Вы тут

​Ратавальнікі займаюцца прафілактыкай, але без «сезонных» здарэнняў не абыходзіцца


— Кожнае лета мы папярэджваем аматараў «ціхага палявання», каб абавязкова прытрымліваліся пэўных правілаў паводзін у лесе, але яны ігнаруюцца, — абураецца старшы інспектар абласнога ўпраўлення МНС Вольга НЕХАРОШЫХ. — Практычна праз дзень нехта ўсё роўна губляецца ў лесе. Толькі сёлета ў Магілёўскай вобласці ратавальнікі ўдзельнічалі ў пошуках 59 чалавек, у тым ліку пяці дзяцей. Ураджайным па ліку такіх здарэнняў было 17 жніўня. У лясных гушчарах каля аграгарадка Заводская Слабада Магілёўскага раёна заблудзіўся 54-гадовы магіляўчанін. Зразумеўшы, што сам ён з лесу не выйдзе, патэлефанаваў на нумар 101. Праз дзве гадзіны яго, нарэшце, атрымалася адшукаць. На шчасце, у медыцынскай дапамозе ён не меў патрэбы. У гэты ж дзень у другой палове дня паступілі SОS ад 61-гадовага жыхара Крычава, які заблукаў у лесе каля вёскі Каранец, і ад родных 77-гадовага пенсіянера з Бабруйскага раёна, які да дзевяці вечара не вярнуўся з лесу. У пошуках былі задзейнічаны супрацоўнікі МУС і МНС. Але пенсіянеры знайшлі дарогу з лесу самастойна.


Хутка пойдуць журавіны, і людзі зноў у масавым парадку накіруюцца ў лес. Вольга Нехарошых у чарговы раз папярэджвае: па магчымасці не адпраўляйцеся туды адны, надзявайце зручныя, непрамакальныя адзенне і абутак, абавязкова праверце, ці зараджана батарэя вашага мабільнага тэлефона, не забудзьце прыхапіць ваду, лекі, нож, ежу, запалкі і абавязкова папярэдзьце родных, па якім маршруце вы адпраўляецеся і калі збіраецеся вярнуцца. Калі з вамі ў лес ідзе яшчэ і непаўналетняе дзіця, трэба ўсю сваю ўвагу ўдзяляць непасрэдна яму.

Адметнасць гэтага лета — навальнічнае надвор'е. Калі аб'яўлена штармавое папярэджанне, ў лес лепей не сунуцца. Прычым не толькі ў лес, але і наогул далёка ад дома. Падчас навальніцы не трэба хавацца пад адзінокімі дрэвамі, знаходзіцца паблізу ад вышынных аб'ёктаў, громаадводаў, антэн, вадасцёкаў, а тым больш — на беразе ракі або ў вадзе. Найбольш бяспечнае месца — сухая нізіна паміж пагоркаў. Прысядзьце на кукішкі і прыхіліце галаву да каленяў. І не забывайце, што падчас навальніцы нельга нават раскрываць парасон. Калі неба рассякаюць маланкі, не варта расслабляцца і дома. Хуценька выключайце ўсе электрапрыборы і зачыняйце вокны і дзверы. Ратавальнікі таксама раяць у такія хвіліны не дакранацца да мабільнага тэлефона і металічных дэталяў, не мыць посуд, не прымаць душ або ванну, не стаяць каля акна, печы, каміна, масіўных металічных прадметаў.

А вось прыклад, як той казаў, з іншай оперы. Лета ж — яшчэ і час рамонтаў. У Бабруйску адбыўся выпадак з гэтай нагоды.

— Каб асвяжыць інтэр'ер кватэры, жанчына паставіла на газ ёмістасць з вадой, у якую змясціла бляшанку з фарбай, — расказвае Вольга Нехарошых. — Ад высокай тэмпературы фарба загарэлася, і гаспадыня пачала заліваць яе вадой. Яна не ведала, што рабіць гэта катэгарычна забаронена. У выніку агонь цалкам ахапіў кухню, але жанчына, на шчасце, паспела эвакуіравацца на балкон, адкуль яе ўжо здымалі супрацоўнікі МНС. Лёгкаўзгаральныя вадкасці наогул нельга награваць і тушыць вадой! Для іх тушэння выкарыстоўваюцца вуглекіслотныя і парашковыя вогнетушыцелі. А ў дамашніх умовах з узгараннем такіх вадкасцяў дапамогуць справіцца коўдра, паліто, лазневы ручнік і іншыя падобныя — не сінтэтычныя — рэчы.

Больш даведацца пра надзвычайныя сітуацыі, спосабы іх прадухілення і барацьбы з імі можна на сайце МНС Рэспублікі Беларусь «112.бай», а таксама спампаваўшы мабільную праграму «МНС Беларусі: дапамога побач».

У тэму

За 7 месяцаў гэтага года ў Магілёўскай вобласці адбылося 487 пажараў, загінула 42 чалавекі, яшчэ 44 (у тым ліку чатыры дзіцяці) траўмаваныя. У выніку пажараў знішчана 146 пабудоў і 16 адзінак тэхнікі, загінула 37 жывёл.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: У лес... па прыгоды?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для бліскучых перамог

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для бліскучых перамог

Спартыўныя дасягненні чалавека прыблізна на 75 % залежаць ад яго генетыкі. 

Грамадства

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Ён кожны дзень імкнуўся пераадольваць не менш за сто кіламетраў.