе вельмі люблю.

Р. S. Калі я спытала ў Святланы нумар тэлефона Кацярыны Дзмітрыеўны, яна яго адразу прадыктавала, а не пачала шукаць нумар у запісной кніжцы тэлефона як робіць 90 % з нас. «Я і хатнія тэлефоны бацькоў ды дзяцей ведаю на памяць», — патлумачыла яна.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА і з асабістага архіва Кацярыны і Святланы Бароўскіх

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.