Вы тут

Ці дасць беларускі ракфор фору французскаму?


Асноўны рухавік экспарту ў сегменце малочнай прадукцыі сёлета — сыры. Пра гэта паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксей БАГДАНАЎ падчас прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры.


Фота БелТА.

У першым паўгоддзі аграрная галіна Беларусі ў экспартным кірунку спрацавала з плюсам. Па словах Аляксея Багданава, продаж сельгаспрадукцыі і прадуктаў харчавання за мяжу склаў з пачатку года 101,6 працэнта, ці 2 557 мільёнаў долараў. Беларусь гандлявала з 88 краінамі — дарэчы, пяць дадаліся летась.

Начальнік упраўлення падкрэсліў, што ў міністэрстве ўвесь час працуюць над дыверсіфікацыяй і пашырэннем геаграфіі экспарту. Сёлета аграрыі здолелі асвоіць дванаццаць новых рынкаў, у тым ліку Афганістана, Пакістана, Тайланда, Кеніі, Лівіі, Маўрытаніі, Албаніі, Босніі і Герцагавіны, Аргенціны.

«Стратэгія апошніх гадоў — максімальна скараціць вытворчасць сыравінных тавараў кшталту сухога малака і павялічыць аб'ёмы вырабу гатовай прадукцыі, якая непасрэдна трапляе на паліцу крамы. Пакупнік бачыць, што сыр, ёгурт, смятана, масла — беларускія. Ствараецца пазнавальнасць брэнда, выхоўваецца лаяльнасць да нашага тавару», — растлумачыў Аляксей Багданаў. Ён адзначыў і рост на 8,4 % экспарту гатовых мясных вырабаў.

Аднак у адным з найбуйнейшых сегментаў экспарту — мясным — адзначаецца спад. У першую чаргу гэта тлумачыцца абмежаваннямі на пастаўку мяса на костцы ў Расію. Таму таварныя групы пераразмеркаваныя, для кампенсацыі аграрыі адкрываюць новыя рынкі. Напрыклад, ужо да канца года айчынная ялавічына можа быць пастаўлена ў Турцыю.

Зроблена ў Беларусі, прададзена ў СНД

Пастаўкі ў Расію крыху скараціліся, але па-ранейшаму ўсходняя суседка купляе 80 працэнтаў прадуктаў харчавання, вырабленых беларускімі аграрыямі. У міністэрстве палітыка наступная: калі пастаўкі па адной пазіцыі скарачаюцца, па іншай — аб'ёмы нарошчваюцца. Такім чынам, аб'ём экспарту свініны ў Расію ўзрос у тры разы ў параўнанні з мінулым годам, павялічыўся продаж мяса птушкі, а малочнай прадукцыі амаль дасягнуў мільярда долараў — у асноўным за кошт масла. Добра купляюць у Расіі нашу бульбу, ільновалакно, жэлацін, рапсавы алей.

А ялавічыну на костцы, пастаўкі якой у Расію абмежаваныя, накіравалі ў іншыя краіны СНД і прадалі ў два разы больш, чым летась. Экспарт мясапрадуктаў у Садружнасць склаў 147 працэнтаў ад узроўню аналагічнага паказчыка мінулага года. Павялічыліся і пастаўкі гатовых мясных вырабаў нароўні з малочнай прадукцыяй.

Экспарт беларускіх сыроў вырас на 29 працэнтаў ад леташняга ўзроўню аналагічнага перыяду мінулага года. «У гэтым сегменце ёсць пэўны поспех. Рэч у тым, што сыры — тавар, які не так проста прадаць. Бо ў кожнай краіне ёсць свае смакавыя перавагі. Сыроў больш за трыста відаў. А на рынку Расіі, СНД у нас склаліся даўнія аднолькавыя смакавыя перавагі, яшчэ з часоў Савецкага Саюза. Мы іх ведаем, умеем з імі працаваць, і дынаміка сведчыць аб правільнасці абранай стратэгіі», — падкрэсліў Аляксей Багданаў.

У Кітай — па чыгунцы і морам

Найбольш цікавым і перспектыўным для экспарту сельскагаспадарчай і харчовай прадукцыі начальнік упраўлення назваў рынак Кітая. З канца мінулага года ў Паднябесную адпраўлена восем поўнакантэйнерных цягнікоў з малочнай прадукцыяй. Прапрацоўваецца пытанне арганізацыі паставак ялавічыны і мяса птушкі па маршруце «шаўковага шляху». На гэты момант экспартныя пастаўкі мяса ў Кітай ужо ўзраслі ў 38 разоў. Павялічыліся таксама пастаўкі шакаладу і іншых харчовых прадуктаў, звязаных з шакаладам, вод.

Аляксей Багданаў паведаміў, што для паставак у Кітай выкарыстоўваюцца два лагістычныя шляхі: марскі і чыгуначны. У цягнік уваходзіць 41 кантэйнер — 1 025 тон прадукцыі.

На рынках дальняга замежжа сёлета больш за ўсё павялічыўся экспарт беларускага мяса — у чатыры разы. Узраслі пастаўкі сыру, бульбы, агародніны, грыбоў, ільновалакна. Экспарт у краіны Еўрапейскага Саюза вырас на 22 працэнты. На першым месцы па аб'ёме паставак з Беларусі — Літва, у лідарах таксама Польшча і Германія.

Варвара МАРОЗАВА

Загаловак у газеце: Дзіркі ў сыры — прыбытак у экспарце

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.