Вы тут

Беларусь наведала парламенцкая дэлегацыя з Польшчы


Учора польскіх калег на чале з віцэ-маршалам Сейма Рэспублікі Польшча Рышардам ЦЯРЛЕЦКІМ сустракаў у Палаце прадстаўнікоў намеснік старшыні ніжняй палаты беларускага парламента Баляслаў ПІРШТУК.


— На працягу трох апошніх гадоў у нас усталяваліся рэгулярныя і даверлівыя адносіны, чаго раней не было шмат гадоў, — адзначыў ён у размове з журналістамі. — Вельмі добры ў нас кантакт на міжнародных пляцоўках, апошнім часам поўнае разуменне ў Парламенцкай асамблеі АБСЕ, дзе мы падтрымліваем адзін аднаго, у тым ліку, па адчувальных пытаннях. Вельмі прыемна, што ў такой, досыць няпростай для нас арганізацыі, як Парламенцкая асамблея Савета Еўропы, у нас таксама ёсць падтрымка польскіх калег. Гэта сведчыць пра тое, што мы пераадолелі пэўны штучны бар'ер, які, на жаль, некаторы час быў.

Віцэ-спікер ніжняй палаты беларускага парламента заўважыў, што паміж краінамі добра развіваюцца адносіны і ў эканоміцы. Каля 400 мільёнаў еўра ўкладзена прамых польскіх інвестыцый у эканоміку Беларусі. «Гэта не проста грошы, гэта новыя тэхналогіі, новыя вытворчасці, да таго ж, у розных сферах, і перш за ўсё — інавацыйных, — сказаў Баляслаў Пірштук. — Мы тут бачым вялікі патэнцыял, хоць тавараабарот у нас немалы».

Адна з тэм беларуска-польскіх перагавораў — міжрэгіянальныя сувязі. «Нам трэба павялічыць абмен паміж нашымі грамадзянамі ў розных сферах, — лічыць намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў. — Я ўпэўнены, што спорт, культура, адукацыя, рэгіянальныя сувязі — аснова народнай дыпламатыі, якая дазволіць нарасціць і эканамічны патэнцыял».

Баляслаў Пірштук расказаў, што апроч іншага беларускія і польскія парламентарыі абмяркуюць намер аб падпісанні міжпарламенцкага пагаднення ў наступным годзе, ужо пасля парламенцкіх выбараў у абедзвюх краінах.

Спадар Цярлецкі прызнаўся, што заўсёды з задавальненнем наведвае Беларусь, і кожны раз з радасцю ўпэўніваецца ў яе развіцці. Гэтым разам акрамя перамоў з беларускім калегам аб далейшым міжпарламенцкім супрацоўніцтве, размова пойдзе пра вопыт правядзення Беларуссю Еўрапейскіх гульняў у сувязі з тым, што наступныя пройдуць у Польшчы. Польская дэлегацыя таксама возьме ўдзел у адкрыцці мемарыяльнай дошкі ў гонар Марыі Качыньскай у Нарачы, наведае могілкі з пахаванымі польскімі салдатамі і сустрэнецца з прадстаўнікамі мясцовых уладаў.

— Мы будзем казаць пра вельмі важную галіну для эканомікі і Польшчы, і Беларусі — турызм. Мы вельмі рады пашырэнню магчымасці наведваць вашу краіну без віз у памежных зонах, — сказаў віцэ-маршал.

Ён таксама дадаў, што напярэдадні падчас вячэры з беларускімі калегамі, пакуль на ўзроўні размоў за келіхам віна, прагучала ідэя правесці разам Алімпійскія гульні. «Уяўляеце, якая добрая ідэя! — падхапіў рэпліку Баляслаў Пірштук. — Гэта знімае адразу ўсе бар'еры і стварае цудоўныя ўмовы для велізарнага і дынамічнага росту!» Безумоўна, пакуль пра гэта казаць рана, дадалі палітыкі, але ўсялякая справа пачынаецца з яе прагаворвання, і ўжо тое, што некаму ў галаву прыйшла такая думка — своеасаблівы знак аб праходжанні пэўнага этапу ва ўзаемаадносінах паміж краінамі.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Загаловак у газеце: Ад палітыкі да спорту

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.