Вы тут

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?


Адной з «топавых» навін на працягу апошняга тыдня стала зацікаўленасць прэзідэнта ЗША ў куплі вострава Грэнладыя. Цяпер гэтая аўтаномная тэрыторыя ўваходзіць у склад Каралеўства Данія. Як паведаміла The Wall Street Journal, амерыканскі лідар неаднаразова высвятляў падчас сустрэч, абедаў і проста мімалётных размоў, ці могуць Злучаныя Штаты набыць гэтую частку сушы, і нават папрасіў свайго адваката ў Белым доме вывучыць ідэю. Пазней Дональд Трамп пацвердзіў журналістам, што насамрэч цікавіўся купляй вялізнага вострава. Па яго словах, «стратэгічна гэта цікава». Амерыканскі лідар адзначыў, што ЗША і Данія — добрыя саюзнікі. «Па сутнасці, гэта буйная здзелка з нерухомасцю», — заўважыў Трамп. Чым жа такая прывабная закаваная ў лядовы панцыр Грэнландыя?


«Брэнд» Эрыка Рудага

Грэнландыя — самы вялікі ў свеце востраў, плошча якога складае больш за 2,1 мільёна квадратных кіламетраў (працягласць 2 690 кіламетраў з поўначы на поўдзень). Ён знаходзіцца паміж Атлантычным і Паўночным Ледавітым акіянамі. Адметна, што геаграфічна Грэнландыя з'яўляецца часткай Паўночнай Амерыкі, аднак палітычна і культурна звязана з Еўропай. Вялікая частка супервострава пакрыта льдамі, якія ўтварыліся яшчэ ў апошні ледавіковы перыяд, каля 11 500 гадоў таму. Іх таўшчыня дасягае 3,4 кіламетра, больш важкі панцыр толькі ў Арктыкі. Усяго 15,7 працэнта плошчы вострава свабодная ад ільдоў.

Паводле адной з версій, ён быў адкрыты ісландскім мараком Гунб'ернам каля 875 года. А першае даследаванне ў 982-м здзейсніў вікінг Эрык Торвальдсан (Руды), які быў прысуджаны да трохгадовага выгнання з Ісландыі. Ён назваў гэтае месца «Зялёнай зямлёй» (даслоўна Gronland). Чаму менавіта так? Наконт гэтага існуе некалькі тэорый. Згодна з першай, у тыя часы клімат у тамтэйшых мясцінах быў мяккі, і прыбярэжныя раёны паўднёвага захаду вострава пакрывала густая расліннасць. Згодна з другой тэорыяй, Грэнландыя была названая так з адзінай мэтай — прыцягнуць сюды больш пасяленцаў. Дзякуючы ўдаламу «брэнду» Эрык падбухторыў землякоў выправіцца ў экспедыцыю і ў 986-м 25 караблёў з эмігрантамі і жывёлай адплылі з Ісландыі ў Грэнландыю, але да вострава змаглі дабрацца толькі 14 суднаў. На іх прыбылі 350 чалавек, якія заснавалі на востраве калонію Eystrіbyggd («Усходняе паселішча»). Каланізацыя Грэнландыі датчанамі пачалася ў XVІІІ стагоддзі, у 1814 годзе востраў быў абвешчаны дацкай калоніяй, а ў 1953 быў уключаны ў склад Дацкага каралеўства. Разам з Даніяй у 1973 увайшоў у Еўрапейскую супольнасць (пазней стала Еўрапейскім саюзам), аднак у 1985 годзе выйшаў з ЕС з-за нязгоды па квотах на рыбную лоўлю.

