Класіка заўжды ў модзе, і класічныя дэтэктывы карыстаюцца попытам у сучасных чытачоў.
Ганна Чыж-Літаш — пісьменніца дэтэктыўнага жанру. Працуюцы не першы год у ваеннай журналістыцы, яна ведае, пра што піша. Кніга «Забойства ў цягніку Мінск — Брэст» — пятая ў серыі дэтэктываў, аб’яднаных асобай аднаго галоўнага героя.
Назва яе твора, відавочна, адсылае да знакамітага «Забойства ва Усходнім экспрэсе» Агаты Крысці, а вусаты дабрадушны поўны дэтэктыў — да яе ўлюбёнага героя Эркюля Пуаро.
Аляксандр Пятровіч — палкоўнік на пенсіі. У адпачынак яго адправілі прымусова, але і там ён бясконца знаходзіць праблемы на ўласную галаву. Так, ён спазніўся на цягнік, выпіўшы крыху больш, чым звычайна. І, што б вы думалі? У вагоне, дзе ён не павінен быў ехаць, памёр чалавек. Класіка жанру.
Пра мінулае палкоўніка мы даведваемся не толькі па ўрыўках фраз і дробных дэталях. Аўтарка ўводзіць дадатковую лінію сюжэта — сям’ю Сабак. Сэнс прозвішча абыгрываецца нялёгкім лёсам гэтых людзей: сын памёр на Данбасе, і маці верыць, што яго душа жыве ў целе сабачкі. Выкшталцона ці па-вар’яцку? Вырашайце самі.
Палкоўнік не толькі прымае блізка да сэрца гэтую гісторыю, але і згаджаецца дапамагчы знайсці цела забітага. На тое павінны быць свае прычыны, магчыма, цяжкі лёс персанажа. Але, на жаль, чытач так і не даведваецца пра гэта, можа толькі здагадацца па недаказаных фразах аўтара.
І гэта не адзіная рэч, якая застаецца па-за кнігай. Напрыклад, палкоўнік вырашае сваю задачу і знаходзіць злачынцу. Але ж ні першы, ні другі не ставяць кропку ў плане рабаўніцтва. Чаму так? Мажлівая прычына толькі адна — Ганна Чыж-Літаш сама не дадумала сюжэт да канца.
Характар Аляксандра Пятровіча таксама раскрываецца не цалкам. Ён сутыкаецца са шматлікімі сітуацыямі і канфліктамі, дзе заўжды паводзіць сябе згодна з ўласнымі прынцыпамі. Але калі ў галаву закрадваюцца сумненні, пакараць злачынцу ці памілаваць, рашэнне дэтэктыў так і не прымае. Замест яго ўсё вырашыла сітуацыя. І гэта дае падставу думаць, што аўтарка не захацела аргументаваць учынак героя, а значыць, далей развіваць яго вобраз.
У класічнага дэтэктыва Ганна Чыж-Літаш пазычыла і тэатральную развязку. Тут сабраны разам і ўсе героі, і самыя моцныя іх эмоцыі, і фактычна ўсе падзеі. Але раптоўна ўзнікаюць і новыя героі, і адгалінаванні сюжэта, і новыя абставіны, і, канечне, новыя канфлікты. Такі насычаны канец не можа не ўразіць!
«Забойства ў цягніку Мінск — Брэст» — кніга для тых, хто любіць эмацыянальнае напружанне і заблытаны сюжэт. Пабавіць пару гадзін у дарозе — самае тое. Вы нават не заўважыце, як прыедзеце ў пункт прызначэння разам з героямі твора. Мажліва, ёсць у гэтым нейкі своеасаблівы шык: чытаць пра забойства ў цягніку пад мерны перастук колаў на рэйках... Галоўнае — не паўтарыць сюжэт...
Паліна ЗАБЕЛА
Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».
Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.
Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.
Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.