Вы тут

Колас: інскрыпты


Поўны збор твораў Якуба Коласа выйшаў у 2012 годзе. Асобным раздзелам тут прадстаўлены інскрыпты паэта на кнігах, часопісах, рукапісах і фотаздымках. Але з цягам часу гэты спіс пашыраецца, бо знаходзяцца новыя інскрыпты, якія не былі вядомыя навукоўцам.


Так, былі выяўлены аўтографы Якуба Коласа на кнігах Мікалаю Бобрыку, доктару, які ў 1955 годзе зрабіў аперацыю на апендыцыт і выратаваў жыццё пісьменніку; Яўгену Астроўскаму, настаўніку і сябру Якуба Коласа па Нясвіжскай семінарыі; аўтару «Цусімы» Аляксею Новікаву-Прыбою, якога Колас высока цаніў і паважаў; латышскаму паэту і драматургу акадэміку АН Латвійскай ССР Андрэю Упіту.

Кожная кніга з аўтографам адкрывае новыя старонкі жыцця Якуба Коласа, дазваляе даведацца пра асобы з кола яго сяброў і знаёмых. Вось і зараз гаворка пойдзе пра яшчэ адзін інскрыпт класіка, які не ўвайшоў у Поўны збор яго твораў.

Аўтограф змешчаны на кнізе «Новая зямля», якая была выдадзена ў Мінску ў 1934 годзе ў Дзяржаўным выдавецтве Беларусі, і адрасаваны Івану Розанаву — гісторыку рускай паэзіі, бібліёграфу і кнігазнаўцу: «И.Н. Розанову на памяць. На свеце ўсё канец свой мае, / І ты, мінуціна змяркання, / Спяеш нам песню раставання. Я. Колас». Кніга захоўваецца ў Дзяржаўным музеі А. С. Пушкіна ў Маскве і ўваходзіць у склад калекцыі-бібліятэкі І. М. Розанава. Гэты дарчы надпіс цікавы яшчэ і тым, што ўключае вершаваныя радкі — урывак з XIII раздзела паэмы «Новая зямля». Вершаваных аўтографаў на кнігах у Якуба Коласа вельмі мала. Так, адзін з іх на кнізе «Выбраныя творы» прысвечаны стрыечнаму дзядзьку паэта Ігнату Міцкевічу (кніга захоўваецца ў музеі Якуба Коласа):

«Разгарні гэту кніжку дружок.

Пачытай,

Бервянец і Лявонаў лужок

Прыгадай,

 Ды прыпомні Карчэвядзь,

Кліны І ўздыхні:

Адышлі, адзвінелі яны,

Нашы дні!

21/ІІ 1936 г.

Якуб Колас»

У кнізе змешчаны вершы, прысвечаныя мясцінам, якія былі добра знаёмы класіку і яго дзядзьку. У 1936 годзе Ігнат Юр’евіч бавіў лета ў Падбярэжжы, а Колас з сям’ёй — недалёка ад вёскі на хутары Андрэя Асіеўскага, таму яны часта сустракаліся. А ў наступныя два гады абодва летавалі ў Вусцях. Два апошнія перадваенныя леты Якуб Колас правёў у Беразянцы, а яго дзядзька — у Балачанцы, у Канстанціна Дзяткі, з якім пісьменнік быў знаёмы і сябраваў.

Яшчэ адна кніга — «Паэмы» — з вершаваным аўтографам захоўваецца ў прыватным архіве нашчадкаў паэта. Інскрыпт прысвечаны малодшаму сыну Якуба Коласа Міхасю Міцкевічу:

«Мілы Міхасёк!

Адстану я, і час разлукі —

Неунікнёны час,

Ідзі ж, мой сын, пад жыцця гукі,

Што радавалі нас.

Няхай мяне не будзе ў свеце

Ну, што ж? аджыў час і памёр.

Але няхай дзьме добры вецер

І дзьме на наш касцёр.

Дарагому сыну, самаму лепшаму, адданаму другу на памяць ад бацькі.

Якуб Колас. 18/VII 1946 г.»

Цікава, што Міхась Канстанцінавіч працягнуў традыцыю дарчых прысвячэнняў у сям’і Коласа. Доктар тэхнічных навук, які мае больш за дзвесце публікацый у сваёй галіне, з’яўляецца таксама аўтарам вялікай колькасці вершаваных аўтографаў, якія ён з задавальненнем пакідае на кнігах аб жыцці і творчасці Якуба Коласа, ініцыятарам або ўкладальнікам якіх ён жа і з’яўляецца. Адзін з такіх інскрыптаў, на кнізе «На шляхах волі», прысвечаны аўтару артыкула:

«Маёй любімай, дарагой унучаньцы Васілінцы:

Хай шлях твой будзе светлым, чыстым,

Без ям, калдобін і камення

І твой след стане яркім і лучыстым,

Як сонца нашага праменні.