Насельніцтва Грэнландыі цяпер складае каля 57 тысяч чалавек, з іх каля 90 працэнтаў — інуіты (эскімосы). Фактычна востраў — гэта высокае нагор'е з прыўзнятымі бакамі, пакрытае мацерыковым лёдам. Летам снег растае толькі ў вузкай — шырынёй ад 10 да 150 км — прыбярэжнай паласе агульнай плошчай 327 тысяч кв. км, на якой і засяроджана ўсё насельніцтва Грэнландыі. На аднаго жыхара прыпадае амаль 15 квадратных кіламетраў тэрыторыі, свабоднай ад лёду. Рэкі прыбярэжнай паласы кароткія і хуткія, маюць вялікія запасы гідраэнергіі. Азёры ўскрываюцца на вельмі кароткі перыяд. Языкі шматгадовага лёду — глэтчары — спаўзаюць з нагор'яў па фіёрдах, утвараючы на вадзе айсбергі. Сувязь па моры з паўднёва-заходнім узбярэжжам Грэнландыі магчымая з ліпеня да кастрычніка. Да ўсходніх берагоў суднам удаецца падысці не кожны год з-за цяжкіх дрэйфуючых ільдоў. На клімат прыбярэжнай паласы Грэнландыі аказваюць уплыў адгалінаванні цёплага цячэння Атлантычнага акіяна — Гальфстрыма. Сярэдняя тэмпература самага халоднага месяца змяняецца ад мінус 37,5 градуса Цэльсія на поўначы да мінус 7,5 градуса на поўдні, а самага цёплага — адпаведна ад плюс 2 да 9,7.

Дзяржава інуітаў

Грэнландыя — аўтаномная тэрыторыя, якая ўваходзіць у склад Каралеўства Данія. Кіраўніком дзяржавы з'яўляецца каралева. Рэальны статус аўтаноміі гэтая тэрыторыя атрымала толькі ў 1979 годзе, калі частка адміністрацыйных функцый перайшла да мясцовых органаў улады, якія змаглі незалежна дзейнічаць у 17 сферах кіравання, якія датычацца ў асноўным сацыяльнай палітыкі, аховы здароўя, адукацыі. У 2008 годзе адбыўся рэферэндум, падчас якога грэнландцы прагаласавалі за новы Закон аб самакіраванні, які даў мясцовым уладам яшчэ больш паўнамоцтваў. У прыватнасці — кантроль над судовай і пенітэнцыярнай сістэмамі, а таксама над паліцыяй. Акрамя таго, па новым законе Грэнландыя займела права на атрыманне даходаў ад здабычы карысных выкапняў, перш за ўсё нафты. Грэнландцам таксама ўдалося дасягнуць пагаднення з Даніяй, згодна з якім жыхары выспы абвяшчаюцца самастойным народам, якія маюць права на нацыянальнае самавызначэнне і незалежнасць, што ў перспектыве можа азначаць стварэнне ўласнай дзяржавы. У кампетэнцыі Даніі засталіся пытанні, якія датычацца абароннай, знешняй і грашовай палітыкі.

Пасля таго як кіраванне перайшло да грэнландскага парламента (лансцінга) і ўрада (лансцюрэ), была праведзена замена асноўных дацкіх тапонімаў на эскімоскія, паколькі інуіты з'яўляюцца карэнным і дамінуючым насельніцтвам гэтага вострава. Грэнландыя пачала называцца Калаліт Нунаат («Зямля Калалітаў»), а сталіца Готхаб — Нук. Правінцыі Паўночнай, Усходняй і Заходняй Грэнландыі таксама былі перайменаваныя адпаведна ў Аванаа, Туна і Кітаа. Каралеву Даніі Маргрэтэ ІІ на востраве прадстаўляе вярхоўны камісар Макаэла Энгель, кіраўніком урада з'яўляецца былы марак і паліцэйскі Кім Кільсен.

