Вы тут

Расказваем, як плогеры прыбіраюць сталіцу


А вы спрабавалі калі-небудзь бегаць і збіраць смецце адначасова? Калі так, віншуем: вы — плогер! Не? Можа, самы час пачаць? Зусім нядаўна ў нашай краіне стартаваў праект Рlоggіng Bеlаrus, які прапануе ўсім ахвотным сумясціць карысныя заняткі і забіць адразу двух зайцоў — умацаваць сваё здароўе і дапамагчы прыродзе.


Для любога ўзросту і фізічнай падрыхтоўкі

Падчас забегаў плогеры сабралі 769 кг смецця, з іх каля паловы не перапрацоўваецца.

Сёння плогінг — гэта папулярны экалагічны рух, але яшчэ тры гады таму пра яго ніхто не ведаў. Усё пачалося ў Швецыі з неабыякавых людзей, якія на прабежцы збіралі смецце і затым выкладвалі яго фатаграфіі ў сацыяльныя сеткі, каб прыцягнуць увагу да праблемы. Экаактывіст Эрык Альстром вырашыў зрабіць гэтыя забегі арганізаванымі і запусціў праект Рlоggа. Пасля чаго да руху далучылася больш за 40 краін.

У Беларусь жа плогінг прыйшоў дзякуючы Аляксандру Беўзу. Ён ужо даўно хацеў арганізаваць у нас экалагічныя забегі, але ўсё ніяк «рукі не даходзілі».

— Зразумеў, што пара дзейнічаць, калі ўбачыў у інтэрнэце пост знаёмай з падобнай прабежкі. Звязаўся з Цэнтрам экалагічных рашэнняў, каб атрымаць неабходную кансультацыю па месцах прыборкі і сартавання смецця. На просьбу адгукнулася яго супрацоўніца Наталля Блышчык. Я хоць і стараюся весці экалагічна дружалюбны лад жыцця, але ўсё ж у некаторых пытаннях, лічу, лепш даверыцца прафесіяналам, — расказаў Аляксандр.

Першы забег прайшоў 1 мая ў Лошыцкім яры. З таго часу было яшчэ два забегі. Вызначыцца з месцам дапамагае спецыяльная карта забруджаных тэрыторый на сайце праекта «Зробім!». Па словах Аляксандра, перад тым, як «запускаць» на лакацыю плогераў, ён сам уважліва яе вывучае. Там не павінна быць зараснікаў і небяспечных участкаў, але павінна быць смецце, каб эфектыўна выкарыстоўваць працу ўдзельнікаў.

Тым не менш плогінг — гэта сімбіёз бегу і прыборкі, таму зацыклівацца толькі на смецці нельга. Менавіта таму забегі праходзяць на час, каб ніхто не адставаў. Дыстанцыі могуць адрознівацца. Напрыклад, першы раз трэба было пераадолець 3,5 км, а ў найбліжэйшы ўжо плануецца каля 6 км. На ўсіх лакацыях ёсць некалькі кантрольных пунктаў, дзе ўдзельнікі могуць выкінуць смецце, якое потым адсартуюць валанцёры.

— Некаторыя думаюць, што мы запрашаем толькі спартсменаў, але гэта зусім не так. Людзі прыходзяць абсалютна рознага ўзросту і з рознай фізічнай падрыхтоўкай — гэта не мае значэння, плогінг падыходзіць усім! Праблема ўзнікае толькі з тым, што часта ў нас удзельнікі дзеляцца на два лагеры: адны хочуць усё прыбраць да апошняй паперкі, а гэта фізічна немагчыма падчас забегу, другія, наадварот, — больш прабегчы. Аднак гэта нават да лепшага. Першым мы прывіваем любоў да спорту, другім расказваем пра экалагічныя праблемы, — адзначыў Аляксандр.

«Ты ўжо не можаш прабегчы міма смецця»

На забег плогераў просяць прыносіць свае старыя пальчаткі, пакеты, шматразовыя бутэлечкі і тэрмакубкі (калі чагосьці няма, то арганізатары падзеляцца). Гэта прынцыповая частка праекта — не проста прыбраць смецце, а і ўвогуле яго не ствараць і тлумачыць іншым, чаму звычайнай прыборкай і сартаваннем праблему не вырашыць.

— Я доўга думаў, як можна пераканаць людзей, якія смецяць, гэтага не рабіць. І прыйшоў да высновы, што калі чалавек свядома пакідае горы бутэлек у лесе ці парку, то тут ужо складана нешта змяніць. У той жа час многія не ведаюць ці не задумваюцца, што той жа недакурак — гэта не проста папера, у яго фільтры ёсць мікрапластык, які не раскладзецца яшчэ сотні гадоў і лёгка можа трапіць у ваду, глебу і да нас у ежу, — падкрэсліў Аляксандр.

У планах каманды праекта ў канцы сезона накіраваць ліст у Мінгарвыканкам, каб заявіць пра сябе, а таксама ініцыяваць устаноўку сметніц у тых месцах, дзе яны прыбіраюць: пакуль іх там недастаткова ці зусім няма. Акрамя гэтага, прыцягнуць да забегу буйныя кампаніі, чыю ўпакоўку часцей за ўсё знаходзяць удзельнікі.

Аляксандр не мае ілюзій, што плогінг у адно імгненне дапаможа вырашыць праблему са смеццем і з тымі, хто яго стварае. Але лічыць, што асабісты прыклад абавязкова прымусіць задумацца тых людзей, якія знаходзяцца побач. Напрыклад, ён у свой час змог натхніць калег збіраць накрыўкі ад бутэлек, і, хоць даўно ўжо не працуе з імі, яны працягваюць гэтым займацца. Так і з любімым паркам або скверам. Калі людзі будуць бачыць, што хтосьці за ім даглядае, магчыма, і ў тых, хто смеціць, ужо не падымецца рука выкінуць недакурак на траву. А там, глядзіш, «паглыбяцца ў тэму» і самі стануць плогерамі.

Кацярына ЦІТОВА


Наступны забег плогераў пройдзе 7 верасня. Зарэгістравацца можна па спасылцы httр://рlоggіngbу.tіldа.ws/#rес99127970. Далучайцеся!

Загаловак у газеце: Прабежкі па... смецце

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?