Вы тут

У Карэліцкім раёне зладзілі свята кветак Соlоurs і яблычны фэст


Найсмачнейшая шарлотка, найлепшы яблыневы сад, найпрыгажэйшы веласіпед, убраны кветкамі, і самы незвычайны букет... Гэтымі і іншымі задумамі ды вырабамі з фруктаў і кветак здзіўлялі ўдзельнікі фестывалю кветак у аграгарадку Аюцавічы і яблычнага фэсту ў вёсцы Кожава. Сіламі і імпэтам мясцовых жыхароў, заўзятых аматараў павесяліцца і падарыць радасць сабе і суседзям, такія святы каторы год адзначаюць у вёсачках раёна. Без удзелу людзей, якія старанна рыхтуюцца да фэсту: гатуюць, майструюць, прыдумляюць, натхняюць іншых, не было б той чароўнай шчырай атмасферы, у якой кожны адчувае сябе сваім, тутэйшым.


Казка з красак

Папяровыя цюльпаны, саламяныя рамонкі, шаўковыя сланечнікі, макі з пафарбаванага клею... Гэткае хараство ў выглядзе карцін, тапіярыяў, кашолачак, шкатулак, упрыгожаных штучнымі і сапраўднымі кветкамі, сустракала гасцей свята Соlоurs. Кветкі былі паўсюль: на сталах, у вазах, чыгунках, на капелюшах, сумачках, і нават у чамадане ды на веласіпедах.

Госці свята пабачылі дэфіле ўдзельніц конкурсу «Найлепшы жаночы аксесуар з кветак», танцавальны флэшмоб мясцовых вучняў і безліч цікавых вырабаў.

Тут вам і трох'ярусны торт з жывых кветак, і ўпрыгожанні для валасоў, і «Любы сэрцу Карэліцкі край» — работа ў чамадане, дзе побач з кветкамі ляжаць сонечныя акуляры, часопісы, капялюш ды парасон — хоць зараз выпраўляйся з такім багажом у падарожжа.

Свае работы на кветкавую тэматыку прывезлі на свята і навучэнцы Мірскай дзіцячай школы мастацтваў, якой кіруе Вольга ВЕДЗЯНЕЕВА.

— Вось гэта нашы дзеці рабілі ў падарунак матулям на 8 Сакавіка, а гэта вырабы з гліны: бранзалеткі з гліняных шарыкаў-кветачак і фігуркі вясёлых коцікаў ды смаўжоў, — паказвае яна работы сваіх вучняў.

Я не вытрымала — набыла ката ў выглядзе падковы і павесіла яго як абярэг у машыну. Цяпер ездзіць весялей.

А вось цацачны веласіпед з ільняных нітак, на колах якога распусціліся звязаныя блакітныя кветачкі, а там шкатулкі, вечкі якіх аздоблены штучнымі кветкамі, і нават міні-бярозкі з бісеру — вырабы малых з аматарскага аб'яднання «Горад майстроў», якім кіруе Наталля ГАРКАВАЯ, бібліятэкар аграгарадка Аюцавічы.

— Мы працуем з любымі прыроднымі матэрыяламі: шышкамі, кветкамі, лістотай. Цяпер вось задзейнічаем ільняную нітку, а тых, хто сёлета адпачывае на моры, прашу прывезці ракавінкі, — расказвае кіраўніца гуртка. — Мы працуем з 2005 года, пачыналі з бісеру і вязання сурвэтак кручком. Аднак час ідзе, густы мяняюцца, таму мяняем свой падыход і мы. Маім першым вучаніцам ужо па 25—26 гадоў, але яны прыходзяць у бібліятэку пацікавіцца, што новага з'явілася.

Наталля Гаркавая, дарэчы, стала сярэбраным прызёрам конкурсу на найлепшую кампазіцыю з кветак, а першае месца атрымала Анжаліка ШАСТАК, бібліятэкар Карэліцкай раённай бібліятэкі, — за твор з чамаданам, прысвечаны 75-годдзю Гродзенскай вобласці, якое адзначаецца сёлета.

