Вы тут

Які колер пасуе Мінску?


Музей пад адкрытым небам беларускія і бразільскія мастакі стварылі ў межах гарадскога фестывалю Vulica Brasil


Горад як часовая арт-пляцоўка альбо спроба арганізаваць свой пастаянны музей пад адкрытым небам? У жніўні ў Мінск пасля двухгадовага перапынку вярнуўся арт-фестываль Vulica Brasil, які прайшоў у краіне пяты раз. Беларускія і замежныя мастакі сабраліся ў сталіцы, каб стварыць яшчэ больш муралаў, скульптур і графіці. Галоўная ідэя урбан-фэсту — надаць Мінску новы выгляд з дапамогай сучасных аб’ектаў мастацтва.

Vulica Brasil — фестываль вулічнага мастацтва, у межах якога бразільскія і беларускія мастакі распісваюць сцены ў розных лакацыях Мінска, пераважна ў цэнтры, ствараючы муралы вышынёй у некалькі паверхаў. Пачатак фестывалю быў пакладзены ў 2014 годзе энтузіязмам і настойлівасцю арганізатараў, якія пераканалі Мінгарвыканкам упершыню афіцыйна сказаць «так» маштабнаму графіці на вуліцах горада. На першы фестываль атрымалася запрасіць двух бразільскіх мастакоў і знайсці ім беларускіх калег, каб стварыць муралы, зрабіць выстаўку і прачытаць лекцыі па сучасным вулічным мастацтве. А ў 2017 годзе фестываль ужо ператварыўся ў вялікі крэатыўны хаб, які аб’яднаў мастакоў, архітэктараў, урбаністаў, прадпрымальнікаў, міністэрствы, пасольствы і... вялікую каманду валанцёраў!

За чатыры гады ў межах Vulica Brasil было створана 38 арт-аб’ектаў: на заводах, офісных будынках, жылых дамах, трамваях і вагонах метро, мастах, а таксама некалькі скульптур і архітэктурных канструкцый. Дзякуючы фестывалю Кастрычніцкая вуліца стала не толькі вядомым месцам у Мінску, але і турыстычнай славутасцю.

Ідэя і канцэпцыя

Сёлета кожны этап фестывалю быў пераасэнсаваны праз ідэі экалогіі і ўстойлівага развіцця. Дарэчы, банеры мінулых фестываляў не выкінулі на сметнік, замест гэтага Vulica Brasil выпусціла з іх сумкі, кашалькі і іншыя экааксесуары. Новае жыццё хутка здабудуць і скарыстаныя балоны з-пад фарбаў. Задача фестывалю на 2019 год — пакінуць пасля мерапрыемства як мага менш экалагічных слядоў.

— Мы доўга думалі, як найбольш цікава падысці да арганізацыі першага юбілею фэсту. Але з трыма асноўнымі тэмамі, якія падтрымалі ў межах Vulica Brasil, вызначыліся хутка і аднагалосна, — распавяла арганізатар і прадзюсар фестывалю Міла Котка. — Першая — публічны арт. Гэта любое мастацтва, якое знаходзіцца ў горадзе. Другі напрамак — урбаністыка і архітэктура. Калі размяшчаеш арт-аб’ект у гарадской прасторы, ён так ці інакш змяняе знешні выгляд лакацыі, уносіць карэктывы. Напрыклад, раней Кастрычніцкая была ўсяго толькі адной з вуліц Мінска, цяпер у яе ёсць сваё аблічча. Многія едуць сюды з розных месцаў, каб арганізаваць на фоне тых жа муралаў фотасесію. Мы паразважалі больш маштабна і падумалі, што гэтым людзям трэба дзесьці прысесці. Трансфармацыя гарадской прасторы ўжо і ёсць сфера ўрбаністыкі. Трэцяя тэма — экалогія і ўстойлівае развіццё. Яна не датычыцца канкрэтна мастацтва, але ў глабальным сэнсе вельмі важная для ўсіх нас. У праграме Vulica Brasil мы канцэнтруем увагу на тым, каб фэст быў максімальна экалагічны. Гэта нават актуальна і пры выбары партнёраў, якія павінны глядзець з намі ў адным кірунку.

Удзельнікі і муралы

У асноўным графіці размясціліся на вуліцы Кастрычніцкай. Здавалася б, куды ўжо больш. Але не, месца для новых работ хапіла. Вулічная пляцоўка быццам ператварылася ў асобны маленькі горад, дзе спалучаюцца мастацкі, адукацыйны і тусовачны кірункі.

Першыя абрысы мурала з’явіліся на вуліцы Кастрычніцкай, 16/3 — з адваротнага боку тусовачнай вуліцы ў дворыку каля рэчкі. Тут працаваў мастак Хайпер. Творца прыехаў з Бразіліі, каб адлюстраваць на сцяне старога завода мурал Kaapora — персанажа, які быццам жыве ў лесе. У сваіх шматлікіх работах мастак спасылаецца на веды старажытных народаў, антычную цывілізацыю і іх культуру. Таксама ён даследуе спірытычны кірунак духоўнага свету.

