Вы тут

​Кіно пра тое, што можа здарыцца, калі жанчыны вымруць


Да беларускіх кінатэатраў дайшоў яшчэ адзін фільм з праграмы Берлінскага кінафестывалю, а ў ім — постапакаліпсіс, дзве маўклівыя фігуры ў змрочных амерыканскіх лясах і казкі на ноч. Акцёр Кейсі Афлек (брат Бена Афлека), між іншым уладальнік статуэткі «Оскар» за найлепшую мужчынскую ролю ў карціне «Манчэстэр ля мора», прадстаўляе свой аўтарскі ігравы дэбют «Святло майго жыцця». Адна рэжысёрская работа ў малодшага Афлека ўжо ёсць — іранічнае мак'юментары пра тое, як галівудскі акцёр Хаакін Фенікс кідае кіно дзеля кар'еры ў хіп-хопе, а вядучая навін расказвае пра сенсацыйнае рашэнне акцёра з пытаннем: «І самае галоўнае: якая розніца?». «Святло майго жыцця», што цяпер ідзе ў пракаце, — зусім іншае кіно. Размеранае, вытанчанае і поўнае прасторы для галоўных пытанняў.


У такое становішча мастацтва ставіць нас рэдка: герметычнае роўд-муві, дзе галоўныя героі, каб захаваць сваю небяспечную тайну, вымушаны быць адзінокімі і адарванымі ад жыцця, засяроджваецца на людзях у стане пастаяннага непакою і ўвесь час выклікае трывожнае пытанне: а што далей?

Не таму, што напружанне не адпускае ад экрана, а развіццё падзей вабіць развязкай, — фільм, наадварот, запавольваецца, шарэе і расцягваецца доўгімі эпізодамі, што нічога не абяцаюць. І, дарэчы, не мае зразумелай, дакладнай, «дэкларатыўнай» канцоўкі. Але няўстойлівасць і бесперспектыўнасць адлюстраванага свету самі сабой правакуюць разгубленае: «Што ў будучыні і дзеля чаго ўсе гэтыя высілкі?»

Невядомы вірус скасіў жанчын, а тыя нямногія, што засталіся, жывуць у бункерах і, напэўна, нараджаюць дзяцей. Постапакаліптычны свет (жанчыны вымерлі — вось вам і постапакаліпсіс) стаў шэры, дажджлівы і беспрытульны, і ў такіх дэкарацыях мужчына па імені Калеб ужо дзесяць гадоў вандруе разам са сваёй замаскіраванай пад хлопца дачкой Рэг. Яны трымаюцца далей ад гарадоў, бягуць ад людзей, жывуць у палатках, гатуюць на вогнішчы і на кожным прыстанку прагаворваюць запасны план адыходу — бацька з усіх сіл намагаецца абараніць «святло свайго жыцця» ад небяспекі.

Чым старэйшая становіцца дачка, тым большая небяспека вісіць над героямі: неяк у лесе яны сустракаюць незнаёмца, што бачыць Рэг, якой ужо дванаццаць гадоў, і з гэтага моманту ўвесь час становяцца жаданай мэтай дрэнных людзей.

Можна толькі ўявіць уклад гэтага новага мужчынскага свету, у параўнанні з папярэднім мужчынскім светам куды больш дзікага, бесчалавечнага і дамінантнага ў дачыненні да жанчын. Значыць, тыя жывуць у бункерах, а намёк на дзявочасць у Рэг выклікае ледзь не паляванне за яшчэ адной прадстаўніцай жаночага полу. Але гэта ўсё — фонам, у «Святле майго жыцця» куды больш важны густы свет бацькі і дачкі з яго гісторыямі на ноч, успамінамі пра маці і чалавечнасцю ў нечалавечым асяроддзі. Як выхоўваць дачку, як апавядаць ёй пра дарослыя рэчы, як выжываць і галоўнае — як не панікнуць з-за адсутнасці адказаў на галоўныя пытанні кшталту «што наперадзе?» і «ці мае ўсё гэта сэнс?»

У якасці паралелі нельга не ўспомніць постапакаліптычны раман «Дарога» Кормака Макарці (за яго аўтар атрымаў Пулітцараўскую прэмію), з якім фільм мае шмат агульнага. Дзеянне кнігі таксама развіваецца пасля катастрофы — тут яна больш прыроднага глабальнага характару: бацька з сынам сярод попелу і ў холадзе бясконца ідуць у пошуках спакойнага прыстанку і лепшага свету. У «Дарозе» дэфіцытам сталі не жанчыны, а ў цэлым людзі — іх адшукваюць і з-за адсутнасці іншай ежы з'ядаюць узброеныя групы. Галоўныя героі — таксама бацька з дзіцем, асноўная задача бацькі тая ж — абараніць сына, і ныючыя пытанні аналагічныя — куды ісці і ці будзе ў маленькага лепшае жыццё?

Закінутыя дамы, бязлюдныя прасторы, небяспека на кожным кроку суправаджаюць Калеба з Рэг. У фільме ёсць і свой лейтматыў, і свой саспенс, і свая «гарачая» кульмінацыя, але тон яму задае першая сцэна — доўгі, на некалькі хвілін, расказ перад сном крыху трансфармаванай гісторыі пра Ноеў каўчэг. Час у гэтым постапакаліптычным свеце вызваліўся ад лішніх рэчаў, слоў і дзеянняў — іх месца занялі трывожныя пытанні аб будучыні, для кожнага сваёй.

Сафія ПАЛЯНСКАЯ

Загаловак у газеце: «Прыгоды любові» ў постапакаліпсісе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».