Вы тут

«Фестываль навукі» пройдзе ў Мінску 7 верасня


У Цэнтральным батанічным садзе НАН Беларусі ў Мінску 7 верасня пройдзе «Фестываль навукі». У мінулым годзе ён супаў са святкаваннем Дня горада, сёлета ж арганізатары вырашылі не ставіць жыхароў і гасцей сталіцы перад выбарам, якой падзеі аддаць перавагу. Дык чым парадуе фестываль гэтым разам?


Першы намеснік старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Сяргей ЧЫЖЫК расказаў, што асноўная мэта мерапрыемства — папулярызацыя і развіццё навукі ў краіне, а таксама прыцягненне да тэхналогій маладога пакалення.

— «Фестываль навукі» будзе цікавы як для дарослых, так і для падрастаючага пакалення. Сёлета будуць прадстаўлены чатыры асноўныя лекцыйныя пляцоўкі: тры «пра ўсё» і адна пра медыцыну. Акрамя таго, будзе дзейнічаць пляцоўка «Робаты і тэхналогіі», выстаўка распрацовак Нацыянальнай акадэміі навук, будуць прадстаўлены тэхналагічныя кампаніі з майстар-класамі і навуковымі шоу. Для дзяцей — асобныя гульні і месца для адпачынку. На працягу ўсяго свята будзе працаваць зона вулічнай ежы, — расказаў першы намеснік старшыні Прэзідыума НАН.

Падчас фестывалю госці змогуць убачыць розныя дасягненні навукі, у тым ліку рэдкія археалагічныя знаходкі. Пра гэта расказаў намеснік старшыні Савета маладых вучоных НАН, загадчык аддзела археалогіі першабытнага грамадства Інстытута гісторыі НАН Станіслаў ЮРЭЦКІ:

— Тое, што будзе прадстаўлена на фэсце, вы не ўбачыце ні ў адным музеі. Усё можна памацаць рукамі, задаць пытанні, якія цікавяць. Свае распрацоўкі прадставяць акадэмічныя інстытуты фізікі і эксперыментальнай батанікі. Акрамя таго, будзе выдзелена вялікая пляцоўка, прысвечаная атамнай энергетыцы, і інтэрактыўная пляцоўка на тэму хіміі ад Усерасійскага фестывалю навукі «NAUKA 0+», прысвечаная 150-годдзю стварэння табліцы Мендзялеева. Наведвальнікі змогуць ацаніць дасягненні беларускай навукі і навукаёмістыя распрацоўкі.

Навуковы супрацоўнік Інстытута мікрабіялогіі НАН Беларусі Ганна БАРЭЙКА засяродзіла ўвагу на тым, што сёлета, у адрозненне ад папярэдняга года, вялікая ўвага будзе аддадзена гуманітарным навукам:

— Асабліва гісторыі нашай краіны, у прыватнасці, Мінска. Мы сабралі вельмі цікавыя праекты, запрасілі маладых акадэмічных вучоных, універсітэцкіх лектараў. Выступяць вядомыя ў галіне навукі замежныя і беларускія спікеры. Будуць весціся дыскусіі па розных кірунках, напрыклад, у галіне медыцыны — пра неабходнасць прышчэпак, анкалагічныя захворванні, касмічную медыцыну і біяхакінг. Ахвотныя змогуць паслухаць аб распрацоўках у галіне генетыкі, мікрабіялогіі, тэхналагічных адкрыццях.

Вядучы спецыяліст галоўнага ўпраўлення міжнароднага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва апарату НАН Аляксандр ЗАЙЦАЎ адзначыў, што сёлета «Фестываль навукі» будзе больш маштабны, чым леташні.

— Мы паклапаціліся аб тым, каб запрошаныя лектары выкладалі свае думкі даступна для гасцей любога ўзросту. Будзе шмат стартапаў, распрацовак маладых навукоўцаў, а таксама студэнтаў розных ВНУ. Пацешаць гасцей навуковыя забавы: «Мазгабойня», музей займальных навук «Квантум», праект «Разумны Мінск», музей навук «Элементы», дзіцячая навуковая студыя «Экалабараторыя». Можна будзе паслухаць лекцыі ад вядучых адукацыйных праектаў — лекторый «Масаракш», «Трыбуна вучонага», «Навука не ў сабе», «TED». Для аматараў падрыхтаваны «Свет класічнай музыкі», аўтарскі праект прадставіць арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны». Цікавым месцам стане «Навука ежы», дзе можна будзе не проста перакусіць, але і даведацца, якія працэсы адбываюцца з прадуктамі харчавання падчас іх гатавання, самім паэксперыментаваць з імі.

Алесь Зайцаў адзначыў, што для фестывалю плануецца набраць 70 студэнтаў-валанцёраў. Набор яшчэ не скончаны, так што ўсе ахвотныя могуць паспрабаваць свае сілы, запоўніўшы анкету. Свята пройдзе пад адкрытым небам, пачатак апоўдні, заканчэнне а 20-й гадзіне. Для дашкольнікаў уваход бясплатны, для астатніх — пяць рублёў. Падрабязную праграму можна ўбачыць на афіцыйным сайце фестывалю.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.