Бульба, нафта і ўран

Цяпер асноўныя артыкулы даходаў вострава — субсідыі дацкага ўрада (штогадовыя датацыі складаюць каля 600 мільёнаў долараў — палова гадавога бюджэту Грэнландыі), а таксама экспарт рыбы і крэветак. Змяненне клімату, выкліканае павышэннем тэмпературы ў водах Атлантычнага акіяна, дазваляе вырошчваць на востраве сельскагаспадарчую прадукцыю. Земляробства ў Грэнландыі пакуль распаўсюджана толькі на самым поўдні. Тут знаходзіцца ўчастак у 40 гектараў, на якім вырошчваюць бульбу і капусту. Агародніну саджаюць у маі, а збіраюць ураджай у кастрычніку. Некаторым аграрыям удалося вырасціць бабы, гарох, зеляніну і нават клубніцы. Але асноўнай крыніцай даходу для мясцовага насельніцтва, зразумела, з'яўляецца паляванне і рыбалоўства. На востраве жывуць белыя мядзведзі, на іх палююць дзеля футра, а таксама жоўці і тлушчу, з якіх вырабляюць лекавыя прэпараты. Акрамя таго, у гэтым раёне вялікая колькасць прамысловай рыбы.

У Грэнландыі засяроджаны адны з найбуйнейшых у свеце радовішчаў рэдказямельных металаў, уключаючы неадым, празеадым, дыспрозій і тэрбій, а таксама ўран і пабочныя прадукты цынку. Як адзначаюць аналітыкі, адна з магчымых мэт ЗША — кампанія Greenland Mіnerals, якая выклікала вялікі ажыятаж з таго часу, як пачала працаваць на паўднёва-заходнім паўвостраве Грэнландыі ў 2007 годзе для распрацоўкі рудніка Kvanefjeld, багатага рэдказямельнымі металамі, піша The Guardіan. Мяркуецца, што больш за 100 мільёнаў тон руды знаходзіцца пад зямлёй, і чакаецца, што праект стане адной з найбуйнейшых сусветных вытворчасцяў за межамі Кітая.

Акрамя таго, ЗША цікавыя прывабныя радовішчы нафты на шэльфе Грэнландыі. Упершыню запасы сыравіны на востраве былі выяўленыя ў 2010 годзе. Тады брытанская кампанія Caіrn Energy паглыбілася на першую свідравіну. Але суровыя ўмовы надвор'я дазволілі выконваць работы ўсяго чатыры месяцы ў годзе, што вымусіла карпарацыю пакінуць рэгіён. Аднак летась Нацыянальная геалагічная служба ЗША правяла аналіз нетраў вострава. Амерыканскія інжынеры выявілі на шэльфе значныя запасы, прыкладна 50 мільярдаў бараляў, нафты — супастаўна з Лівіяй. Грэнландыя дзякуючы раставанню ледавікоў у прамым сэнсе падымаецца з-пад вады — гэты феномен вядомы навукоўцам і звязаны з тым, што цяжкая маса лёду ўціскае зямлю ўглыб. Праз 50 гадоў востраў, магчыма, стане ў літаральным сэнсе слова «зялёнай краінай». І багатыя радовішчы стануць больш даступныя.

Лядовы чарвяк

З ваеннага пункту гледжання ЗША даўно выкарыстоўваюць Грэнландыю як частку сваёй глабальнай супрацьракетнай абароны. У 1952 годзе на востраве была пабудавана адна з самых буйных авіябаз ЗША — Туле. Гэты найважнейшы стратэгічны аб'ект знаходзіцца за 1 118 км на поўнач ад Палярнага круга і за 1 524 км ад Паўночнага полюса. Тут размешчаны стратэгічныя бамбардзіроўшчыкі з ядзернай зброяй на борце і магутная радыёлакацыйная станцыя ранняга папярэджання. Доступ да базы магчымы толькі па паветры і моры (порт прымае каля трох месяцаў у годзе). Каб вызваліць месца для будаўніцтва базы, дацкі ўрад выцесніў суполку інуітаў (эскімосаў). Карэнных жыхароў вострава «бесцырымонна адправілі на 65 міль на поўнач у паселішча Нью-Туле, выдаўшы ім коўдры, палаткі і «самыя лепшыя пажаданні», піша гісторык Даніэль Імервар у кнізе «Сапраўдная гісторыя Вялікіх Злучаных Штатаў».

