Вы тут

Ліліяна Анцух: «Важныя не толькі выявы, але і змест»


Святы і абрады, сакральныя мясціны і рытуалы, музыка, танцы, народны тэатр, рамёствы і промыслы, беларуская кухня — усё гэта знайшло адлюстраванне на старонках кнігі «Жывая культура Беларусі», якая неўзабаве будзе прэзентавана ў Слоніме. Пра ўнікальнае, багата ілюстраванае чатырохмоўнае выданне, пра цікавых і адметных суайчыннікаў, а таксама пра нюансы свайго няпростага і адказнага паклікання распавяла дырэктар і галоўны рэдактар выдавецтва «Чатыры чвэрці» Ліліяна Анцух.


— Ліліяна Фёдараўна, як сталася, што выдавецтва «Чатыры чвэрці» — адно з тых, што найбольш плённа папулярызуе сярод чытачоў нацыянальную культуру і літаратуру?

— Больш за чвэрць стагоддзя таму наша выдавецтва аднойчы і назаўсёды абрала шлях адраджэння духоўнасці. Сярод асноўных «аргументаў» было тое, што культура — гэта своеасаблівая тэрыторыя бяспекі. Тут ніколі не бывае войнаў, крыві, не гінуць людзі. Наадварот: тут ствараюцца ўсе умовы для таго, каб развіваліся іншыя адносіны — эканамічныя, палітычныя... На фундаменце культуры павінна будавацца ўсё, што на карысць чалавецтву, як нам падаецца, менавіта гэты шлях творчы, шлях у будучыню...

За серыю кніг «Нашы духоўныя каштоўнасці», якую стваралі пры духоўнай падтрымцы Мітрапаліта Філарэта, выдавецтва было адзначана прэміяй «За духоўнае адраджэнне». І гэта наш асобы гонар. Сёння ў нас шмат створана іншых серый кніг — «Асоба і час», «Дзеці вайны», «Жаночыя лёсы», «Несур’ёзна пра сур’ёзнае». Дапамагаем Саюзу пісьменнікаў Беларусі ў папаўненні серыі «Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі». А нядаўна запачаткавалі «Бібліятэку лаўрэатаў нацыянальнай прэміі».

Мы заўсёды аператыўна адгукаемся на знакавыя падзеі ў культурным жыцці Беларусі.

Можна згадаць некаторыя старонкі з летапісу выдавецтва, дзе занатаваны падзеі, якімі мы ганарымся. Напрыклад, адна з іх: выпусцілі кнігу «Мастакі Парыжскай школы з Беларусі» У. Шчаснага, а дзякуючы ёй, як ні дзіўна, у краіне з’явілася шмат шэдэўраў нашых землякоў — сусветна вядомых мастакоў.

— Як пачынаўся праект «Культурная спадчына Беларусі»?

— Аднойчы ў выдавецтва завіталі нашы ўжо шматгадовыя партнёры з Банка развіцця Рэспублікі Беларусь. Яны актыўна падтрымліваюць сацыяльныя праекты. У партнёраў нарадзілася ідэя выдаваць серыю кніг-альбомаў «Культурная спадчына Беларусі». І перад намі паўстала адказная задача — ствараць такія арыгінальныя выдавецкія праекты, над якімі трэба было працаваць ад вялікай літары да апошняй кропкі. Першую тэму серыі абіралі не мы: перад гэтым у Банку развіцця дэманстраваўся «Габелен стагоддзя» Аляксандра Кішчанкі. І ў першай кнізе серыі пра гэтую творчую асобу, ды і ў наступных — пра Тураўскую зямлю, Полаччыну, беларускія скарбы ЮНЕСКА — мы імкнуліся рабіць усё, каб чытач, перагортваючы старонкі, бачыў не толькі выявы, але і змест. Нашай задачай было адаптаваць навуковыя сведчанні, папулярызаваць іх, каб разумелі і простыя людзі, і замежныя госці. Тэксты ствараліся на трох ці чатырох мовах паралельна. І, канешне, выявы, прычым заўжды арыгінальныя. Працавалі нашы фатографы, удзельнічалі краязнаўчыя, гістарычныя музеі, а таксама даследчыкі, якія маюць асабістыя архівы…

— Ці былі нейкія асаблівасці, неспадзяванкі пры падрыхтоўцы сёлетняга выдання «Жывая культура Беларусі»?