І помні, кветачка мая:

Што выхад кнігі справіў я».

Дарчы надпіс Якуба Коласа І. М. Розанаву.

Дзякуючы намаганням майго дзеда Міхася, паэма Якуба Коласа «На шляхах волі» ўпершыню выйшла асобным выданнем у 2014 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура».

Выяўлены аўтограф Якуба Коласа І. М. Розанаву стаў трэцім у шэрагу вершаваных інскрыптаў класіка.

Некалькі слоў аб адрасаце дарчага надпісу. Іван Міканоравіч Розанаў нарадзіўся 9 жніўня 1874 года ў сям’і маскоўскага натарыуса, чыноўніка маскоўскай палаты Грамадзянскага суда. Яго маці паходзіла з сям’і Рудаковых, якія былі сваякамі А. С. Грыбаедава. Вучыўся ў 4-й маскоўскай гімназіі, у 1895 годзе паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Са студэнцкіх часоў пачаў збіраць кнігі рускіх паэтаў. Пасля заканчэння ўніверсітэта ў 1900 годзе застаўся на кафедры рускай мовы і літаратуры. Выкладаў у сярэдніх навучальных установах Масквы. Атрымаў медаль А. С. Пушкіна за працу «Грыбаедаў і Пушкін», якая была надрукавана ў 1900 годзе ў студэнцкім «Пушкінскім зборніку». У 1914 годзе быў адным з ініцыятараў стварэння літаратурнага гуртка, вядомага як Нікіцінскія суботнікі. З 1915 года — выкладчык вышэйшых устаноў, шмат гадоў быў прафесарам Маскоўскага ўніверсітэта.

З 1919 года працаваў у Дзяржаўным гістарычным музеі, дзе займаўся пытаннямі рускай кнігі і навуковай бібліяграфіі. У 1921 годзе стварыў і ўзначаліў аддзел гісторыі кнігі пры музеі. У 1939 годзе стаў доктарам філалагічных навук без абароны дысертацыі па сукупнасці навуковых прац. У 1941 годзе ўзначаліў сектар народнай творчасці Саюза пісьменнікаў СССР. У 1946—1952 гадах працаваў старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута сусветнай літаратуры АН СССР. Іван Розанаў пайшоў з жыцця 22 лістапада 1959 года, быў пахаваны на Новадзявочых могілках у Маскве.

І. М. Розанаў усё жыццё збіраў бібліятэку рускай паэзіі, якая пасля яго смерці была падорана Дзяржаўнаму музею А. С. Пушкіна. Бібліятэку Розанава па праве называюць «літаратурнай Траццякоўскай галерэяй». У ёй сабраны рэдкія выданні, якія складана знайсці ў самых вялікіх дзяржаўных бібліятэках краін свету. Розанаўская бібліятэка — адна з самых унікальных кніжных калекцый ХХ стагоддзя. Яна налічвае больш чым дзесяць тысяч кніг. У склад Розанаўскай бібліятэкі ўвайшлі 36 кніг беларускіх паэтаў, такіх як Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Пятрусь Броўка, Уладзімір Дубоўка, Пімен Панчанка, Максім Танк, Аркадзь Куляшоў і іншыя. У бібліятэку трапілі 4 кнігі Якуба Коласа: «Збор твораў», выдадзены ў Мінску ў 1928 годзе, кніга «Выбраныя вершы», якая выйшла ў Маскве ў 1939 годзе, і дзве кнігі «Новая зямля». Цікава, што апошняя кніга прадстаўлена і на беларускай, і на рускай мове, абедзве выдадзены ў 1934 годзе — у Мінску і Маскве, абедзве кнігі з аўтографамі — адзін ад аўтара паэмы Якуба Коласа, другі — ад перакладчыка «Новай зямлі» на рускую мову Сяргея Гарадзецкага: «Дорогому Ивану Никаноровочу Розанову от гостя 1-го съезда писателей. Переводчик этой книги С. Городецкий. 26/ VIII — 34 г.» На кнізе з аўтографам Якуба Коласа дата не пазначана, але мне падаецца, што паэт таксама падарыў сваю кнігу падчас І з’езда савецкіх пісьменнікаў, які праходзіў у Маскве ў жніўні 1934 года.

Цікава, што ў Розанаўскай бібліятэцы захоўваюцца аўтографы і іншых беларускіх аўтараў: Петруся Броўкі на кнізе вершаў «Беларусь», якая выйшла ў Маскве ў 1945 годзе: «Ивану Никаноровичу Розанову с глубоким уважением. Петрусь Бровка. 18. V.45 г.», і Міколы Хведаровіча на кнізе вершаў «Рытмы» (Мінск, 1930 г.): «Ивану Никаноровичу Розанову с глубоким уважением. М. Хведорович. 8/ І —31 г. Москва».

Васіліна МІЦКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».