Вы тут

«Правільныя» танцы


Вяселлі, фэсты і іншыя народныя гулянні калісьці пачыналіся з музыкантаў: гарманіста альбо дудара, скрыпача, цымбаліста, кларнетыста, а таксама барабаншчыка і бубнара, якія тонка адчувалі душу беларускага танца, умелі імправізаваць і настройваць публіку на пазітыўны лад — каб самі ногі прасіліся ў скокі, каб хацелася кружыцца ў пары, адбіваць падэшвы і ламаць абцасы.


Граюць Ігар Жалткоў, Сяргей Такушэвіч і Мікалай Кашкан.

У Верхнім горадзе старога Мінска ў нядзелю а сёмай гадзіне вечара такіх музыкантаў чакаюць, каб патанцаваць пад жывую, аўтэнтычную, вясковую, як некалі казалі, музыку.

Тут збіраюцца маладыя людзі, выхаваныя на ўзорах традыцыйнага танца, каб уволю адвесці душу, вучыцца фігурам і танцорскаму спрыту, адточваць майстэрства — і разам з тым пераймаць культурную традыцыю. Дзякуючы ім сустрэчы пад адкрытым небам працягваюцца ўжо пяты год — праходзяць з сярэдзіны мая да сярэдзіны верасня. Ахвотных патанцаваць у народным стылі заўсёды збіраецца нямала. Быццам у местачковай карчме альбо вясковым клубе 40—50-х, яны хвацка адбіваюць па бруку такты ў рытме полек, вальсаў, танга і мазурак, кракавякаў і абэркаў — у скарбонцы музыкаў і захавальнікаў народнай культуры больш за паўсотні твораў.

Залажыў традыцыю «правільных» танцаў на вуліцы адораны музыка, кіраўнік клуба традыцыйных танцаў «Сіта» Аляксей Крукоўскі. Ён іграе на маленькім акардэоне, а часам і на губным гармоніку, выдатна танцуе і сыпле прыпеўкамі. На адной з сустрэч Аляксей расказаў: «Раней мы ігралі на вуліцы Карла Маркса, потым знайшлі ўтульнае месца ў Старым горадзе, дзе заўсёды шмат турыстаў і моладзі. Да пятнаццаці музыкантаў прыходзіць сюды, каб ствараць непаўторную атмасферу народнага ігрышча...».

Граюць Алена Мялешка і Раман Яраш.

Грае Аляксей Крукоўскі.

Грае Уладзімір Ганчароў.

 

Гэтыя здымкі былі зроблены на апошніх жнівеньскіх сустрэчах, на якіх, акрамя завадатара Аляксея Крукоўскага, ігралі барабаншчык Ігар Жалткоў, гарманісты Уладзімір Ганчароў і Мікалай Кашкан, баяністы-гарманісты Аляксандр Вілюха, Сяргей Такушэвіч і Ягор Анікейчанка, цымбаліст Сяргей Чубрык, кларнетыст Раман Яраш, скрыпачкі Алена Мялешка, Кася Радзівілава, Таццяна Грыневіч і скрыпач Сяргей Макарэвіч.

Анатоль Кляшчук

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.