Вы тут

На Гродзеншчыне добры ўраджай на памідоры, але невысокі попыт


Сёлета на Гродзеншчыне добры ўраджай на памідоры. Урадзілі яны і ў прыватных гаспадароў, і на агароднінных прадпрыемствах. І калі ва ўласных гаспадарках ураджай дзякуючы невялікім аб'ёмам не залежваецца, то справіцца з вытворчымі маштабамі не заўсёды ўдаецца. Напружаная сітуацыя выклікана невысокім попытам на чырвоную прадукцыю. У тым ліку з боку перапрацоўчых прадпрыемстваў.


Брэндавы тамат

Памідор — традыцыйная культура для беларусаў. Некаторыя населеныя пункты нават прэтэндуюць на статус памідорных сталіц. У іх ліку і горад Іўе Гродзенскай вобласці. Тут трэці год запар ладзяць брэндавае свята ў гонар гэтай культуры.

На свяце, якое прайшло літаральна днямі, мясцовыя жыхары прадставілі не толькі сваю прадукцыю, але і мноства страў з яе. Апафеозам стаў шасціметровы бутэрброд з памідорамі, на які пайшло 20 тоставых буханак. Былі тут і таматы-гіганты — вага самага вялікага памідора дасягнула 1 кілаграма 70 грамаў.

На брэндавым свяце ўпершыню наладзілі памідорную бойку. І сапраўды, чым беларускі памідор горшы за іспанскі, дзе такія відовішчы даўно існуюць і папулярныя сярод турыстаў? Па ўсёй бачнасці, і ў беларускага Іўя ёсць перспектыва праславіцца далёка за межамі райцэнтра. А той, хто бывае тут, у першую чаргу звяртае ўвагу на доўгія шэрагі цяпліц, якія ёсць амаль на кожным падворку. Райцэнтр проста ўзяты ў кола цяпліцамі, дзе руплівыя гаспадары вырошчваюць не кілаграмы, а тоны памідораў. Для многіх жыхароў-татар гэта стала асноўным відам дзейнасці, з пакалення ў пакаленне яны займаюцца земляробствам. Старшыня іўеўскай мусульманскай абшчыны Іван Шабановіч расказаў, што і дзед, і бацька, і сам ён — агароднікі. Напрыклад, цяпер у яго памідорамі заняты тры цяпліцы плошчай 15 сотак. Ураджай сёлета добры, як, дарэчы, і летась, а вось збыт не параўнаць з мінулагоднім. Тады іўеўскі памідор ішоў на экспарт і на ўласным рынку быў попыт.

— Мы возім памідоры ў Мінск, але цяпер і там поўна гэтай прадукцыі, — кажа Іван Мацвеевіч. — Але значная частка — прывазныя, імпартныя. Шкада, што яны выцясняюць свой, айчынны тавар. Да таго ж цяжка прабіцца на гандлёвыя плошчы.

Па словах Шабановіча, даводзіцца здаваць прадукцыю перакупшчыкам па 50, а то і па 30 капеек за кілаграм, што нават ніжэй за сабекошт. Праўда, іўеўскія агароднікі спадзяюцца, што попыт вырасце, калі зменшацца аб'ёмы ў іх канкурэнтаў з Пінска, якія рана прыходзяць на рынак. А памідораў і сапраўды многа. Толькі Шабановіч вырошчвае некалькі тон. Раней у раёне быў свой кансервавы завод па перапрацоўцы гародніны, але цяпер ён не працуе. Можа, варта яго ўзнавіць?

Сыравіны хоць адбаўляй

Самыя значныя аб'ёмы — у Гродзенскай гародніннай фабрыкі. Па словах галоўнага агранома Мікалая Грэбня, пад памідорамі занята амаль 10 гектараў цяплічнай плошчы. Прычым, сёлета яе павялічылі ўтрая за кошт агуркоў. Аказваецца, памідоры лепш рэалізуюцца. Тым больш што цяпліцы забяспечваюць амаль круглагадовы ўраджай, з квадратнага метра плошчы здымаюць 45 кілаграмаў таматаў. Фабрыка — гарант стабільнай адпраўкі гародніны на беларускі рынак. Значную частку прадукцыі закупляе спажыўсаюз. Апошнім часам больш актыўна працуюць раённыя арганізацыі, якія рэалізуюць тавар праз гандлёвую сетку і пункты грамадскага харчавання. Такім чынам гродзенскі памідор даходзіць ва ўсе куткі рэгіёна. Закупачная цана — 50 капеек. У аддзеле нарыхтовак Гродзенскага спажыўсаюза адзначылі, што закупка вядзецца не толькі ў сваім рэгіёне, але і па ўсёй краіне, у тым ліку ў насельніцтва. І гэты сегмент таксама актыўна ўдзельнічае ў здачы сваёй прадукцыі. Што датычыцца аб'ёмаў, дык яны, як паведамілі ў аддзеле, застаюцца на ўзроўні мінулага года.

