Вы тут

Чаму не варта купляць чарапашак у пераходах і на вуліцы


У большасці людзей ёсць даволі ўстойлівае ўяўленне пра тое, хто такія чарапахі. Гэтыя істоты заўсёды асацыяваліся з марудлівасцю і мірным характарам. Акрамя таго, многія іх віды цяпер знаходзяцца на мяжы знікнення. Ці такая чырванавухая чарапаха, якую летам часта прапануюць пакупнікам на вуліцах горада? Зусім не.


Эфектная амерыканка

Афарбоўка дарослай рэптыліі істотна адрозніваецца ад афарбоўкі маладых жывёлін.

У адрозненне ад многіх чарапах, гэты від экалагічна пластычны, схільны да засваення новых месцаў пражывання, актыўны і мабільны (адносна для чарапах). Ён здольны перасякаць адлегласці ў некалькі кіламетраў, перажываць неспрыяльныя ўмовы ў стане анабіёзу («спячкі», калі працэсы ў арганізме настолькі замаруджаны, што амаль цалкам адсутнічаюць бачныя прыкметы жыцця), у тым ліку пры нізкай тэмпературы зімаваць, закапаўшыся ў грунт нават у неглыбокіх вадаёмах.

У сілу шэрагу асаблівасцяў — афарбоўка маладых жывёлін, адносная іх даступнасць для набыцця і цэлы комплекс памылковых думак (як прадаўцоў, так і пакупнікоў) пра біялагічныя асаблівасці віду — гэтая чарапаха вельмі папулярная ў якасці хатняга гадаванца і нярэдка прадаецца ў месцах масавага збору людзей.

Маладыя асобіны выглядаюць вельмі эфектна і ярка, маюць упрыгожаны жоўтымі плямамі ярка-зялёны карапакс (спінны шчыт панцыра), які з узростам становіцца аліўкавым або брудна-жоўтым. Пластрон (брушны шчыт панцыра) альбо жоўты з цёмным кантам па краі, альбо з жоўтымі палосамі. На галаве, шыі, канечнасцях ёсць малюнак з плям, палос белага і зялёнага колеру. Найбольш характэрнай прыкметай з'яўляецца наяўнасць у раёне вачэй дзвюх падоўжных ярка-чырвоных плям, у некаторых падвідаў яны могуць быць жоўтымі або аранжавымі.

Чырванавухая чарапаха мае сярэдні памер. У нейкай ступені такая фармулёўка ўводзіць у зман тых, хто жадае ўтрымліваць яе ў хатніх умовах. Даўжыня карапакса дарослай асобіны рэдка перавышае 30-35 сантыметраў. У любым выпадку, і гэтыя памеры ў хатніх акварыумах вялікія. Нават для маладой чарапахі неабходны акварыум аб'ёмам не менш за 100 літраў, з уладкаваным выхадам на сушу, на долю якой павінна прыходзіцца каля чвэрці ўсёй плошчы.

З дому на волю

Акрамя адносна хуткага павелічэння ў памерах, з узростам мяняецца і афарбоўка гэтых чарапах. Панцыр становіцца практычна чорным, што памяншае іх першапачатковую прывабнасць. Дарослыя чырванавухія чарапахі — гэта моцныя і агрэсіўныя драпежнікі, якіх вельмі цяжка прыручыць. Да таго ж яны патрабуюць пастаяннага догляду. У прыватнасці, рэгулярнай змены вады, наяўнасці даволі дарагога абсталявання і асаблівай дыеты. Усё гэта ў сукупнасці прыводзіць да таго, што многія ўладальнікі, асабліва няправільна інфармаваныя пры куплі, з часам пачынаюць шукаць варыянты пазбаўлення ад гадаванца. Не дзіўна, што многія заакуткі, заалагічныя кафедры ўніверсітэтаў, заапаркі, дзіцячыя экацэнтры, а часта і заамагазіны літаральна перапоўненыя дарослымі чарапахамі, якіх з задавальненнем аддаюць туды гаспадары.

Аднак сярод уладальнікаў сустракаюцца і тыя, хто выпускае гадаванцаў у натуральныя вадаёмы. Яны не думаюць пра тое, што чарапахі будуць вымушаныя пастаянна змагацца за выжыванне, у тым ліку з неспрыяльнымі для іх кліматычнымі ўмовамі. У цяперашні час ва Усходняй Еўропе, і ў Беларусі ў тым ліку, сустракаюцца пакуль адзінкавыя выпадкі рэгістрацыі ў натуральных вадаёмах чарапах, якія паспяхова перазімавалі. Але назіраныя тэндэнцыі змены клімату ў перспектыве могуць прывесці да зняцця перад гэтым відам асноўнай перашкоды для экспансіі.

Чырванавухая чарапаха ўжо актыўна пракралася ў натуральныя экасістэмы больш чым 30 краін Еўропы, Паўднёва-Усходнюю Азію, Аўстралію. У апошняй па выніках мэтанакіраваных даследаванняў быў даказаны адмоўны ўплыў віду на мясцовую герпетафаўну (паўзуноў). Гэта паслужыла падставай для ўключэння чырванавухай чарапахі ў спіс шкодных відаў на кантыненце. Цяпер такі статус яна мае і ў краінах Еўрасаюза, дзе з 1997 года забаронены яе імпарт.

Сёння важна прадухіліць распаўсюджанне гэтага віду ў Беларусі. У нашай краіне забаронены выпуск чырванавухай чарапахі ў натуральныя экасістэмы, вядзецца асветніцкая работа з трымальнікамі гэтых жывёл. Уладальнікам гадаванцаў важна ведаць, што нельга выпускаць іх на летні перыяд у вадаём на прысядзібным участку, бо пры добрых умовах чарапахі могуць пакінуць яго. Такія факты ўжо былі зафіксаваныя ў розных рэгіёнах Еўропы.

Алег БАРАДЗІН, кандыдат біялагічных навук, вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі наземных беспазваночных НПЦ па біярэсурсах НАН Беларусі

Загаловак у газеце: Чырванавухая пагроза

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.