Вы тут

Сведкі Максімавай эпохі


Нядаўна ў Літаратурны музей Максіма Багдановіча паступілі лісты ад Паўла Багдановіча, зводнага брата геніяльнага беларускага паэта. У фонды музея каштоўныя матэрыялы перадала былая супрацоўніца Дзяржаўнага музея БССР Аляксандра Георгіеўна Ванькевіч. Менавіта ёй у 1965 годзе пашчасціла адправіцца ў камандзіроўку ў Яраслаўль, сустрэцца з Паўлам Адамавічам і атрымаць ад яго сямейныя рэліквіі, якія цяпер захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь.


Распачатая пасля знаёмства перапіска з братам паэта працягвалася нядоўга. Паколькі ў ёй закраналіся і працоўныя, і прыватныя пытанні, лісты засталіся ў сямейным архіве. Ці выпадкова яны знойдзены? Супрацоўнікі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ўпэўнены, што перададзены ў фонды эпісталярый — гэта і шчаслівы выпадак, і вынік шматгадовай мэтанакіраванай працы музейшчыкаў. Што дае падставы так меркаваць? Восень 2018 года для музея была насычана важнымі падзеямі, у першую чаргу трэба згадаць міжнародную навукова-практычную канферэнцыю «Максім Багдановіч у сучаснай навуковай і культурнай прасторы», стварэнне буйной мастацка-дакументальнай выстаўкі «Адам Багдановіч. Яўген Чырыкаў. Максім Горкі. На скрыжаванні лёсаў».

Не менш важным стаў выхад у свет кнігі «М. Горкі і А. Багдановіч: сяброўства, народжанае на берагах Волгі» (Масква, выдавецтва «Мастацкая літаратура»). Яе падрыхтоўкай на працягу 2018 года займаліся супрацоўнікі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Інстытута сусветнай літаратуры імя А. М. Горкага Расійскай акадэміі навук. У кнігу ўвайшла перапіска Адама Багдановіча з другой жонкай Аляксандрай Волжынай, з Кацярынай Пешкавай, Максімам Горкім, яго літаратурным сакратаром. Большая частка лістоў публікавалася ўпершыню, таксама ў выданне ўключаны поўны тэкст успамінаў А. Я. Багдановіча пра ніжагародскі перыяд, артыкулы Д. С. Маскоўскай і М. В. Труса.

Акрамя цікавых сведкаў эпохі, аматары творчасці Багдановіча атрымалі яшчэ адзін сенсацыйны падарунак. У працэсе работы над кнігай намеснік дырэктара Інстытута сусветнай літаратуры імя А. М. Горкага Дар’я Сяргееўна Маскоўская адшукала рукапісны сшытак перакладаў Максіма Багдановіча, студэнта Дзямідаўскага юрыдычнага ліцэя. Сшытак захоўваецца ў Архіве А. М. Горкага, у фондзе выдавецтва «Знание», якое ўзначальваў К. П. Пятніцкі, а курыраваў Аляксей Максімавіч. Знойдзеныя восем перакладаў Багдановіча, у ліку якіх адзін невядомы твор паэта, — сапраўдны цуд для ўсіх прыхільнікаў творчасці Максіма Багдановіча.

А для музейных супрацоўнікаў — гэта сведчанне таго, што пошукі асабістай і творчай спадчыны паэта неабходна працягваць, браць пад увагу нават самыя нязначныя кірункі, а яшчэ спадзявацца на «невыпадковую выпадковасць». Як гэта адбылося з выяўленымі матэрыяламі: і са сшыткам перакладаў, і з лістамі зводнага брата паэта, прычым адна знаходка цягнула за сабой другую. Выяўлены верш М. Багдановіча стаў нагодай для аб’яўлення конкурсу перакладаў, у ліку ініцыятараў буйнога культурнага праекта — Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры і яго філіял Літаратурны музей Максіма Багдановіча.

