Вы тут

ТОП-5 тэатральных пастановак жніўня


Звычайна жнівень лічыцца месяцам адпачынку, таму многія тэатры не даюць спектаклі, і задача — паглядзець пастаноўку з захапляльным і інтрыгоўным сюжэтам — ускладняецца. Тым не менш некаторыя тэатральныя пляцоўкі сыходзяць у адпачынак часткова і ў гледача ўсё ж такі застаецца магчымасць паглыбіцца ў тэатральнае дзеянне. «ЛіМ» падрыхтаваў ТОП-5 спеклакляў, на якія можна трапіць у жніўні:


Сучасны мастацкі тэатр

Сучасны мастацкі тэатр 19 жніўня запрашае на спектакль «Дом дагары нагамі». Гэта эксцэнтрычная французская камедыя для аматараў вытанчанага гумару на тонкія тэмы ад знакамітага камедыёграфа Марка Камалеці, чыё імя занесена ў Кнігу рэкордаў Гінеса як аўтара самай папулярнай сучаснай французскай п’есы ў свеце.

Інтрыгоўны і нечаканы паварот лёсу ў гэтай непрадказальнай камедыі закручваецца з першых хвілін спектакля. Дзеянне адбываецца ў доме забяспечанай і дружнай сям’і, дзе нечакана — змены ў жыцці кожнага персанажа. Спектакль апавядае пра каханне, здраду, прыхільнасць і звычку. Ён выконвае адначасова забаўляльную і адукацыйную функцыі. У простым сюжэце закладзена філасофія сямейнага адзінства і спакусы.

На працягу ўсей пастаноўкі на сцэне будзе панаваць атмасфера добрага настрою. Спектакль-свята ад рэжысёра Сяргея Савянкова прымусіць смяяцца ад пачатку і да канца, паглыбіўшыся ў прыемную эйфарыю ўтульнага вечара. Лёгка і нязмушана на сцэне будуць жангліраваць мудрагелістымі інтрыгамі акцёры Сучаснага мастацкага тэатра: Уладзімір Ушакоў, Цімур Муратаў, Вікторыя Кавальчык, Віялета Сарвірава, Аляксей Сянчыла, Настасся Ушакова, Юрый Зінчанка і Вольга Фёдарава.

Камерны драматычны тэатр

Камедыя «Клініка» па п’есе англійскага драматурга-камедыёграфа Рэя Куні адбудзецца на сцэне Камернага драматычнага тэатра 20 жніўня. Яна ўяўляе квінтэсэнцыю дынамікі і загадкі. Гэта гісторыя пра мужчынскае сяброўства, нечаканае бацькоўства і пабудову камфортных адносін са светам і жыццём.

Філасофская думка пастаноўкі заключаецца ў непрадказальнасці лёсу кожнага з нас. Рэжысёр Наталля Башава прапануе гледачу прымераць на сябе ролю ўсіх герояў сюжэта і паспрабаваць прааналізаваць ідэю спектакля, паглыбіўшыся ў атмасферу абсурду і гумару. Поспех пастаноўкі заключаецца ў тым, што рэжысёр, улавіўшы думку драматурга, па-майстэрску аб’яднала сюжэтныя анекдатычныя хітраспляценні з розыгрышамі і жартамі.

Падчас спектакля гледачоў будуць здзіўляць акцёры Валерый Кашчэеў, Аляксандра Ільіна, Святлана Нікіфарава, Кірыл Андронаў, Мікалай Лявончык, Святлана Яцэвіч, Таццяна Булгакава, Валянціна Канчар, Павел Адамчыкаў, Святлана Кліменка.

Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў (вул. Някрасава, 3)

У адной з беласнежных залаў НЦСМ 24 жніўня пакажуць спектакль «У адкрытым моры», створаны тэатр-студыяй SEPT па матывах п’есы польскага пісьменніка і драматурга Славаміра Мрожака. Камедыя абсурду рэжысёра Ягора Наймарка расказвае гісторыю пра тое, як тры чалавекі па волі абставін аказаліся абстрагаваныя ў грамадстве адзін ад аднаго. На плыце і адны ў адкрытым моры! У момант, калі запасы ежы скончыліся, перад кожным з іх паўстаў выбар: альбо стаць ахвярай, альбо зрабіць ахвярай іншага. Гісторыя пра выбар альбо пра выпадак? Вырашаць толькі гледачу. Аднак зразумела адно: калі чалавек выходзіць з зоны камфорту, ён памятае толькі пра сябе і выратаваць спрабуе таксама толькі сябе.