Танна можна купіць памідоры ў СВК «Свіслач». Тут прадукцыю рэалізуюць па 60—70 капеек за кілаграм. Такія прапановы можна ўбачыць на калгасным сайце. Але ў цэлым збыт прадукцыі праблематычны.

— Ніхто не бярэ, вырошчваем, вытрымліваем усе патрэбныя стандарты, а на продажы пачынаецца збой. Варта неяк рэгуляваць гэты рынак і аддаваць перавагу свайму айчыннаму прадукту, а не прывазному, — зазначае галоўны аграном Сяргей Саўчык.

Гаспадарка, дарэчы, спецыялізуецца на вырошчванні гародніны. Пад памідоры адведзены цэлы гектар плошчы, але пасевы гэтай культуры будуць скарачаць дзеля праблем са збытам. Праўда, нейкую частку забярэ перапрацоўка, а куды падзець асноўны ўраджай, калі рынак перапоўнены? — задаецца пытаннем спецыяліст гаспадаркі. Акрэсліў ён і праблему дагаворных паставак гандлёвым арганізацыям. Па яго словах, яны могуць узяць менш, чым планавалася. А ўраджай закладваўся з улікам паставак, у выніку застаюцца значныя рэшткі.

Дарэчы, праблема са збытам характэрна і для іншых рэгіёнаў краіны. У сувязі з гэтым агароднікі імкнуцца прыцягнуць увагу дзяржавы да гэтага прадукту. У СМІ выказваліся нават прапановы зрабіць так, як у Лунінцы з клубніцамі, — выкінуць ураджай. Пакуль справа да гэтага не дайшла, але рэгуляваць працэс неабходна, лічаць вытворцы.

Што з перапрацоўкай?

Зразумела, што рэалізаваць увесь ураджай таматаў складана. Плошчы пад культуру растуць, і спадзяванні на экспарт паціху зніжаюцца. Пра гэта сведчаць і гродзенскія вытворцы. А гандлёвыя прадпрыемствы часцяком робяць вялікія накруткі на тавар, і ён прадаецца марудна. Да таго ж многія аддаюць перавагу прывазным памідорам, якія доўга захоўваюцца. У той жа час беларускі тавар незапатрабаваны, хоць і больш экалагічны. Такія заўвагі, зноў жа, прагучалі з вуснаў гродзенскіх вытворцаў.

Напружаную сітуацыю магла б палепшыць перапрацоўка. І такое прадпрыемства у рэгіёне ёсць — даволі буйны кансервавы завод пад Гроднам з 60-гадовай гісторыяй. Дзесяць гадоў таму тут адбылася татальная рэканструкцыя, устаноўлены сучасныя лініі. Ёсць у асартыменце і нямала відаў прадукцыі з перапрацаваных таматаў — гэта і соўс, і паста, і таматы ў таматнай заліўцы, і марынаваныя. Дык можа прадпрыемства вырашыць наспелую памідорную праблему?

Аказваецца, што і тут памідор не вельмі запатрабаваны. У аддзеле вытворчасці паведамілі, што значная колькасць нарыхтовак яшчэ не прададзена з мінулага года, калі былі перапрацаваны даволі вялікія аб'ёмы. Таму на прадпрыемстве адмаўляюцца працаваць з сёлетнім ураджаем, хоць прапаноў хапае. Невялікую партыю — каля 3 тон — збіраюцца закупіць толькі ў СВК «Свіслач». Разам з тым на заводзе адзначылі, што сутыкаюцца з вялікай канкурэнцыяй гатовай прадукцыі на беларускім рынку.

Між тым славуты памідор, які стаў брэндам таго ж Іўя, і не толькі яго, у значнай ступені забяспечвае і самазанятасць мясцовых жыхароў. Як бачым, карысны прадукт знімае праблемы з працаўладкаваннем там, дзе няма прамысловых прадпрыемстваў. А значыць, спрыяе і дабрабыту насельніцтва. А да чаго, у рэшце рэшт, імкнецца дзяржава, як не да гэтага?

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Чым тамат не дагадзіў?

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».