Вы тут

Як беларускія ваенныя інжынеры заваявалі серабро на Армейскіх гульнях


Ролю інжынерных войскаў цяжка пераацаніць. Яны прызначаны для таго, каб аблегчыць складанасць і скараціць час выканання баявых задач іншых падраздзяленняў. На Армейскіх гульнях — 2019, якія праходзілі ў першай палове жніўня, беларускія вайскоўцы паказалі другі вынік у конкурсах «Інжынерная формула» і «Бяспечны маршрут». Прычым па выніках першага паўфіналу «Інжынернай формулы» нашы экіпажы былі і ўвогуле найлепшыя. Праходзілі гэтыя спаборніцтвы на палігоне пад расійскай Цюменню. Падрабязнасці расказвае старшы афіцэр штаба кіравання інжынерных войскаў Генеральнага штаба Узброеных Сіл падпалкоўнік Дзяніс Васілевіч.


— Падрыхтоўка асабовага складу стартавала яшчэ ў снежні, ад пачатку новага навучальнага года ва Узброеных Сілах. На гэтым этапе мы праводзілі спаборніцтвы паміж падраздзяленнямі і воінскімі часцямі інжынерных войскаў, падчас якіх і былі адабраны па два найлепшыя склады экіпажаў на кожны раўнд «Інжынернай формулы». Пасля гэтага спатрэбіўся яшчэ месяц на канчатковую падрыхтоўку. Усе нашы машыны выконвалі не толькі спецыялізаваныя задачы, але і былі абавязаны праехаць па трасе з перашкодамі. Гэта значыць, пераадолець брод, абмежаваны праход, прайсці «змейкай», спусціцца і падняцца.

Першай стартавала інжынерная машына загароджання. Яна выконвала задачу па ўладкаванні інжынерных загарод, надаўбняў. З дапамогай маніпулятара браліся бярвёны і ставіліся на падрыхтаваныя ячэйкі. За ёй выходзіла машына для выкопвання катлаванаў. Патрабавалася вырыць паглыбленне даўжынёй чатыры метры і глыбінёй да метра. Катлаваны гэтыя выкарыстоўваюцца для таго, каб схаваць, напрыклад, танкі.

Трэцяй перад суддзямі з'явілася машына-пуцеўкладчык. Ён прызначаны для пракладвання калоннай шляху для ваеннай тэхнікі ў выглядзе грунтовай дарогі на выпадак руху па бездарожжы. Акрамя таго, калі з-за дзеянняў праціўніка дарожнае палатно аказалася моцна пашкоджаным, гэтая машына яго зараўняе, яна робіць роўную дарогу. І гэта яшчэ не ўсё — пуцеўкладчык мусіў закапаць катлаван.

За ім з'явіўся гусенічны мінны загараджальнік. Гэтая машына выкарыстоўваецца для ўстаноўкі соцень процітанкавых мін перад пярэднім краем на выпадак прарыву праціўніка. Размяшчацца яны могуць як у зямлі, так і на паверхні грунту. Міны адразу ж пераводзяцца ў баявое становішча і гатовы для выкарыстання. На конкурсе ж дастаткова было закласці 16 мін. За загараджальнікам выязджала ўстаноўка размініравання. Яна прызначана рабіць праходы шырынёй да шасці метраў у мінных палях для таго, каб захоўваць тэмп наступлення. Расія, напрыклад, прадэманстравала эфектыўнасць такой устаноўкі падчас канфлікту ў Сірыі. Больш за тое, выкарыстоўваць гэтую машыну можна і ў грамадзянскіх мэтах падчас тушэння лясных пажараў. Толькі тут машына пракладзе ўжо з дапамогай выбухаў зараду паласу, каб агонь не ішоў па зямлі. Агонь будзе адсечаны і неўзабаве патушаны. З адным, праўда, «але». У нашых рэаліях гэта будзе даволі дорага ў параўнанні з традыцыйнымі метадамі. Адзін пагонны метр шнура вымагае некалькі кілаграмаў пластыту.

Апошнім на дыстанцыю выходзіў экіпаж плавучага транспарцёра. Ён браў на борт аўтамабіль «Урал» ці «Камаз» і адпраўляўся ў заплыў на 150 метраў, агінаў буй і вяртаўся назад. Груз трэба было вярнуць на тое месца, адкуль яго ўзялі.

Натуральна, немагчыма прайсці гонку без штрафных хвілін. Таму арганізатары вынайшлі цікавы спосаб спрасціць працэс іх падліку. На транспарцёры быў устаноўлены адмысловы таймер. Запускаўся ён толькі пасля таго, як плавучы сродак дасягаў буя. Вымушаны піт-стоп працягваўся, пакуль на таймеры не загараліся адны нулі.

Плавучым транспарцёрам кіраваў начальнік інжынернай службы 188-й інжынернай брыгады Аляксандр Анчук.

