Вы тут

«Белпошта» і «Беларусбанк» запусцілі сумесны праект для жыхароў сельскай мясцовасці


Колькасць сельскага насельніцтва ў Беларусі няспынна змяншаецца. Такое звужэнне кола патэнцыйных кліентаў прыводзіць да таго, што адпаведна скарачаецца колькасць банкаўскіх аддзяленняў. Канешне, аплата пры дапамозе мабільнага і інтэрнэт-банкінгу год ад году набірае абароты, але наколькі лёгка людзям у паважным узросце асвоіць новыя тэхналогіі? І яны, вядома ж, ідуць плаціць на пошту. А што рабіць у выпадку, калі пошта не можа выканаць пэўную аперацыю — напрыклад, папоўніць уклад або выдаць крэдыт?


Таму ААТ «АСБ Беларусбанк» разам з РУП «Белпошта» запусцілі сумесны праект па прадстаўленні банкаўскіх паслуг сельскаму насельніцтву.

— Ён рэалізоўваўся паэтапна ва ўсіх абласцях, — кажа намеснік старшыні праўлення ААТ «АСБ Беларусбанк» Святлана КАЖЭКІНА. — Мы прааналізавалі банкаўскія паслугі, якія былі запатрабаваны насельніцтвам. Гэта адкрыццё ўкладаў і аперацыі па іх, абслугоўванне бягучых рахункаў, папаўненне і зняцце наяўных з картачных рахункаў, афармленне картак і пакета дакументаў на атрыманне крэдыту. У нашым праекце задзейнічана 997 аддзяленняў паштовай сувязі па ўсёй краіне. Напрыклад, за восем месяцаў работы адкрыта каля 900 укладных рахункаў на суму каля 3 мільёнаў 500 тысяч рублёў. Прыблізна паўтара мільёна кліентаў скарысталася магчымасцю папаўнення рахункаў, афармлення картак і зняцця з іх грошай, а таксама прагляду балансу. Ад мая было пададзена пяць заявак на крэдыты. Адна з іх адобрана, чатыры яшчэ знаходзяцца ў стане разгляду. Рэалізацыя гэтага праекта пашырае геаграфію прысутнасці і магчымасці банкаўскай сферы па прадстаўленні паслуг. Мы зыходзім з таго, што ўсе нашы жыхары павінны мець магчымасць скарыстацца тымі паслугамі, якія дае наш банк.

Існуе прыказка, што часам новае — гэта добра забытае старое. Так адбылося і гэтым разам. Праўда, часткова.

— Яшчэ да Кастрычніцкай рэвалюцыі аперацыі з укладамі ажыццяўляліся ў паштова-тэлеграфных і ашчадных дзяржаўных касах, — зазначае намеснік генеральнага дырэктара РУП «Белпошта» Алена БАРКОЎСКАЯ. — Таму для пошты гэта не зусім новая паслуга. Цяпер, калі банкі зніжаюць сваю фізічную прысутнасць у сельскай мясцовасці і пераходзяць на дыстанцыйную форму абслугоўвання, да нас паступаюць прапановы аказваць некаторыя віды іх паслуг на сяле. Трэба адзначыць, што мы не ставім сваёй мэтай поўнасцю замяніць банк на вёсцы. Пошта валодае ўнікальнай інфраструктурай, якая ахоплівае ўсю тэрыторыю краіны. Гэта дазваляе наблізіць сацыяльна значныя паслугі да кожнага спажыўца. Напрыклад, акрамя звыклых тавараў праз пошту можна заказаць нават будаўнічыя матэрыялы — у ведамства заключаны дагавор з Беларускай цэментнай кампаніяй. Адбылося гэта не так даўно — у красавіку. Але за гэты час на адрас нашых філіялаў ужо адгружана 500 тон цэменту. Мы адкрыты для супрацоўніцтва і з іншымі арганізацыямі.

Акрамя таго, у нашай пошты ёсць добры прыклад сумеснага праекту з РУП «Белфармацыя», які рэалізуецца ў Мядзельскім і Маладзечанскім раёнах. Сутнасць яго ў тым, што некаторыя лекі і тавары медыцынскага прызначэння можа прынесці звычайны паштальён. Ужо зроблены 53 такія пастаўкі.

Разам з тым спыняцца на дасягнутым «Белпошта» і «Беларусбанк» не плануюць.

— У перспектыве мы разлічваем на пашырэнне супрацоўніцтва, што датычыцца прадстаўлення фінансавых паслуг, — працягвае Святлана Кажэкіна. — У верасні з'явіцца магчымасць пагашаць крэдытныя прадукты Беларусбанка праз сістэму АРІП, у тым ліку і ў аддзяленнях паштовай сувязі. Гэтага доўга чакалі жыхары як вёсак, так і гарадоў. Акрамя таго, сёння ў банку распрацаваны крэдыт для набыцця насельніцтвам тавараў беларускіх вытворцаў. Стаўка па ім будзе вылічацца як стаўка рэфінансавання плюс тры працэнтныя пункты. Мы лічым, што ён будзе запатрабаваны.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Загаловак у газеце: Ніша не застанецца пустой

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Магілёўская вобласць ушанавала лідараў уборачнай кампаніі

Магілёўская вобласць ушанавала лідараў уборачнай кампаніі

У Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК.

Грамадства

Хворым на фенілкетанурыю могуць палепшыць забяспячэнне прадуктамі харчавання

Хворым на фенілкетанурыю могуць палепшыць забяспячэнне прадуктамі харчавання

Міністэрства аховы здароўя адказала на публікацыю «Звязды».