Вы тут

Тэлевядучая Надзея Цімафеева: Я заўсёды на пазітыве


У адных дзень пачынаецца з кавы, у іншых — з прагляду месенджараў, а ў кагосьці рука адразу цягнецца ўключыць «Добрай раніцы, Беларусь!» Калі вы належыце да апошніх, вам будзе цікава даведацца, чаму вядучая гэтай праграмы Надзея Цімафеева так любіць Парыж, калі яна адчувае сябе амазонкай і аб якім праекце марыць на айчынным тэлебачанні.


— Цяпер, каб даведацца пра чалавека, дастаткова паглядзець яго акаўнт у Іnstagram. У вашым я знайшла цікавы пост «Як запаліць уласнае сонца». Пішаце, што для вас гэта — ёга,  лыжы, стральба з лука...

— Усё трошачкі не так. Я Рыбы па гараскопе, таму мне падабаецца ўсё містычнае. Не тое, каб гэтым вельмі захапляюся, проста цікава. І неяк мне напісала адна жанчына: «Хочаце, я складу вам незвычайны гараскоп?» Згодна з ім, у кожнага чалавека ёсць сонца, якое трэба запальваць праз пэўныя дзеянні. Думала, што гэта выключна тыя рэчы, якія прыносяць радасць. Мне, напрыклад, падабаецца падарожнічаць, я люблю сваю работу, знаёмствы з людзьмі. Але ў гараскопе знайшла стральбу з лука, лыжы, ёгу. Усё тое, што я не люблю. І нават не збіраюся гэтаму вучыцца. На лыжах каталася разы чатыры, і тое толькі таму, што калісьці гэта было вельмі модна. Што датычыцца верхавой язды (а там быў і такі пункт), то я проста баюся коней. Вучыцца абыходзіцца з лукам мне таксама неяк не асабліва хочацца. Хоць я дастаткова добра страляю з пісталета.

— Вельмі цікава! Сапраўды?

— Так, мне падабаецца. Мы з мужам зімой выпадкова праходзілі міма ціра. Я раптам падумала: «О, трэба туды зайсці!» Там была зброя, максімальна набліжаная да баявой па вазе, колеры, іншых характарыстыках. У выніку патрапіла ў «яблычак» разоў шэсць, а муж — ніводнага. І тады я падумала: напэўна, ува мне жыве амазонка (смяецца).

— Вы скончылі педагагічны ўніверсітэт і засталіся там у магістратуры. Чаму ўсё ж такі пайшлі з педагогікі? Не ваша?

— Не маё. Хоць я вельмі люблю сваіх студэнтаў. Яны цудоўныя, выдатныя. Мы з імі і цяпер падтрымліваем стасункі. Якія прадметы вяла? У мяне іх было шмат. Усе яны звязаны з педагогікай: гісторыя педагогікі, педагогіка ў сярэдняй школе, методыка развіцця адораных дзяцей.

— Вы сталі тэлевядучай у дваццаць гадоў. І не раз казалі, што гэта было вялікай марай. Прайшоў час...

— Цяпер у мяне новая стадыя любові да сваёй работы. Быў перыяд, калі акрамя вялікага жадання я нічога не мела і не ўмела. Гэта быў час прыняцця сябе як непрафесіянала. Потым пачаўся этап, калі ўсё стала атрымлівацца. Нарэшце надыходзіць момант, калі разумееш — ужо нічога не страшна. Не бянтэжыць англамоўны госць, табе давяраюць работу не толькі ў студыі, а, напрыклад, як летась, на «Славянскім базары». Ці, скажам, як здымалі праект «Вялікі сэлфі-тур»? Мы спаборнічалі з Уладзімірам Багданам, які ездзіў у Грэцыю, Іспанію і іншыя краіны, а я каталася па Беларусі. Было сапраўды вельмі цікава, і мае батлы практычна заўсёды выйгравалі. Гэта ўжо зусім іншае адчуванне. Мяне нават запрашалі ў «Добрай раніцы, Беларусь!» і... бралі інтэрв'ю як у госця. Вось такія былі этапы. Галоўнае, не спыняцца і пастаянна рухацца да чагосьці новага. Цяпер я прыходжу на работу і атрымліваю задавальненне ад стасункаў з калегамі, ад інфармацыі — мне вельмі падабаецца адной з першых пра нешта даведвацца. І першай адкрываць горад, калі еду на тэлебачанне а чацвёртай раніцы (смяецца).

