Вы тут

Румас: Праект праграмы дзеянняў па інтэграцыі ў Саюзнай дзяржаве прадставяць Прэзідэнту


Увечары ў пятніцу Сяргей Румас даў інтэрв’ю праграме «Размова ў Прэзідэнта» на тэлеканале «Беларусь 1».


Фота БЕЛТА

Адказваючы на ​​пытанне аб падрыхтоўцы праграмы дзеянняў па інтэграцыі ў Саюзнай дзяржаве, Сяргей Румас праінфармаваў, што яна практычна ўзгоднена. «З Прэзідэнтам неабходна было абмеркаваць некалькі прынцыповых момантаў, якія закладзены ў гэтай праграме. У прынцыпе кіраўнік дзяржавы ўхваліў падыходы, якія ўзгадніў урад са сваімі калегамі. Мы ў аўторак ужо ўнясём кіраўніку дзяржавы праект гэтай праграмы для адабрэння, каб ужо ў пачатку верасня (у мяне ёсць дамоўленасць з маім калегам Дзмітрыем Анатольевічам Мядзведзевым) прэм’ер-міністры парафіравалі гэтую праграму», - сказаў кіраўнік урада.

Сяргей Румас коратка выклаў сутнасць праграмы. Рэалізацыя яе канцэпцыі будзе азначаць выкананне прынцыпу «дзве краіны — адзін рынак». Ён падкрэсліў, што ў дакуменце няма пытанняў палітычнага характару, якія бударажаць у некаторых СМІ. Прэм’ер-міністр выказаў здагадку, што збольшага гэта адбываецца таму, што раней перагаворшчыкі не раскрывалі палажэнняў гэтай праграмы. «Думаю, пасля парафіравання ўрады дзвюх краін апублікуюць яе, каб у грамадскасці былі знятыя асцярогі з нагоды пытанняў суверэнітэту і іншых», — адзначыў ён.

Праграма накіравана на рэалізацыю чыста эканамічных палажэнняў і прадугледжвае механізмы, пры якіх у дзвюх краінах будзе функцыянаваць адзіны рынак. Большасць беларускіх прадпрыемстваў гатовыя канкурыраваць на ім з расійскімі, падкрэсліў прэм’ер-міністр. Для тых, што асцерагаюцца такой канкурэнцыі, будуць прадугледжаны пераходныя перыяды, падчас якіх яны змогуць прыняць кампенсацыйныя меры.

Доўгатэрміновая мэта - у павышэнні канкурэнтаздольнасці ў цэлым, што неабходна з улікам перспектывы ўступлення Беларусі ў СГА. Праца па далучэнні краіны да арганізацыі ўступае ў заключную стадыю. «У нас застаецца ўсё менш і менш неўрэгуляваных пытанняў. Нашы чатыры партнёры па еўразійскай інтэграцыі ўжо ў СГА, і Беларусь, па сутнасці, прыняла на сябе ўсе абавязацельствы ў рамках СГА, не з'яўляючыся яе членам», — звярнуў увагу Сяргей Румас. «Для нас уступленне ў СГА прынясе толькі станоўчыя моманты, таму што краіны, якія сёння з намі працуюць і ўсталёўваюць бар’еры як з краінай — не членам СГА, павінны будуць падпарадкавацца агульным правілам», — падсумаваў ён.


Рост коштаў на сацыяльна значныя тавары прыпыніцца

Сяргей Румас канстатаваў, што цэны на сацыяльна значныя тавары, у прыватнасці на малочную групу, на крупы, узраслі за кошт павелічэння гандлёвай надбаўкі. «Сёння ў нас ідзе нармальны дыялог з сеткамі. Мы паказваем ім гэты рэзкі скачок цэн. Думаю, што вынікам гэтай працы будзе тое, што прырост цэн па сацыяльна значных таварах прыпыніцца», — сказаў прэм’ер.

Калі нядобрасумленныя ўдзельнікі рынка будуць выстаўляць неабгрунтаваныя надбаўкі, то ў МАРГ ёсць права ўводзіць цэнавае рэгуляванне на асобныя групы тавараў да 90 дзён, нагадаў Сяргей Румас. «Нам не хацелася б звяртацца да гэтага інструмента. Ён не выкарыстоўваўся з 2016 года. Але калі ўрад будзе бачыць негатыўнае развіццё гэтай сітуацыі, то я не выключаю вяртання да такога часовага рэгулявання», — адзначыў ён.

Аналіз кошту спажывецкага кошыку паказвае нераўнамерны рост коштаў на розныя групы тавараў і паслуг. «Цэны на сацыяльна значныя тавары выраслі больш хуткімі тэмпамі — на некаторыя з іх да 10%, што, вядома ж, вышэй за агульную інфляцыю. Гэтая тэма з’яўляецца прадметам пільнай увагі з боку Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю», — падкрэсліў Сяргей Румас.


Новыя падыходы па датэрміновай выплаце сямейнага капіталу могуць распаўсюдзіць на першую праграму

Праект указа аб працягу праграмы сямейнага капіталу распрацаваны з улікам даручэнняў кіраўніка дзяржавы і ўнесены на яго разгляд. «Урад прапанаваў новыя падыходы, якія тычацца датэрміновага выкарыстання сродкаў, распаўсюдзіць і на тыя шматдзетныя сем’і, якія атрымалі сямейны капітал па праграме 2015-2019 гадоў», — адзначыў Сяргей Румас. Такім чынам, дзве праграмы будуць зроўнены, і тыя, хто атрымаў сямейны капітал па першай праграме, не будуць ушчэмленыя, падкрэсліў ён.

Кіраўнік урада распавёў пра асаблівасці праграмы, якая ў выпадку адабрэння Прэзідэнтам, будзе рэалізоўвацца ў 2020-2024 гадах. У прыватнасці, сям’я атрымае магчымасць распараджацца сродкамі сямейнага капіталу, ня чакаючы 18-годдзя дзіцяці, для паляпшэння жыллёвых умоў, адукацыі аднаго з членаў сям’і, медыцынскага абслугоўвання. Урад прапанаваў пашырыць пералік медпаслуг, якія могуць быць прафінансаваны за кошт сродкаў сямейнага капіталу. Акрамя таго, сямейны капітал будзе налічацца ў суме Br22,5 тыс. «Гэта больш за $10 тыс., якія налічваліся па папярэдняй праграме», — звярнуў увагу Сяргей Румас.

Ён нагадаў, што з 2021 года кожная шматдзетная сям’я, якая стаіць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў, павінна на працягу аднаго года атрымаць ад дзяржавы прапанову аб пабудове кватэры. Для выканання гэтай задачы ў краіне павялічана колькасць дамоў, якія ўводзяцца для шматдзетных сем’яў. У 2018 годзе пабудавана і 8,8 тыс. кватэр — больш чым у тры разы больш, чым у 2017 годзе. «На 2019 год — планка ўжо 12 тыс. кватэр. Сёння мы бачым, што гэтыя планы павінны быць выкананы», — сказаў прэм’ер-міністр. Ён адзначыў, што ў 2020 годзе для шматдзетных плануецца пабудаваць ужо амаль 14 тыс. кватэр.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».