Вы тут

Фестываль «Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў» завяршыў святы на шлюзе Дамброўка


Сёлета — роўна 180 год, як быў пабудаваны Аўгустоўскі канал. І роўна 15 гадоў з падпісання Указа Прэзідэнта аб яго рэканструкцыі. З таго моманту канал пачаў набываць папулярнасць. Самым цікавым можна назваць сёлетні сезон. Чаго тут толькі не было: і веламарафоны, і музычныя фэсты, і заплыў на чым папала, і балотны футбол...

Апошнім акордам лета прагучаў міжнародны фестываль трох народаў. Да этнічных палякаў і літоўцаў далучыліся жыхары суседніх краін. Традыцыйна прывітальныя словы гучалі на трох мовах.


Літоўскі акцэнт на памежжы

Першымі, каго я сустрэла пры выхадзе з маршрутнага аўтобуса, аказаліся літоўцы. Некаторыя з іх сядзелі на лаўцы каля прыпынку, а вялікая група рухалася ў бок канала. Многія — у артыстычных касцюмах, але не толькі. Заўважыла, што на стаянцы некалькі турыстычных аўтобусаў з літоўскімі нумарамі. Паколькі да ўрачыстага адкрыцця яшчэ заставаўся час, паспрабавала пазнаёміцца з літоўскім калектывам «Ётвінгес», які прыехаў з Марыямпаля.

Аліна Кветкаўскене, кіраўнік танцавальнага ансамбля, расказала, што іх калектыў выступае на свяце ўпершыню. Многія не былі тут з часоў Савецкага Саюза, а хтосьці і наогул прыехаў першы раз. Напярэдадні фестывалю літоўскую дэлегацыю правезлі па Гродне, пазнаёмілі з сучасным горадам. Удзельнікі калектыву расказалі, што самі былі здзіўлены, калі ўбачылі, колькі ў горадзе літоўскіх турыстаў: яны не чакалі сустрэць так многа сваіх землякоў. Большасць, як вядома, прыязджае дзякуючы бязвізаваму рэжыму...

Гэты факт пацвердзіла і Валянціна Дулькене, намеснік старшыні грамадскага аб'яднання літоўцаў «Тэвіне». Яна адзначыла, што сёлета, як і ў мінулыя гады, з Літвы прыязджаюць даволі актыўна. Вось цяпер прыехалі госці з Лаздзійскага раёна і горада Марыямпаля, з якімі Гродзенскі раён падтрымлівае найбольш цесныя сувязі, бо бакамі падпісаны дагаворы аб супрацоўніцтве.

— Цікавасць ёсць. Дэлегацыі з калектывамі прыязджаюць і на фестываль нацыянальных культур, і на гэты фестываль на канале. Дзякуючы бязвізаваму рэжыму ў Гродне бывае вельмі многа літоўцаў, гэта відавочна. І гэты паток не змяншаецца. Многае ініцыявала наша таварыства, у тым ліку міжрэгіянальныя дагаворы. Потым гэта вылівалася ў рэальныя праекты, — паведаміла Валянціна Дулькене.

У беларускага фестываля ёсць аналаг у Польшчы. Свята трох культур палякі пачалі ладзіць пяць гадоў таму ў Аўгустове. Як кажуць арганізатары свята, наш фестываль так спадабаўся польскім гасцям, што яны прапанавалі праводзіць такое ж і на сваёй тэрыторыі. Праект атрымаўся маштабны, бо ўдзельнікі літаральна за ўік-энд дэманстравалі сваё мастацтва ў дзвюх суседніх краінах — напачатку на беларускай частцы канала, затым на польскай. Цэлыя аўтобусы пераязджалі ранкам праз граніцу.

Святы, якія ў вялікай колькасці ладзяцца на канале, таксама спрыяюць актыўнаму турыстычнаму патоку. На фестывалі трох культур нямала замежнікаў, якія прыехалі са сваімі музычнымі калектывамі, але маюць намер завітаць у Беларусь і турыстамі. Сярод такіх аматараў і ўдзельнікі польскага ансамбля «Ягуты», які прыехаў з Гданьскага павета. Харэограф Багдан Шыманюк расказаў, што калектыў, які налічвае больш за 100 чалавек, выконвае старажытныя польскія песні і танцы многіх народаў свету. На фестываль прыехаў дзіцячы склад ансамбля, многія тут першы раз. Каб пазнаёміцца з народным беларускім бытам, калектыў пасяліўся ў вёсцы Капцёўка. Ён таксама мае намер пабываць у Адэльску і даць канцэрт у тутэйшым касцёле.

Мясцовы жыхар Станіслаў Змітровіч удзельнічае ў фестывалі гадоў пятнаццаць. На першых пабываць не змог з-за работы. Але пасля выхаду на пенсію бывае тут штогадова. Нядаўна ансамбль выступаў у польскіх Сувалках на конкурсе самадзейных калектываў. На ім Станіслаў Іванавіч яшчэ і саліраваў, праўда, з вершам. Лісток з вершаванымі радкамі пра Першую сусветную вайну на польскай мове ён знайшоў на гарышчы, калі разбіраў стары дом.

— Гэты верш доўгі, я яго чытаў 15 хвілін. А вучыў амаль два месяцы. У ім гаворыцца пра тое, як нашы народы — беларусы, палякі і літоўцы — перажывалі пакуты той сусветнай вайны. Хто напісаў верш, невядома, але ён вельмі праўдзівы і патрыятычны.

Дарэчы, фестываль спрыяе і асабістым кантактам. Станіслаў Іванавіч і цяпер даў свой адрас новым знаёмым. Некаторыя потым прыязджаюць асабіста, хочуць наведаць мясціны, дзе некалі жылі іх продкі.

А тыя, хто пабываў на фестывалі, не расчараваліся. Тут былі і фудкорты, і мастацкая галерэя рамеснікаў, і баян-батл, у якім мог выступіць кожны музыкант. Праўда, прыпякала сонца, але вада крыху скрадвала спякоту. Многія маглі здзейсніць водны шпацыр на мясцовым параходзе «Нёман».

Ігар ЖУК, старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў:

— Фестываль трох культур з кожным годам развіваецца, прыязджаюць як пастаянныя ўдзельнікі, так і новыя творчыя калектывы. Праз культуру развіваем і міжнародныя кантакты, паказваем нашу краіну. Дзякуючы бязвізаваму рэжыму рэгіён могуць наведаць грамадзяне 75 краін свету. Што датычыцца нашага фестывалю, то ён таксама знакавы, бо аб'ядноўвае нашы краіны, якія маюць агульныя карані. І гэта трэба памятаць і развіваць.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота Мікалая ЛАПІНА

Загаловак у газеце: Пад заслону сезона

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

Ці так небяспечны парашутны спорт, як здаецца на першы погляд?

Грамадства

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Стаялі ў калідоры і ўспаміналі першыя крокі ў выхаванні сваіх асаблівых дзетак.

Культура

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

Пагутарылі з дачкой вядомага ўраджэнца Віцебска Лазара Хідэкеля.