Выбраць веласіпед, лепш за іншыя ўпрыгожаны кветкамі, журы так і не змагло, таму адзначыла прызамі ўсіх удзельнікаў гэтага спаборніцтва.

Вёска Радзівіла і зоркі

Другое мерапрыемства, якое ў той дзень прайшло на Карэліччыне, адбылося ў вёсцы Кожава, што цяпер уваходзіць у Жухавіцкі сельсавет, а ў ХVІІІ стагоддзі была сялом Мірскага графства і належала Радзівілам. Тут адзначалі адразу і Яблычны Спас, і свята вёскі.

Яблычны фестываль тут арганізавалі нездарма. У сельскагаспадарчым кааператыве «Жухавічы» — адзінай у раёне гаспадарцы, якая спецыялізуецца на вырошчванні яблыкаў, — квітнее 40 гектараў духмяных фруктаў.

— Свята вёскі штогод адзначаецца ў розных мястэчках раёна. Сёлета яго вырашылі правесці ў Кожаве і сумясціць з брэндавым мерапрыемствам — Яблычным Спасам, — кажа старшыня Жухавіцкага сельскага Савета дэпутатаў Аляксандр ІВАШКА. — Будзем віншаваць самых старэйшых і маладых вяскоўцаў, сужэнцаў, якія пражылі разам шмат гадоў. Усяго ў Кожаве 198 жыхароў, прыязджаюць сюды жыць нават армяне і грузіны, працуюць у мясцовым калгасе.

Самыя сталыя жыхары вёскі — Вера Калодка, якая нядаўна адзначыла 95-годдзе, і Дзям'ян Сяляўка, якому ўвосень будзе 93. Для іх загарэлася зорка «Мудрасць».

Не абмінулі ўвагай і адзінага ветэрана вайны Вольгу Хіневіч, у гонар якой запалілася зорка «Перамога».

Але якое свята без пачастунку?.. Стол з конкурснымі стравамі ледзьве не ўгінаўся ад прысмакаў, якія згатавалі мясцовыя гаспадыні. Тут і шарлотка, і піражкі з яблычным павідлам, і пірагі, і аладкі... А лялькі гаспадара ды гаспадыні «выглядалі» з-за плоту і запрашалі на выстаўку работ лялечнай майстэрні, якой кіруе Людміла Саўчанка-Кір'янава.

Мікалай КАДЛУБАЙ, супрацоўнік Карэліцкага краязнаўчага музея, які на свяце выконваў ролю беларускага гаспадара і збіваў масла ў самай што ні на ёсць сапраўднай маслабойцы, частаваў гасцей хлебам з маслам, якое збіў адмыслова да свята.

— Суседка прынесла хатняе малако, і ўчора я масла збіў. Каштуйце, не бойцеся! Гэта ўсё свежае, гаспадарскае, натуральнае.

Дарэчы, гаспадары ў Кожаве вельмі руплівыя. Вёска дагледжаная, чыстая, акуратная, як і сады. Найлепшым яблыневым садам прызналі ў той дзень дрэвы на падворку Міхаіла ШТЫЦЬКО і ў яго гонар запалілі зорку «Добраўпарадкаванасць».

У гонар супрацоўнікаў СВК запалілі зорку «Руплівасць», а сямейныя дынастыі адзначылі зоркай «Пашана». Самая маленькая зорка «Карапуз» запалілася для Віктара Квапіса і Станіслава Хіневіча — хлопчыкаў, якія нарадзіліся ў 2016-м.

— Калі ў вёсцы ёсць жыхары, якія клапоцяцца пра яе, калі ў ёй чуваць дзіцячыя галасы, калі прыязджаюць родныя і блізкія, яна будзе жыць, — лічыць начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Іна САНЧУК. Ёй, дарэчы, выпала цяжкая і салодкая справа: пакаштаваць стравы і вызначыць пераможцу конкурсу прысмакаў, якой стала Маргарыта ЗВОНКА. Яе шарлотка і выглядам, і формай, і пахам проста сама прасілася ў рот.

Бліжэй да вечара, удосталь натанцаваўшыся і начаставаўшыся, людзі перамясціліся бліжэй да возера — працягваць свята вёскі ды яблыкаў.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Прыгожа, весела і смачна!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.