Вы тут

Што такое «Цёплыя кнігі»


Што вы ўявіце, калі памацаеце кнігу з заплюшчанымі вачыма? Яе памер, матэрыял, з якога яна зроблена, цёплая яна або халодная... Але каб даведацца пра змест, давядзецца зрабіць літары, лічбы і малюнкі аб'ёмнымі. Менавіта так, з дапамогай дотыкаў і пачуццяў, чытаюць невідушчыя і слабавідушчыя дзеці. Каб дапамагчы ім спазнаць свет, у гродзенскай сярэдняй школе № 35 імя М. А. Волкава развіваецца праект «Цёплыя кнігі». Па выніках сёлетняга рэспубліканскага конкурсу «100 ідэй для Беларусі», які ладзіўся Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі, ён апынуўся ў ліку пераможцаў у намінацыі «Грамадства, эканоміка і сацыяльная сфера».


— Такія ідэя і назва нарадзіліся ў бібліятэчнай сістэме ў Гродне чатыры гады таму, — кажа педагог-арганізатар школы Анастасія ХАНЬКО. — А наша гісторыя пачалася, калі з вучнямі наведалі Беларускае таварыства інвалідаў па зроку (БелТІЗ). Дзецям прапанавалі надзець на вочы павязкі і паспрабаваць падняцца на некалькі паверхаў. У бібліятэцы мы гарталі кнігі, мацалі, спрабавалі чытаць шрыфт Брайля. Не расчуліцца было цяжка. Там і заўважылі, што для дарослых такіх кніг шмат, а для дзяцей — усяго некалькі. Тады і падумалі: а чаму б нам самім не зрабіць іх для апошніх?..

Праект пачалі ажыццяўляць разам з педагогам па дадатковай адукацыі Дзмітрыем Трафімавым і намеснікам па выхаваўчай рабоце Анжалікай Казлоўскай. Далучыліся і школьнікі, а таксама гродзенскія валанцёры.

Першую кнігу, «Лясныя звераняты», рабілі цягам месяца-паўтара. Спачатку трэба было распрацаваць макет, набыць матэрыялы, зладзіць каркас, вокладку і старонкі. Пры стварэнні твораў трэба ўсведамляць, што іх будуць чытаць не вачыма, а рукамі, уявіць, што адчувае чалавек з парушэннямі зроку, зрабіць так, каб кніга была зразумелая і цікавая для дзіцяці.

— У гэтым нам вельмі дапамагаюць невідушчыя валанцёры з БелТІЗ, — тлумачыць Анастасія. — Яны паказваюць, як пісаць шрыфтам Брайля, раскрываюць усе нюансы. А пасля таго, як усё гатова, самі правяраюць канчатковы вынік.

Пры стварэнні тактыльных кніг важная кожная дэталь і, галоўнае, — максімальная адпаведнасць рэчаіснасці. Напрыклад, дзеці не разумеюць накладання аб'екта на аб'ект: не атрымаецца зрабіць жывёлу з лапамі, якія складзены на жываце. Таксама добра, калі будзе менш дэталяў, каб чытач засяроджваўся на галоўным.

Яшчэ адна адметнасць — якасць матэрыялу. Ён павінен быць мяккі, прыемны навобмацак. Для кніг выкарыстоўваюць фетр, воўну, шоўк, а таксама гузікі, скуру, пёры. Вострых матэрыялаў, вядома, пазбягаюць. А што да фарбаў, то бяруць колеры пастэльных тонаў.

Адна з самых складаных рэчаў пры стварэнні твора — шрыфт Брайля. Літары пішуць як бы ў люстраным адбітку, работу трэба пачынаць справа налева. Памыліцца нельга, інакш тэкст не зразумеюць.

За два гады ў школе зрабілі ўжо больш за дзесяць кніг, сярод якіх «Займальная матэматыка», «Зімнія ўборы», «Падводны свет», «Поры года». Яны не толькі вучаць, але і развіваюць дробную маторыку.

Стваральнікі ўдзельнічаюць са сваім праектам у розных конкурсах, каб як мага больш людзей даведалася пра іх карысную работу. Вядома, хочацца выйсці і на міжнародны ўзровень.

Юлія АДАМОВІЧ

Загаловак у газеце: На мове дотыкаў і пачуццяў

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.