Вы тут

Мамін дзённік. Малы кветкавод і бабулін памочнік


У гэтыя апошнія жнівеньскія дні ў мяне заўжды самотны настрой. Лета заканчваецца, а для мяне і чарговы год (невядома чаму калісьці вырашыла пачынаць яго з першага верасня). Разам са мной, здаецца, сумуе і Цёмік: паціху раз'язджаюцца яго сябры, якія праводзілі вакацыі ў сваіх вясковых бабуль-дзядуляў.


Гэтым летам Арцёмка пазнаёміўся са сваімі чацвераюраднымі братамі і сястрой. Яны хоць і старэйшыя за яго, але гуляць з малым не адмаўляліся. Хутчэй наадварот. Навыперадкі цягнулі каляску, у якой важна, але нядоўга сядзеў Цёмік. Цярпліва назіралі, як той бурыць пясчаныя замкі, якія яны так старанна ўзводзілі. Вартавалі нас пад дзвярыма, пыталіся ў бабулі, калі мы нарэшце выйдзем на двор. З якім гонарам Лера расказвала сваім сябрам пра Цёмку! «Гэта мой брацік Арцемій, яму годзік», — казала так і нашаму дзеду, які штораніцу вядзе ўнука на шпацыр.

У іх, дарэчы, свой маршрут. Дзядуля паказвае малому сабачак, курачак, пеўняў. А той не баіцца, сваім «га-га» спрабуе перакрычаць жывёлін. Некалькі разоў прыносілі па паўвядзерка парэчак (і гэта ў сярэдзіне жніўня!), яблыкаў, якія малы з вялікай ахвотай дапамагае збіраць дзеду. Дзякуючы яму, дарэчы, мой сынок, якому яшчэ толькі пачаў ісці другі гадок, абсалютна па-даросламу вітаецца з мужчынамі за руку альбо дае «пяць», калі яго пра гэта папросяць.

Летам на вуліцы мы хіба што толькі не спалі. Нават дажджлівае надвор'е было багата на дзіцячыя забавы — давялося набыць гумовыя боцікі, у якіх малы з такім задавальненнем плюскаецца ў лужынах. Неаднойчы ў іх пасядзеў — не без гэтага. Я ўжо не кажу пра пясок, які ў яго часам паўсюль: у сандалях, шкарпэтках і нават вушах. Вада, дарэчы, асобная тэма. Не ведаю, ці так яна вабіць усіх дзяцей, але нашага ад яе за вушы не адцягнеш. Прыкмеціць усе вадасцёкі, памые ў вядры машынкі, залезе ва ўсе бочкі і, калі б не мама, якая след у след ходзіць за сваім куранём, папіў бы з кацінай пасудзіны.

Цёмік вельмі любіць нюхаць кветкі. Абыдзе ўсе клумбы ў двары, каля школы, на гародчыку. Затое вазоны ў хаце не чапае. Хіба толькі носікам. Праўда, так ужо нанюхаўся кветак, што вочкі два тыдні капалі — алергія. А вось ягады аказаліся не такія агрэсіўныя. Арцёмка гатоў іх есці жменямі. Прычым у прыярытэце кіслыя парэчкі і вішні. І няважна, што яны нямытыя і з костачкай. Чым будзе снедаць зімой, калі раптам адмовіцца ад кашы?!

А як жа, калі пахаладае, мы будзем жыць без агарода? Як не патаптацца па толькі аполатых клубніцах, каб сарваць ягаду ды пакласці ў роцік? А не прапусціць яшчэ зялёны памідор ці перчыну? Не паплюскацца ў бочцы з вадой, якую назапасілі для паліву? Не пастукаць па вялікім жаўтапузым гарбузіку, што, як той пан, разваліўся на градзе? Не паскубці бурачкі, якія толькі што вылезлі з зямлі? І вядома, як жа не панюхаць кветак, што так і вабяць малога эстэта, які пакуль не разумее, што ад гэтага потым будуць свярбець вочкі?

З надыходам позняй восені з балкона пераедуць у кватэру ці пахаваюцца ў слоіках памідоркі, перцы, цыбулька і яблычкі з грушкамі, якія захоўваюцца пад бокам у руплівай гаспадыні. Штодзень аглядае ўраджай і яе цікаўны ўнук. Штосьці каштуе, нешта заносіць у кватэру, а што, на яго думку, не так ляжыць, адразу трапляе ў сметніцу.

А што сумаваць? Знойдзем што рабіць і восенню. Капанне бульбы наперадзе. Малому памочніку, думаю, спадабаецца. Ды і зіма багатая на забавы. Санкі ўжо з таго года на балконе пыляцца. Быў бы толькі снег! Ды жаданне вылазіць у марознае надвор'е з кватэры. Калі што, Цёмік ведае, дзе ляжаць ключы ад дзвярэй.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.