У 1968 годзе пры заходзе на пасадку тут разбіўся B-52 з ядзернай зброяй на борце. Стратэгічны бамбардзіроўшчык упаў на лёд заліва Паўночнай зоркі за 11 кіламетраў ад авіябазы. У выніку ўдару адбыўся выбух усіх чатырох бомбаў, падпаленае паліва праплавіла шматметровы лёд і радыеактыўныя абломкі пайшлі на дно. У гады халоднай вайны ЗША запусцілі ў Грэнландыі праект «Лядовы чарвяк» (Project Іceworm). Мэта — размяшчэнне мабільных ядзерных ракетных стартавых пляцовак пад ледзяным шчытом. Планавалася стварыць сістэму тунэляў даўжынёй 4 тысячы кіламетраў і разгарнуць 600 ядзерных ракет. Пры поўнай загрузцы ў падлёдным цэнтры павінны былі пражываць 11 тысяч ваенных. Да закрыцця праекта ў 1966 годзе паспелі пракласці 21 тунэль, агульнай працягласцю 3 км, пад лёдам узвялі краму і царкву. Цяпер аб'екты недаступныя, тунэлі засыпала амаль адразу пасля прыпынення эксплуатацыі.

Новыя магчымасці

Трамп назваў Грэнландыю абузай для Даніі. Аднак насамрэч усё, мякка кажучы, не зусім так. Датацыі далёкага вострава не перавышаюць паўпрацэнта бюджэтных выдаткаў. Данія ўваходзіць у дзясятку найбагацейшых краін свету, а яе даўгі — толькі траціна ВУП. А вось запазычанасць ЗША перавышае валавы ўнутраны прадукт краіны. Амерыканцы павінны больш за 22 трлн долараў, і гэтая сума не змяншаецца. У бюджэце краіны дзірка ў $1 трлн у год, і пакрываць яе прыходзіцца за кошт пазыковых сродкаў.

«Грэнландыя не прадаецца. Грэнландыя не належыць Даніі. Грэнландыя належыць Грэнландыі, — адказала на задумы Трампа прэм'ер-міністр Даніі Метэ Фрэдэрыксен і назвала гэтую ідэю абсурднай. — Я вельмі спадзяюся, што гэта ён не сур'ёзна». У адказ прэзідэнт ЗША адклаў свой візіт у Данію, які было запланавана здзейсніць у верасні.

У артыкуле часопіса Tіme за 1947 год Грэнландыю назвалі «найбуйнейшым у свеце астраўным стацыянарным авіяносцам». Хуткае раставанне льдоў для навукоўцаў — пагроза клімату, а для палітыкаў — новыя магчымасці. Як заявіў дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа, у такім разе маршрут паміж Азіяй і Захадам скароціцца на цэлых 20 дзён. Арктычныя марскія шляхі могуць стаць «Суэцкім і Панамскім каналамі XXІ стагоддзя». Раставанне льдоў таксама палегчыць доступ да карысных выкапняў. Як цяпер адзначае той жа Tіme, эксперты добра разумеюць: усе гэтыя новыя магчымасці могуць прывесці да таго, што тэрыторыя вакол Грэнландыі стане месцам «палітычнага крызісу XXІ стагоддзя». Зрэшты, першыя яго прыкметы мы ўжо назіраем.

Захар БУРАК

Загаловак у газеце: Прыцягненне супервострава

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як будзе праходзіць перапіс насельніцтва

Як будзе праходзіць перапіс насельніцтва

Старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна МЯДЗВЕДЗЕВА адзначае, што іх ведамства разлічвае перапісаць максімальную колькасць грамадзян з дапамогай укаранёных інавацый.

Грамадства

Адзіныя дзяўчаты-паркуршчыцы ў Беларусі распавядаюць пра свой спорт

Адзіныя дзяўчаты-паркуршчыцы ў Беларусі распавядаюць пра свой спорт

Гэты кірунак спорту ўвайшоў у жыццё былых студэнтак дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры выпадкова.