— Так, асаблівасці былі. І яны паслужылі на карысць агульнай справы, значна ўзбагаціўшы досвед. Па-першае, перад намі стаяла задача крыху зменшыць аб’ём кнігі. Па-другое, гэта быў праект-дэдлайн. А абрады, як вядома, праводзяцца ў розныя поры года. Мы рушылі іншым шляхам. На апошняй старонцы можна пабачыць словы шчырай удзячнасці цэнтрам народнай культуры краіны. А мы паглыбіліся, здаецца, ва ўсю Беларусь. Працавалі з дударамі, майстрамі, кухарамі, са складальнікамі песень, з танцорамі… Гэта было і цяжка, і цікава — колькі новых адметных асоб для сябе адкрылі! Сярод іх — сціплыя працаўнікі, гараджане, вяскоўцы, якія ў наш прагматычны час папулярызуюць нацыянальныя традыцыі. У папярэдніх кнігах першай мовай была руская (гэта рабілася дзеля пашырэння чытацкага кола), але ў новым выпуску «Жывая культура Беларусі» ўжо рука не паднялася, каб ставіць рускія тэксты першымі. Трэба дадаць, што мы стварылі яшчэ і «спадарожнік» альбома — англамоўны варыянт, меншы і па фармаце, і па аб’ёме, і па накладзе, разлічаны на іншаземцаў. Спадзяёмся, не сорамна будзе, калі ён трапіць у іх рукі і наша праца знойдзе водгук у душах удзячных і зацікаўленых чытачоў.

— Хто з навукоўцаў дапамагаў вам ствараць кнігу?

— Мы заўсёды прыцягваем вядомых спецыялістаў. На гэты раз запрасілі Алу Сташкевіч — члена Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА і дырэктара фонду «Культурная спадчына і сучаснасць». Навуковым дарадцам і рэдактарам выступіла Таццяна Валодзіна — доктар філалогіі, фалькларыст, загадчык аддзела фалькларыстыкі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, аўтар шматлікіх навуковых кніг. У выніку атрымаліся кароткія папулярныя тэксты. Мы ахапілі не ўсю Беларусь, а толькі тыя рэгіёны, дзе найбольш захоўваліся і перадаваліся ў пакаленнях народныя звычаі і рамёствы. Носьбіты і пераемнікі — усё будавалася на гэтай паралелі.

— Кніга «Жывая культура Беларусі» шыкоўна аздоблена. Хто яны — мастакі і фотамайстры, якія яе праілюстравалі?

— Безумоўна, гэта ў першую чаргу вядомы беларускі дызайнер Юрый Тарэеў, шматгадовы сябар выдавецтва «Чатыры чвэрці». Разам з нашым супрацоўнікам Ігарам Бандаровічам ён працаваў над стварэннем арыгінал-макета. Выява, якую мы бачым на вокладцы кнігі, — кругаварот, віхурнае кола. Сярод іншых сімвалаў — крыж. У нашым разуменні тут зашыфраваны замкнёны цыкл, непарыўная сувязь з продкамі: «жыццё — смерць — адраджэнне». У падборы фотаработ нам таксама шмат у чым дапамагалі цэнтры культуры. Вельмі ўдзячны фатографу Альфрэду Мікусу. Штосьці бралі з уласных архіваў, штосьці з сайта «Жывая спадчына Беларусі», над якім працуе Алена Каліноўская з БДУКіМа. Для стварэння атмасферы ў кнізе некаторыя сучасныя фотаздымкі мы перавялі ў сепію, і гэта прыўнесла адметны каларыт.

— Як вы плануеце развіваць серыю «Культурная спадчына Беларусі» ў будучыні?

— Серыя адназначна будзе развівацца, яна — своеасаблівая вяха, ад якой яшчэ больш умацавалася наша скіраванасць на далейшае прадстаўленне чытачу неверагодна цікавай нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчыны. Хочацца ахапіць як мага болей, таму нельга спыняцца на дасягнутым. Сакрэты раскрываць не буду.

— Ваш калектыў робіць працу, якая патрабуе эрудыцыі, прафесіяналізму. Хто яны, супрацоўнікі выдавецтва?

— Нас няшмат, але колькасць, вядома, — не паказчык. Даводзіцца ўвесь час быць у трэндзе, у пошуку новых ідэй. Супрацоўнікі маладыя, крэатыўныя, адукаваныя. Канешне, калі спецыяліст новаспечаны, ёсць пэўныя складанасці. Бываюць такія аўтарскія рукапісы, ад якіх самому калі-нікалі хочацца схавацца ў бульбу (Смяецца). Добра, што нашы рэдактары не саромеюцца і запытацца, і ў слоўнік паглядзець, і пераправерыць сябе... Мы разумеем адзін аднаго.