У паўсядзённым жыцці слова абсурд — лухта і бязглуздзіца, а ў мастацтве — сістэма філасофскіх поглядаў, у рамках якой сцвярджаецца адсутнасць сэнсу чалавечага быцця. Гісторыя па сваёй сутнасці сумная: трэба выжыць за кошт іншага, змадэліраваць сітуацыю так, каб чалавек сам быў гатовы пайсці на ахвяру.

«У адкрытым моры» — адна з самых папулярных п’ес Славаміра Мрожака. У вострай, гратэскнай форме тут даследуецца праблема маніпулявання чалавечай асобай, калі яна не здольная супрацьстаяць гвалту. Ва ўсе часы гэтае пытанне хвалявала, актуальнае яно і сёння. Менавіта таму тэатр-студыя SEPT звярнулася да згаданай п’есы.

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага

На сцэне Тэатра імя М. Горкага 28 жніўня пакажуць трагедыю «Эдып» народнага артыста Беларусі Барыса Луцэнкі, дзе адкрыта разглядаецца не толькі гістарычны кантэкст, але і пачуццёвы стан герояў.

Міф пра Эдыпа — адзін з самых страшных у гісторыі чалавецтва. Справядлівы правіцель, шчаслівы муж і бацька ў адзін момант не толькі пазбаўляецца ўсяго, але пазнае, што ўсё, чым ён ганарыўся, цяпер ганьба, нагода для пакаяння і болю. І віной крушэння — не злосць зайздроснікаў, не ўласныя заганы. Прычына яго бяды — праклён багоў і гульня лёсу. Дабрабыт валадара разбураны ўслед за дабрабытам горада. Усё абвяшчае канец...

Гэтая філасофская пастаноўка хоць і пераносіць гледача ў эпоху антычнасці, тым не менш захоўвае актуальнасць у сённяшніх рэаліях. Тэмай унутранай сілы, свабоды, барацьбы тонкай ніткай злучаны абсалютна розныя эпохі і пакаленні. Ролі ў спектаклі выконваюць вядомыя акцёры тэатра Руслан Чарнецкі, Настасся Шпакоўская, Валерый Шушкевіч, Віталь Быкаў, Сяргей Юркевіч, Сяргей Жбанкоў, Павел Еўтушэнка.

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага

Яшчэ адна пастаноўка ў Тэатры імя М. Горкага адбудзецца 30 жніўня. На сцэне тэатральнай залы пакажуць спектакль «Оскар і Ружовая Дама» рэжысёра-пастаноўшчыка Віталіны Бідзюк, прэм’ера якога адбылася некалькі месяцаў таму.

У аснове спектакля — п’еса, якая ўяўляе сабой лісты дзесяцігадовага хлопчыка Оскара да Госпада Бога. Іх знаходзіць Ружовая Дама — адна з тых дам, апранутых у спецыяльную вопратку, якія прыходзяць наведваць дзяцей у бальніцу. Дзякуючы Ружовай Даме, з дапамогай той любові, якая звязала іх, хлопчык пражывае кожны дзень як дзесяць гадоў жыцця, паспявае пасталець, палюбіць, выпрабаваць усё, што наканавана кожнаму на працягу жыцця, і прымірыцца з непазбежным.

Гэта гісторыя пра двух людзей і два розныя светы. Ніхто не ведае, дзе заканчваецца праўда і пачынаецца фантазія, таму што жыццё сплятаецца ў складаны клубок рэальных трагедый і выдуманых вобразаў. Як можна ў 10 гадоў вырашыць тое, што шмат каму не пад сілу ў 50? Як можна падарыць суцяшэннне і надзею на жыццё, калі ты стаіш на парозе непазбежнага? Гэта аповед пра жыццё і смерць, праўду і хлусню, роспач і надзею. Галоўныя ролі ў спектаклі выконваюць акцёры Дэвід Разумаў і Бэла Масумян.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.