Вы тут

Мінабароны: Змены ў заканадаўстве дазволяць прызваць у войска на 3 тысячы чалавек болей


У пачатку жніўня набыў моц закон «Аб змяненні законаў па пытаннях эфектыўнага функцыянавання ваеннай арганізацыі дзяржавы». У народзе ён атрымаў назву як «Закон аб адтэрміноўках». Асноўнае яго новаўвядзенне — тое, што цяпер адтэрміноўку па вучобе можна выкарыстоўваць толькі адзін раз. Прынятыя захады дазволяць павялічыць прызыў у войска прыкладна на 3 тысячы чалавек. Пра гэта на круглым стале паведаміў прэс-сакратар Міністэрства абароны Уладзімір Макараў.


- 140 тысяч чалавек прызыўнога кантынгенту ад 18 да 27 гадоў у Беларусі. А гэтай вясной прызвана... усяго 4,2 тысячы чалавек. Выклікана на прызыўныя мерапрыемствы было каля 40 тысяч чалавек. Большасць з іх мела адтэрміноўкі, — заявіў Уладзімір Макараў. — Тыя меры, якія прынятыя, дадуць магчымасць з наступнага года падчас прызыву павялічыць колькасць прызваных на 3 тысячы чалавек. Але мы ўсё роўна не дасягнем паказчыку ў 10 тысяч чалавек, які меў месца ў 2005-2017 гадах. Тым не менш, гэтыя меры дазволяць выконваць задачы мірнага часу. Адначасова гэта дазволіць нам падтрымліваць неабходны ўзровень ваеннаабучанага рэзерву.

Прэс-сакратар ваеннага ведамства дадаў, што агульная колькасць Узброеных Сіл пры гэтым не павялічыцца. Гаворка ідзе толькі пра камплектаванне войскаў вайскоўцамі тэрміновай службы. Іх істотны недабор стаў адчувацца з мінулага года. Уласна кажучы, гэта і стала штуршком да перагляду колькасці адтэрміновак па атрыманні адукацыі. Колькасць дадаткова прызваных у войска складзе максімум 2% ад ліку ўсяго аб’ёму прызыўнога рэсурсу. Агулам жа ва Узброеных Сілах Беларусі — каля 50 тысяч вайскоўцаў і 15 тысяч грамадзянскага персаналу. Ні на аднаго чалавека армія большай не стане. Уладзімір Макараў асобна зазначыў, што большая частка з 50 тысяч вайскоўцаў — гэта кантрактнікі.

-Узброеныя Сілы колькасцю ў 50 або нават 80 тысяч не змогуць абараніць такую краіну, як Беларусь, — дадаў прадстаўнік Міністэрства абароны. — Каб зрабіць гэта ў выпадку рэальнай ваеннай пагрозы, армію трэба будзе павялічыць у некалькі разоў. Патрэбная лічба была абвешчана ў 2018 годзе — аж да паўмільёна, уключаючы тэрытарыяльную абарону. Для гэтага неабходна мець навучаны рэзерв. Дык вось гэты рэзерв, які за апошнія чвэрць стагоддзя ў нас падрыхтаваны, складае каля паўмільёна чалавек, нават крыху больш. Яго хопіць гадоў на дзесяць наперад. Але трэба думаць, што будзе ў 2030 годзе. І важна, каб з таго часу колькасць не памяншалася.

Часова выконваючы абавязкі па пасадзе намесніка камандуючага ўнутранымі войскамі Аляксандр Станчук распавёў, што падчас вясенняга прызыву яго ведамства ўпершыню сутыкнулася з недахопам прызыўнікоў.

