Вы тут

Што такое ядомая «падушка бяспекі»?


Кожны год у краіне зацвярджаюцца стабілізацыйныя фонды харчовых тавараў. Такая традыцыя прыйшла да нас з савецкіх часоў, калі запас правізіі не даваў гарадскім жыхарам галадаць у міжсезонне. Але і цяпер у яго стварэнні ёсць свае плюсы: па-першае, так танней. Ну і падушка бяспекі на выпадак форс-мажору ніколі не пашкодзіць.


Эканамісты з розных ведамстваў кожны год з красавіка падлічваюць, колькі і чаго неабходна для стварэння чарговага стабфонду. Абласныя выканаўчыя камітэты, вывучыўшы дэталёва сітуацыю кожны ў сваім рэгіёне, прапануюць альбо павялічыць закладку, альбо паменшыць. А затым Савет Міністраў прымае канчатковае рашэнне.

Аб'ём стабілізацыйнага фонду павінен быць прадуманы. Каб і гародніны хапіла, і рэшткі не засталіся. Гэта значыць, звышнарматыўная колькасць не павінна быць занадта вялікая, інакш тавар пачне залежвацца, а сельская гаспадарка панясе страты.

Фонд складаецца з прадуктаў першай неабходнасці, якія можна захоўваць доўга, такіх як гародніна, садавіна, мяса і сметанковае масла. Стратэгічныя запасы для жыхароў буйных гарадоў і галоўнага мегаполіса нашай краіны знаходзяцца на холадакамбінатах і сучасных складах, паступова перамяшчаючыся на прылаўкі магазінаў і ў сталоўкі дзяржустаноў.

Нормы з года ў год амаль не мяняюцца. Сёлета, праўда, збіраюцца папоўніць запасы яблыкаў, бо цяпер у крамах беларускіх сартоў павінна быць у два разы больш. Гародніна і садавіна тут — з беларускіх прадпрыемстваў, большасць якіх — былыя калгасы. Але ёсць і прыватныя фермерскія гаспадаркі. Прадукты ад пастаўшчыкоў спачатку адпраўляюць у лабараторыю на аналіз, каб пераканацца ў адсутнасці нітратаў і радыенуклідаў. (Калі іх знайшлі — вяртаюць вытворцу.) Затым гародніну і садавіну сартуюць, каб прыбраць падгнілую і пакамечаную, пакуюць у скрыні і адпраўляюць на склад.

Напрыклад, у фасовачным цэху бульбу падрыхтоўваюць да «паездкі» ў крамы. Яе мыюць, сушаць, а потым уручную адбіраюць буйныя бульбіны на канвееры і пакуюць іх у мяшкі-сетачкі. Дарэчы, некандыцыя таксама не знікае: яе перапрацуюць на крухмал. У выніку цана бульбы вырастае амаль у пяць разоў: закупляюць яе за 20 капеек, а прадаюць ужо па рублі. Яблыкі ў працэсе закладкі даражэюць прыблізна ў тры разы.

Для кожнай гародніны патрэбен свой рэжым захоўвання. Напрыклад, бульбе патрабуецца ад трох да шасці градусаў цяпла і высокая вільготнасць, цыбулі — сухое памяшканне пры нулявой тэмпературы, а яблыкам — герметычныя камеры з паменшаным утрыманнем кіслароду і павялічаным — дыяксіду вугляроду. У такіх умовах ёсць шанц зберагчы бульбу на год, а яблыкі — да дзевяці месяцаў. У асобных спецыялізаваных памяшканнях знаходзяцца запасы мяса, сыру і сметанковага масла. Захоўваюцца прадукты ў вялікіх халадзільных камерах пры тэмпературы мінус 17 градусаў.

У стабілізацыйны фонд Беларусі закладваецца ў асноўным раслінаводчая прадукцыя. На мяса ўпор не робіцца, таму што яго на мясакамбінатах для забеспячэння насельніцтва больш чым дастаткова.

У тэму

У мэтах рацыянальнага выкарыстання запасаў харчовых тавараў Саўмін штогод прымае рашэнне аб тым, што аблвыканкамы і Мінскі гарвыканкам павінны стварыць у абласцях і сталіцы стабілізацыйныя фонды прадуктаў для рэалізацыі на тэрыторыі краіны, забяспечыць кантроль за выкананнем патрабаванняў тэхнічных нарматыўных прававых актаў, рэгуляваць умовы іх захоўвання.

Акрамя таго, рэгіянальныя ўлады да 1 верасня распрацоўваюць канкрэтныя аб'ёмы і наменклатуру стабілізацыйных фондаў, а таксама пералікі арганізацый, якія ажыццяўляюць іх захоўванне. З сярэдзіны лістапада імі рыхтуюцца і зацвярджаюцца графікі штомесячнага выкарыстання аб'ёмаў харчовых тавараў і забяспечваецца кантроль за іх выкананнем — у перыяд з 15 лістапада да 31 мая ўключна.

Кантроль за выкананнем такіх рашэнняў, забеспячэннем спажывецкага рынку харчовымі таварамі ў міжсезонны перыяд ускладзены на аблвыканкамы і Мінскі гарвыканкам.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».