— Kaapora — чалавек, які жыве ў джунглях. Мая галоўная ідэя — прыўнесці ў Мінск свет Амазоніі. Джунглі — спецыфічнае жыццё, і мне хочацца паказаць мінчукам, як важна вяртацца да сваіх каранёў і зямлі, — распавёў Хайпер. — Цяпер шмат тэхналогій, але шлях наперад прадбачыць складана. Таму выкарыстоўваю шлях шаманізму. Звычайна гэта я называю спробай аб’яднацца са сваімі каранямі, вярнуцца да зямлі і пайсці ў правільным напрамку. Беларусы — народ дапытлівы, таму, думаю, ім цікава паразважаць над гэтай тэмай.

Падчас фестывалю ў Мінск з Рыа-дэ-Жанейра прыехаў таксама бразільскі мастак Бруна Біг, які знакаміты прагай да міждысцыплінарнасці і даследаванняў у сферы мастацтва. Яго муралы па тэхніцы нагадваюць гравюры, якім мастак прысвяціў большую частку жыцця. Бруна Біг актыўна ездзіць па свеце, пакідаючы пасля сябе незвычайныя малюнкі, а таксама цесна супрацоўнічае з брэндамі Nike, Coca-Cola, Starbucks. Адзін з яго самых знакавых праектаў — стварэнне серыі замалёвак культуры Бразіліі на форме нацыянальнай зборнай па футболе.

Калі Хайпер маляваў мурал на адным баку будынка, то Бруна Біг распісаў той жа аб’ект, але з іншага боку. Яго мурал называецца «Глядзі за сваім садам». У Мінску Бруна стварыў вялікі сад з пасланнем: «Сакрэт не ў тым, каб ганяцца за матылькамі, а ў тым, каб дбаць аб прыгажосці, чысціні, тады яны прыляцяць самі».

На творчай сустрэчы мастак расказаў, што зразумеў: вуліца Кастрычніцкая — важны раён для горада, які з’яўляецца эпіцэнтрам для аб’яднання крэатыўных асоб:

— На гэтай тэрыторыі шмат свабоды, і тут многа цікавых работ. Класна, што ёсць месцы, дзе людзі могуць ствараць актуальнае, і гэтыя работы відаць усім. Такі своеасаблівы стратэгічны план. Калі пройдзе час, праект, пачынаючы адсюль, разрасцецца і мастакі змогуць захапіць розныя лакацыі горада.

Зноў у Мінску пакінулі мастацкі падарунак братыблізняты Густаў і Атавіа Пандольфа больш вядомыя пад творчым псеўданімам OSGEMEOS. Браты з Сан-Паўлу — адны з самых вядомых стрыт-арт-мастакоў у свеце. Іх жоўтыя чалавечкі жывуць на сценах будынкаў у Чылі, ЗША, Італіі, Германіі, Літве, на востраве Куба і ў роднай Бразіліі. У 2015 годзе жоўты чалавечак творчага тандэма OSGEMEOS з’явіўся на адной са сцен Пасольства Бразіліі ў Мінску (вуліца Энгельса). Цяпер яшчэ адзін з’явіўся на фасадзе будынка арт-прасторы ОК16.

— Сан-Паўлу — горад шэры, і нам заўсёды хацелася яго размаляваць. З пачатку нашай творчасці мы доўга шукалі менавіта наш колер, — расказалі мастакі. — Аднойчы разглядзелі тое, што трэба, у жоўтым. З тых часоў пастаянна дадаём гэтую яркасць у жыццё і творчасць. Мы ўпэўнены, што Мінску жоўты колер таксама пасуе.

А вось 27-гадовая фатограф і мастак Караліна Палякова з Ліды часцей працуе з калажамі, таму ў межах фестывалю Vulica Brasil яе работы з’явіліся на 10 білбордах Мінска. Караліна вядомая тым, што здымала кліпы для вядомых музычных выканаўцаў. На білбордах можна ўбачыць, як з некалькіх рэальных фатаграфій аўтар збірае калажы фантастычных гісторый Мінска — з велізарным месяцам, ружовым захадам, полем і шматлікімі панэльнымі дамамі.

Работа творчага тандэма OSGEMEOS.

— Ёсць меркаванне, што Мінск статычны па колеравых адценнях, — падкрэсліла Караліна. — Нягледзячы на тое, што жылая архітэктура ў нас падобная на кіеўскую або маскоўскую, мне падабаецца прадстаўляць такія горы ў выглядзе шматпавярховак, якія людзі будуюць самі сабе. Паколькі ландшафт у нас раўнінны, дамы ў маіх калажах уяўляюць сабой гарызонт, які можа адпавядаць нашым фантазіям пра ўзгорыстыя пейзажы.

