Вы тут

Прайшла першая эстафета «У імя жыцця» ў падтрымку анкапацыентаў


Гэта адбылося 24 жніўня ў Нацыянальнай бібліятэцы. Удзельнікі маглі напісаць словы падтрымкі і падбадзёрвання пацыентам у любы анкадыспансер Беларусі. А таксама мелі магчымасць прымерыць бандану, абмяняцца парыкамі, пазнаёміцца з фотавыстаўкай «С-тварэнне» і адпачыць на канцэрце «З любоўю».


Эстафета «У імя жыцця» — гэта акцыя для анкапацыентаў і іх блізкіх, а таксама ўсіх, хто хоча дапамагчы людзям, якія змагаюцца з цяжкай хваробай. Падчас мерапрыемства прайшла серыя прадметных лекцый, майстар-класаў, практычных заняткаў з урачамі, псіхолагамі, арт-тэрапеўтамі. У Мінску сабраліся эксперты з Беларусі, Расіі і Польшчы. Анкапацыентаў і іх блізкіх вучылі правільна дапамагаць сабе і тым, хто мае ў гэтым патрэбу.

— Гэта мерапрыемства задумана для пацыентаў, якія падчас лячэння і пасля яго сутыкаюцца з вялікай колькасцю пытанняў, але дакладна не ведаюць, каму іх задаць, бо пытанні не зусім па профілі ўрачоў-анколагаў, — тлумачыць Ірына ЖЫХАР, анкапацыент, дырэктар цэнтра падтрымкі анкапацыентаў «У імя жыцця». — Мы праводзім акцыю не толькі для анкапацыентаў, але і для іх блізкіх. Таму што анказахворванне — гэта сямейная праблема, і важна вырашаць яе разам. Канешне, мы ўспамінаем тых, каго сёння ўжо няма з намі.

Пачалася эстафета з танцавальнага старту. Спецыяльна да гэтага дня кампазітар Тэймур Пагасян напісаў музыку «Раніца новага дня», а харэограф Аляксандра Косціна падрыхтавала і выканала простыя і сімвалічныя танцавальныя па. Такую гімнастыку рэкамендавана ўключыць у свой распарадак дня кожнаму анкапацыенту. Затым урачы РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава прачыталі лекцыі з рэкамендацыямі хворым на кожны дзень. Таксама была прэзентавана кніга смачных і карысных рэцэптаў для анкапацыентаў і іх блізкіх. Затым удзельнікаў чакалі майстар-класы па дыхальнай гімнастыцы і спевах, інтэрактыўная лекцыя «Голас — больш чым гук», практычныя заняткі, напрыклад «Як паспяхова размаўляць з урачом», «Як даглядаць скуру падчас і пасля лячэння» і «Падарожжа з шыйным платком».

Яшчэ ў пачатку сакавіка Цэнтр падтрымкі анкапацыентаў запрасіў тых, хто захапляецца фотаздымкай, прыняць удзел у стварэнні набору фотапаштовак «С-тварэнне» для людзей, якія сутыкнуліся з ракам. У выніку з 30 фотаздымкаў было адабрана 6. Іх аўтары — Алеся Усцюшэнка, Яна Ненартовіч, Каця Малаш, Алена Шаліма, Даша Клімаховіч. Такім чынам ва ўдзельнікаў эстафеты была магчымасць падтрымаць тых, хто сёння лечыцца ў стацыянары. З дапамогай паштоўкі за пісьмовым сталом яны маглі выказаць словы падбадзёрвання незнаёмаму чалавеку, падказаць на аснове ўласнага вопыту, што стала пунктам апоры ў няпросты перыяд, падзяліцца ідэяй свайго новага захаплення, пра якое марылі з дзяцінства. Свае пасланні таксама можна было перадаць анкапацыентам з Літвы, Польшчы, Расіі і Украіны. Госці з гэтых краін таксама ўзялі ўдзел у мерапрыемстве.

Таксама можна было пазнаёміцца з фотавыстаўкай «С-тварэнне», падрыхтаванай з удзелам беларускіх фатографаў Георгія Ліхтаровіча, Віктара Малышчыца, Алены Шалімы і Андрэя Барылы. Гэтую калекцыю прапанавалі майстры фатаграфіі ў падтрымку людзей, якія сутыкнуліся з бядой. Магчыма, адлюстраваныя імі моманты дапамогуць камусьці ў крызіснай сітуацыі ўбачыць новыя фарбы жыцця.

Заключным акордам эстафеты стаў канцэрт-прытча «З любоўю». Прытчы чытала актрыса Святлана Яцкевіч. У выкананні Наталлі Камінскай (скрыпка) прагучала «Адажыа» Тамаза Альбіноні, Ганна Шафраноўская (флейта) і Вольга Луневіч (фартэпіяна) выканалі «Месяцавае святло» Клода Дэбюсі, а Ефрасіння Вяроўка (скрыпка) і Аляксей Тамілін (фартэпіяна) — «Каханне» маладога беларускага кампазітара Андрэя Якушава.

Алена КРАВЕЦ

Фота Алены Шалімы

Загаловак у газеце: Навучыцца дапамагаць сабе

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка накіраваўся з афіцыйным візітам у Егіпет

Аляксандр Лукашэнка накіраваўся з афіцыйным візітам у Егіпет

Чакаецца падпісанне пакета двухбаковых дакументаў.

Грамадства

Прадпрымальнікі запусцілі сацыяльную ініцыятыву, каб сэканоміць сродкі бюджэту, але вымушаны за гэта плаціць

Прадпрымальнікі запусцілі сацыяльную ініцыятыву, каб сэканоміць сродкі бюджэту, але вымушаны за гэта плаціць

На ўпарадкаванне пасля прыклееных паперак выдаткоўваюцца велізарныя сродкі.