— Але ж ёсць і пазаштатныя аўтары, спецыялісты?

— Так, безумоўна. Асабліва, калі справа датычыцца працы з гістарычнымі тэмамі ці замежнымі мовамі. Па шмат якіх пытаннях звяртаемся да навукоўцаў. Чаго каштуе адно толькі шматгадовае супрацоўніцтва з Адамам Мальдзісам! Ёсць у нас у выдавецтве і свая любімая паэтэса — Надзея Салодкая з Полацка, у якой шмат праблем са здароўем і якую мы час ад часу маральна падтрымліваем. Нам пашчасціла працаваць з людзьмі знакамітымі. Класічны выпадак: доктар філасофіі, прафесар Арыядна Ладыгіна падрыхтавала рукапіс пра Ларысу Александроўскую. На восьмым дзясятку Арыядна Барысаўна прыехала ў выдавецтва за рулём сваёй старэнькай «Лады». Цуд! І вы б яе паслухалі! Пазітыўная, напоўненая жыццялюбствам...

— Што для вас Год малой радзімы?

— Малая радзіма — ёмкае паняцце, гэта не толькі месца нараджэння, але і ўся краіна, людзі, якія цябе атачаюць. Для самога выдавецтва малая радзіма — горад Мінск, дзе мы ў 1993 годзе «нарадзіліся». Шмат кніг яму прысвяцілі, нават заснавалі серыю «Мінская гарадская бібліятэка». Калі сталіцы спаўнялася 950 гадоў, стварылі сапраўдны фаліянт «Шлях скрозь стагоддзі», у якім адлюстравана гісторыя горада — з першай згадкі да сённяшняга дня, прайшоўшы па Радзівілаўскіх картах, па тагачасных і сённяшніх вуліцах. У праекце ўдзельнічалі дызайнер Канстанцін Вашчанка, гісторыкі — Эдуард Загарульскі, Сяргей Тарасаў, выкарыстоўвалі карціны Рыгора Сітніцы, Мая Данцыга.

Але ж усе цяпер гавораць пра ініцыятыву, якая распрацоўваецца на дзяржаўным узроўні. Дык вось яшчэ адзін прыклад: у 2015 годзе вёска Леванова, што на Барысаўшчыне, адзначала сваё 130-годдзе. Кіраўніцтва раённай бібліятэкі папрасіла нас дапамагчы. Мясцовыя энтузіясты сабралі ўспаміны, дзе распавялі пра гісторыю вёскі, пра яе знакамітых ураджэнцаў. Мы ахвотна адгукнуліся, узяліся за праект і як вынік — сціплая, але змястоўная кніжачка пра гэтую вёску. І так атрымалася, што яшчэ ў 2015 годзе была заснавана серыя «Малая радзіма». Дарэчы, маё месца нараджэння — Барысаўскі раён. Не давялося там жыць, але не так даўно ўсё ж спрацаваў спадчынны код, захацелася павандраваць мясцовымі сцяжынамі і нешта карыснае зрабіць для малой радзімы. А што можа выдавец? Так з’явіліся наступныя кнігі: «Лошніца» і «Забашавічы».

— Як вы бераце ўдзел у сёлетнім Дні беларускага пісьменства ў Слоніме?

— Мы не прапускалі ніводнага Дня пісьменства, заўсёды імкнёмся, каб нас там пачулі, пабачылі і запомнілі. У гэтым годзе будзем прэзентаваць новыя кнігі з удзелам аўтараў. Акцэнт, вядома, зробім на «Жывой культуры Беларусі» і на сумесных з Саюзам пісьменнікаў мерапрыемствах.

— Што для вас нацыянальная ідэнтычнасць?

— На маю думку, яна ніяк не звязаная з фактам з’яўлення чалавека на свет. Гэтая рыса не закладаецца пры нараджэнні, яна фарміруецца паступова з многіх складнікаў. Вялікае значэнне мае асабістае адчуванне прыналежнасці да нацыі, грамадства, сацыякультурнай прасторы, стаўленне да нацыянальных каштоўнасцяў. Духоўныя арыенціры, страчаныя за гады савецкай улады, адраджаюцца. І тут вельмі важнае моўнае пытанне. Большасць беларусаў дома, у сям’і, з калегамі размаўляюць па-руску, тым не менш беларускую мову яны лічаць роднай. Усе мы ўсведамляем сябе грамадзянамі Беларусі, з адметным менталітэтам і вядомымі ўсяму свету характэрнымі якасцямі — талерантнасцю, працавітасцю, гасціннасцю.

Янка ЛАЙКОЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».