— Адборачны разлік быў сфарміраваны яшчэ ў сакавіку, — кажа ён. — Яшчэ месяц спатрэбіўся на трэніроўкі, якія праходзілі два-тры разы ў тыдзень. Трэніраваліся мы ў сябе дома ў Магілёве куды больш, чым у Цюменскай вобласці Расіі. Самае складанае тут — не плыць, а пагрузіць і выгрузіць аўтамабіль, які мы цягнем. Вага «Урала» перавышае восем тон! Але мы рухаліся не толькі па вадзе. Напрыклад, па сушы наш транспарцёр мусіў пераадолець некалькі перашкод. Гэта вузкакалейны мост, процітанкавы роў, брод, абмежаваны праход, у тым ліку і з паваротам, «змейка», горка... Сакрэт поспеху быў просты. Гэта імкненне як мага больш скараціць час пры захаванні ўсіх мер бяспекі і зладжаныя дзеянні разліку. Мы шмат часу нагналі менавіта па вадзе, паколькі можна было дапамагаць сабе гусеніцамі.

— Наколькі вялікай была канкурэнцыя?

— Гэта ўжо пятыя інжынерныя Гульні, у якіх мы прымаем удзел, — працягвае Дзяніс Васілевіч. — Прычым колькасць дзяржаў расце. Сёлета ўжо было шэсць камандаў — Беларусь, Расія, Манголія, Пакістан, Кітай і Лаос. Прайшлі два паўфіналы. З кожнага з іх у вырашальны раўнд выйшлі па дзве найлепшыя каманды. Прычым наша каманда паказала вельмі годны вынік. Мы ішлі нароўні з Расіяй. А першы паўфінал і наогул выйгралі з істотным запасам па часе. Але вось недзе паспяшаліся і «налавілі» крыху штрафнога часу. Што ж, ёсць над чым працаваць.

— З каго складаліся экіпажы?

— Экіпажы гусенічнай машыны загароджання і ўстаноўкі размініравання, напрыклад, поўнасцю скамплектаваны з салдат тэрміновай службы. Астатнія ж экіпажы былі змешаныя — у іх увайшлі і вайскоўцы-кантрактнікі. А вось, напрыклад, у расіян салдат тэрміновай службы наогул не было.

Да і калі згадаць папярэднюю працэдуру адбору, то ў нас спаборнічалі экіпажы, а ў Расіі — воінскія часці, падраздзяленні і акругі. Гэта цалкам нармальна, калі зважаць на тое, што армейскія рэсурсы дзвюх краін непараўнальныя. Увогуле, Армейскія гульні — гэта цудоўная база для падрыхтоўкі асабовага складу. А зусім хутка мы адправімся на вучэнні «Шчыт Саюза — 2019», якія пройдуць у верасні.

Начальнік штаба, першы намеснік камандзіра інжынерна-сапёрнага батальёна 2-й інжынернай брыгады Віталь Каржуеў быў капітанам дружыны, якая ўдзельнічала ў конкурсе «Бяспечны маршрут». Нашы ваенныя інжынеры здабылі на «Армейскіх гульнях — 2019» серабро і ў гэтай намінацыі.

— Для нас спаборніцтвы пачаліся з пераадолення інжынерна-штурмавой паласы перашкод, — расказвае Віталь Каржуеў. — Там шчыравалі камандзір аддзялення і чатыры сапёры. Пасля гэтага трэба было ўстанавіць цяжкі механізаваны мост. І вось тут нас па прылёце ў Расію чакаў сюрпрыз. Калі мы ўстанаўліваем у Беларусі такі мост пры дапамозе аўтамабіля КрАЗ, то на Армейскіх гульнях мы павінны былі паказаць тое самае на Кам-
АЗах. Кіраванне расійскім аўтамабілем больш складанае. А на асваенне яго ў нас было ўсяго пяць дзён. Але нічога, нашы байцы справіліся там выдатна, устанавіўшы чатыры секцыі моста. І нават больш за тое, менавіта на гэтым этапе яны і выйшлі на другое месца, апярэдзіўшы каманду Узбекістана.

У трэцім раўндзе паміж сабой сапернічалі экіпажы пуцепракладчыкаў БАТ. Ім трэба было падрыхтаваць пераход цераз перашкоду. Таксама вызначаўся найлепшы экіпаж інжынернай машыны ІМР. Перад імі была пастаўлена задача разабраць лясны завал і земляную перашкоду, а таксама падрыхтаваць пераход цераз процітанкавы роў. Найлепшым тут стаў экіпаж беларусаў, які атрымаў адпаведную ўзнагароду. А цяпер самае цікавае — ён быў скамплектаваны... з вайскоўцаў тэрміновай службы. Ад іншых краін на машыне ІМР дыстанцыю праходзілі выключна кантрактнікі.

За званне найлепшай сапернічалі пяць камандаў, чатыры з якіх выйшлі ў фінал. Гэта Беларусь, Расія, Узбекістан і Кіргізія. Нашы інжынеры занялі па выніках паўфіналаў трэцяе месца, і гэтага хапіла для выхаду ў вырашальны тур.

Найлепшых вайскоўцаў на спаборніцтвы адбіраў намеснік камандзіра 2-й інжынернай брыгады Сяргей Дзямчышын.

— На Армейскіх гульнях мы выступаем ужо пяты раз, — паведаміў ён. — Зборная наша скамплектавана з прадстаўнікоў розных часцей. І каб падрыхтавацца да Гульняў на належным узроўні, мы на тэрыторыі брыгады стварылі амаль такую ж трасу, як і ў Цюмені.

Гутарыў Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота перададзена 2-й інжынернай брыгадай

Загаловак у газеце: Формула інжынернага поспеху

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.