Шанс на знаходку супрацоўнікі музея атрымалі, калі Аляксандра Ванькевіч, вырашыўшы паў-дзельнічаць у конкурсе, даслала свой варыянт перакладу ў музей, а не на адрас галоўнага арганізатара конкурсу Беларускага тэлеграфнага агенцтва. Да верша-перакладу дадаваўся кароткі ліст-тлумачэнне, у якім былі згадкі пра камандзіроўку і перапіску з Паўлам Багдановічам. І вось першы падарунак — артыкул Аляксандры Георгіеўны «Пад вернай зоркай Венерай…», апублікаваны ў газеце «Культура». Вядома, што музей Багдановіча ўзнік даволі позна, калі многія каштоўныя матэрыялы, звязаныя з паэтам і яго сям’ёй, былі перададзены на захаванне ў розныя ўстановы. Таму багдановічаўцы захоўваюць цікавасць і да музейна-архіўных здабыткаў нашых папярэднікаў, і да самога пошукавага працэсу.

Супрацоўнікі музея звязаліся з Аляксандрай Ванькевіч і даведаліся шмат падрабязнасцяў пра Паўла Багдановіча, яго даволі складанае жыццё, у тым ліку пра матэрыяльныя нястачы і побытавую неўладкаванасць. Пра гэта яшчэ згадваў пісьменнік Алесь Бачыла ў кнізе «Дарогамі Максіма Багдановіча». Мы ведалі, што Павел Адамавіч страціў зрок і лісты за яго пісалі розныя людзі, ён сам толькі падпісваўся — «П. А. Багдановіч». Частка лістоў ад яго захоўваецца ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча, у тым ліку і перапіска з пляменніцай Наталляй Глебаўнай Кунцэвіч, перададзеная некалькі гадоў назад з Ніжняга Ноўгарада ў Мінск.

А. Ванькевіч перадала ў музей паэта пяць невялікіх лістоў, адрасаваных ёй П. Багдановічам, ліст ад Ганны Кіпрыянаўны Валасовіч-Гразновай, стрыечнай сястры паэта, а таксама свае чарнавыя запісы лістоў-адказаў. Музейшчыкі вельмі рады папаўненню калекцыі «Эпісталярый», выказваюць шчырыя словы ўдзячнасці Аляксандры Георгіеўне. Па лістах можна прасачыць, як ішоў збор спадчыны Максіма Багдановіча, што падавалася істотным на той час Паўлу Адамавічу і музейным супрацоўнікам. У красавіку 1965 года Аляксандра Ванькевіч піша ў Яраслаўль: «Переданные Вами материалы в полной сохранности прибыли в Минск. Багаж уже тоже давно получен. Еще раз огромное спасибо Вам за помощь (Шчыры дзякуй Вам за дапамогу)». Яе непакоіць, што затрымліваецца адпраўка фотакопій для П. Багдановіча, у іншым лісце (19 жніўня 1965 года) яна радуецца, што з рэстаўрацыйнай майстэрні вярнуўся самавар Багдановічаў: «Видели бы Вы, как он отлично смотрится! Прямо горит от блеска…».

Павел Адамавіч паведамляе аб высылцы кнігі бацькі, просіць актывізаваць пошукі арыгінальнай фатаграфіі «Максім Багдановіч з супрацоўнікамі яраслаўскай газеты “Голас”». На жаль, арыгінал здымка тады адшукаць не атрымалася, у ліку перададзеных А. Ванькевіч дакументаў захоўваецца ліст ад Антонавай (імя невядома), у якім адрасат паведамляе, што здымка ў пляменніцы не знайшлося, быццам «хтосьці ўзяў і не вярнуў». Здымак, які належаў Максіму, перададзены ў складзе архіва паэта ў Інбелкульт, упершыню апублікаваны ў зборы твораў М. Багдановіча (1927—1928 гг.) і страчаны падчас Вялікай Айчыннай вайны.

Супрацоўнікі музея не пакідаюць надзеі адшукаць арыгінальную фатаграфію, бо можна меркаваць, што кожны з супрацоўнікаў рэдакцыі «Голаса» атрымаў свой экзэмпляр здымка. Таксама мы спадзяёмся на новыя знаходкі, звязаныя з сям’ёй Багдановіч. У адным з лістоў Павел Адамавіч непакоіцца пра лёс партрэта бацькі Адама Багдановіча работы мастака Фёдара Панкова. Ён просіць Аляксандру Георгіеўну прыкласці намаганні па пошуку мастацкай работы, звязацца з удавой мастака, арганізаваць камандзіроўку да яе. Супрацоўнікам Дзяржаўнага музея БССР на той час не ўдалося высветліць лёс карціны, але сёння мы ведаем, дзе яна. У хуткім часе раскажам і гэтую гісторыю.

Ірына МЫШКАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.