Вы тут

Знакі Літвінавай. Мастачка, якую можна адкрываць бясконца


Мастачка, якую можна адкрываць бясконца. А разам з ёю — адкрыць выхад у бясконцасць мастацтва. Шыкоўны жывапіс — гэта тая галактыка, у якой сыходзяцца творы-планеты: у кожным асобны свет са сваімі колерамі, формамі, адаптаванымі пад наша зямное ўспрыманне. Адбіткі гэтых планет на нябеснай карце — гэта яе акварэлі, такія ж багатыя на вобразы і колер. Парталамі, што звязваюць з гэтай галактыкай, можна назваць графіку Літвінавай. Бо нават чорна-белыя малюнкі, накіданыя, здаецца, лёгка, за нейкае імгненне, пераносяць у свет майстэрства, дзе аўтар сваімі рукамі стварае Сусвет. Ён можа існаваць паралельна з вашым, можа перакрыжоўвацца, накладвацца на яго, узмацняючы дакладнасць ліній, якія мы малюем у сваім жыцці, ці напітваючы колерамі, якіх нестае. Асабліва напрыканцы лета, якое не атрымалася надта яркім.


Тым не менш адным з тых людзей, хто расквеціў наша лета сёлета, стала Зоя Літвінава. Асветны праект «Мастак і горад», нават калі і скончыўся на плошчы Якуба Коласа, то паклаў пачатак больш глыбокаму знаёмству з творчым космасам Літвінавай. На гэтым тыдні ёй прысвечаны адразу дзве выстаўкі, і адна дапаўняе другую.

Мемарыяльны музей-майстэрня Заіра Азгура знаёміць з праектам «Знакі творчай волі». Чыя тут воля вяршэнствуе? Стваральніка. Аўтара, вядома. Малюнак на афішы знаёміць з мастачкай: аўтапартрэт, чорным па белым. Можна сказаць, нават інтэрактыўны, таму што застанецца вобраз, які кожны глядач зможа расквеціць у сваёй свядомасці. Гэта так ці інакш захочацца зрабіць, асабліва, калі ўжо ведаеш яе жывапіс. І знойдуцца адказы на пытанні пра тое, адкуль такая нястрымная энергія. Малюнак як найлепш паказвае, якая дзіўная сіла схаваная ў руцэ гэтай жанчыны. Яна стварае свой Сусвет нават тады, калі малюе партрэты ці пейзажы — падабенства можа і мае значэнне, але саступае аўтарскай экспрэсіі.

І яшчэ больш экспрэсіі... Па яе варта пайсці ў Нацыянальны гістарычны музей, дзе ў адной з залаў сыходзяцца «Сто дарог» мастачкі, выстаўка акварэляў. І тут чакаюць адкрыцці, адно з іх — самі акварэлі, па якіх можна пазнаць жывапісца Літвінаву. Акварэль прынята лічыць лёгкім матэрыялам, на які вельмі кладуцца тонкія празрыстыя выявы. Але акварэль Літвінавай сакавітая, напоўненая фарбамі гэтак жа шчодра, як і яе алейныя палотны. А што рабіць, каб адлюстраваць далёкія і экзатычныя краіны, у якіх пабывала за жыццё мастачка? Афрыка, Азія, горы, раўніны... Гэта яе ўражанні застылі яскравымі фарбамі на паперы — здаецца, ці не выпадкова праліліся. Але насамрэч кожная колеравая пляма на сваім месцы, дапамагае захаваць аднойчы ўхопленае адчуванне нейкай мясціны. І колеры тут маюць вялікае значэнне. Афрыканскі чырвоны і чырвоны беларускі — вельмі розныя. Адзін — гарачы, такое адчуванне, што абпальвае на адлегласці. Другі — радасны і рамантычны, як водбліскі сонца, што заходзіць у хмарах.

І ўсё ж нашы колеры — больш зямныя, стрыманыя, але дазваляюць уварванне іншых адценняў, на кантрасце. І разумееш, што нават у сваёй шэрай будзённасці такіх адценняў бывае шмат — а ці фіксуем, ці паспяваем ухапіць падараваную нам яркасць? Так, каб без скаргаў на тое, што выбар фарбаў на сваім месцы абмежаваны (тымі ж прыроднымі ўмовамі), і па яркасць трэба ехаць у чужыя землі. Зоя Літвінава наведала іх шмат. І паказала: выбар фарбаў аднолькавы. Варта толькі прыкласці намаганні, каб яны распаўсюдзіліся па карціне па патрэбных нам лініях і ў неабходных прапорцыях. І можа жыццё стане такое ж яркае, як творы мудрай Зоі Літвінавай, якімі захапляюцца ў розных краінах.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?