Бразільянка Крыёла праз мастацтва імкнецца змагацца за правы цемнаскурых жанчын. Яна першая жанчына-хэдлайнер фестывалю з пачатку яго існавання. Бразільянку цікавіць флора, культурная разнастайнасць, індзейцы і гарадскія легенды. Яна цесна звязана з модай, таму дадае дадатковую тэкстуру і ўзоры работам. Мастачка ўжо падарыла свае творы Бразіліі, Партугаліі, Францыі. Цяпер яе творчасць можна ацаніць у Мінску на вуліцы Трасцянецкай.

— Прыняла запрашэнне ў Мінск, таму што, лічу, гэта цікавы фестываль, чула пра яго неаднаразова, — адзначыла мастачка. — Vulica Brasil вядомая ў свеце стрытарту. Пра Беларусь раней я больш нічога і не ведала. Бачу, што фестываль патрэбны вашаму гораду, тут, на мой погляд, недастаткова колеру. Людзі ў вас мне вельмі падабаюцца. Гасцінныя, ветлівыя, з добрымі вачыма. Так, як у Беларусі, мяне больш не сустракалі нідзе.

З беларусаў удзел у Vulica Brasil упершыню ўзяў гомельскі мастак Уладзіслаў Хвастоў (ён жа Khvooostov) — выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, графічны дызайнер і ілюстратар. Пяць гадоў таму Улад стаў пераможцам конкурсу дызайну ўваходнага білета ў Нацыянальны мастацкі музей, аднак гэтым разам стыль мастака могуць ацаніць не толькі аматары музейных каштоўнасцяў, але і ўсе жыхары і госці горада. Яго работа пад назвай «Ушчыльненне» стала пад мостам на скрыжаванні вуліцы Бабруйскай і праспекта Незалежнасці.

На сцяне па суседстве з графіці мінулых гадоў з Чапскім (Кастрычніцкая, 16) размясціўся невялікі малюнак маладога мастака з Магілёва Alexei Antony. Ён прысвяціў работу тэме гармоніі і намаляваў сімвал Інь і Ян. Antony ўдзельнічае ў фестывалі з 2014 года, раней быў асістэнтам бразільскіх мастакоў, а сёлета прадставіў паўнавартасны аўтарскі мурал. Яго задума — адлюстраваць вобраз, які ёсць у кожным з нас, паказаць узаемадзеянне асобных элементаў у складанай сістэме.

А беларускі мастак Захар Кудзін стварыў мурал «Ледзяны палёт. Гарачы космас» у стылістыцы нейраарту. Аўтар падкрэслівае, што яго работа ў абставінах візуальнай напружанасці горада дазваляе пераключыцца, вырвацца з кантэксту штодзённасці і атрымаць візуальны спакой праз мастацтва.

Новае і незвычайнае

Пад кіраўніцтвам каманды мастакоў і архітэктараў у горадзе з’явіліся не толькі муралы, але і іншыя артаб’екты. У межах Vulica Brasil на вуліцы Кастрычніцкай «вырас» сад бесперапыннага квітнення (аўтар Алена Штык), які часткова кампенсуе адсутнасць на вуліцы зеляніны.

— Хацелася ў гарадское асяроддзе дадаць тых дрэў, якіх у нас яшчэ не было, — падзялілася Міла Котка. — Гэта таксама тэндэнцыя фестывалю — дадаваць новае. Ужо пасаджаныя дрэвы да нас прыехалі з Бярэсця, там ёсць фанаты сваёй справы — дэндролагі, якія вырошчвалі дрэвы з зерня і адаптавалі іх да нашых умоў, менавіта беларускіх.

А музычная арт-інсталяцыя ў выглядзе трамвайнага прыпынку на Кастрычніцкай — даніна павагі да гісторыі вуліцы (аўтар — Андрэй Бусел). У межах фэсту з’явіўся таксама тактыльны сад для дзяцей і дарослых, распрацаваны Мінскай урбаністычнай платформай. Яшчэ адзін праект Vulica Brasil змяніў плот культурнага хаба ОК16: ён стаў больш празрысты. Ва ўнутранай прасторы хаба цяпер летні амфітэатр. Аўтар праекта — архітэктар Ігас Шаўкуненка.

Арганізатары анансавалі, што наступны фестываль правядуць у 2021 годзе і ўжо, магчыма, не ў Беларусі, а ў Бразіліі — з удзелам беларускіх аўтараў. У планах арганізатараў урбан-фэсту — выпусціць у наступным годзе кнігу пра Vulica Brasil, каб памяць пра папярэднія пяць фестываляў жыла не толькі на будынках, але і на паперы.

Вікторыя АСКЕРА,

фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.