-Асаблівасць унутраных войскаў у тым, што ў мірны час большасць падраздзяленняў выконвае службова-баявыя задачы. Напрыклад, ахоўваюць папраўчыя установы. Некаторыя падраздзяленні для паспяховага выканання задач укамплектаваны прызыўнікамі. Ад гэтага года мы гатовы браць на кантрактную службу тых, хто раней не служыў. Тычыцца гэта, аднак, не ўсіх прызыўнікоў, а толькі тых, якія ўжо маюць спецыяльнасць. Напрыклад, кіроўцы, кухары, электрыкі. Нядаўна да нас такім чынам паступіла некалькі прафесійных танцораў. Справа ў тым, што ўнутраныя войскі маюць свае музычныя і харэаграфічныя калектывы.

Але вельмі важным застаецца пытанне прэферэнцый, якія атрымаюць звольненыя ў запас салдаты тэрміновай службы.

— З 2016 года ў ваенным ведамстве быў распрацаваны план павышэння матываванасці да праходжання ваеннай службы і службы ў рэзерве, — кажа Уладзімір Макараў. — Шмат ужо казалася пра прыярытэтнасць пры прадастаўленні інтэрнату, паступленні на дзяржаўную службу. Сярод іншага — захаванне за тымі, хто працаваў да прызыву, права вяртання на ранейшае працоўнае месца незалежна ад формы ўласнасці. Да таго гэтай магчымасцю маглі скарыстацца толькі супрацоўнікі арганізацый дзяржаўнай формы ўласнасці. Таксама вывучаецца магчымасць для тых, хто адслужыў, зніжаць плату за навучанне. Тым жа, хто атрымлівае адукацыю за кошт бюджэту, мяркуецца даплочваць да стыпендыі. Прынцыпова важнае пытанне, на якім мы працягнем настойваць, — гэта ўключэнне ў страхавы стаж працягласць тэрміновай ваеннай службы.

Таксама ад студзеня ў два разы падвышана грашовае забеспячэнне ваеннаслужачых тэрміновай службы. А налета тым, каго прызавуць на вайсковыя зборы, плануюць павялічыць выплаты ў 15 разоў. 

-Зараз салдатам тэрміновай службы плацяць ад 29 да 63 рублёў за месяц, — гаворыць Уладзімір Макараў. — Гэта не мяжа, у рамках плана павышэння матываванасці для праходжання службы прадугледжана, пры наяўнасці адпаведных умоў, далейшае павышэнне. Але пакуль што анансаваць дакладны працэнт і час пакуль рана.

Начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства абароны Сяргей Каспяровіч таксама распавёў пра прэферэнцыі для звольненых у запас, якое рыхтуе яго ведамства. Напрыклад, у год заканчэння службы і яшчэ на наступны год у хлопцаў, якія вярнуліся з войска, будзе права паступіць без іспытаў на запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці. Пры гэтым адзнакі ў атэстаце павінны быць не ніжэйшыя за ўстаноўлены мінімум. Гэтую лічбу яшчэ пакуль не вызначылі. Стане больш і ваенных кафедр. 

— Цяпер існуюць 5 ваенных кафедраў нароўні з тым, што ёсць 7 ваенных факультэтаў. Плануем стварэнне яшчэ дзвюх: адну ў мінскім універсітэце і адну — у брэсцкім. Вядзецца прапрацоўка стварэння ваеннай кафедры яшчэ ў адным універсітэце. Ім стане адна з ВНУ Віцебшчыны. Таксама падрыхтаваны праект заканадаўчага акта для таго, каб студэнты іншых ВНУ праходзілі падрыхтоўку на ваенных кафедрах універсітэтаў, дзе яны ўжо створаны.

Прэс-сакратар міністэрства абароны асобна спыніўся на тэме дапрызыўнай падрыхтоўкі ў школах. «Намі зроблена ў гэтым кірунку вельмі шмат. У прыватнасці, Ваенная акадэмія два разы на год праводзіць спецыяльныя зборы для выкладчыкаў дапрызыўнай падрыхтоўкі. Галоўная праблема ў тым, каб павысіць статус выкладчыка. Адпаведныя прапановы ёсць, яны прапрацоўваюцца».

Валяр’ян ШКЛЕННІК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».