— Дарэчы, вы жаўранак ці сава?

— Нават не ведаю, хто я. Мне камфортна ўставаць на работу а палове чацвёртай. А вось калі ў нерабочы дзень прачынаюся а шостай або сёмай, адчуваю сябе максімальна дрэнна. Галава баліць, з ціскам нешта не тое, мне здаецца, я тады паміраю. Але калі трэба ехаць у аэрапорт ці запланавана нейкая класная сустрэча, то прачнуся ў любы час. Магу наогул не спаць.

— Калісьці вы хацелі быць вядучай «Калыханкі», потым — зрабіць ток-шоу для дзяцей, затым стварыць праект накшталт беларускага «Форд-Баярда». Якія цяпер планы?

— Пра сваё ток-шоу ўжо не мару. У дваццаць гадоў у мяне быў максімалізм — зрабіць штосьці для дзяцей. Я яшчэ вучылася ў педуніверсітэце і прынамсі ведала, што яны хочуць. Цяпер такога вопыту няма, таму не ўпэўнена, што зраблю добрую праграму. Можа, сітуацыя зменіцца, калі ў мяне з'явяцца свае дзеці? Наконт «Форд-Баярда»... Ідэя не пакідае мяне, вельмі хачу быць і ўдзельнікам гэтай праграмы, і вядучай. Літаральна ўяўляю, як я, Яўген Перлін, Каця Рыжыкава, Тэа і астатнія праходзім выпрабаванні. Засоўваю руку ў бочку з мышкамі, крычу — усё выдатна (смяецца). Але на цяперашнім этапе гэта вельмі складана, улічваючы, што праграма павінна здымацца ў іншай краіне, трэба выкупіць дарагую франшызу... Ці акупіцца ўсё?

— Вы мінчанка. У вас ёсць любімае месца ў горадзе?

— Я люблю сталіцу. І вельмі люблю Беларусь, нягледзячы на тое, што мае бацькі рускія. Бо адчуваю сябе тут камфортна. З іншага боку, я неверагодна люблю Парыж. І мне шмат хто кажа: «Ну раз так, вучы мову і пераязджай туды жыць». Але мне даспадобы пабыць там тры дні, атрымаць асалоду ад атмасферы і вярнуцца дадому. Бульбачка, бацькі, мой муж, кот, сябры, работа.... А там што? У мяне няма канкрэтнага ўлюбёнага месца ў Мінску, мне падабаецца шпацыраваць па праспекце Незалежнасці, назіраць за людзьмі. Асабліва цяпер, улетку — усе ўсміхаюцца, радуюцца. Гэта ж так крута, калі людзі ўсміхаюцца! Я заўсёды на пазітыве, і побач са мной людзі, якія вельмі любяць жыццё, запальваюцца любой ідэяй. Мне вельмі падабаюцца тыя, хто любіць сваю работу, гатовы на нейкую цікавую авантуру.

— Раскажыце пра якую-небудзь з вашых?

— Вось, з апошняга... Прачынаюся і кажу: «Муж, паехалі ў Парыж!» Ён адказвае: «Надзя, ты мяне дастала. Я за апошні год столькі разоў быў там, што ў мяне ўжо вока тузаецца ад гэтага слова». Тады пішу сяброўкам: «Дзяўчаты, паехалі ў Парыж!». Яны: «А паехалі!» Прыходзіць муж з работы, я кажу: «Паш, мы з дзяўчатамі ляцім у Францыю, ужо забраніравалі квіткі і гатэль». Ён быў у шоку, вядома.

— Чаму менавіта гэтае месца вам так імпануе?

— Там нейкае асаблівае паветра. Нават не ведаю, як гэта растлумачыць. Улічваючы маю містычную схільнасць, мне здаецца, у мінулым жыцці я была там кімсьці: птушачкай, сабачкам ці прынцэсай, не ведаю. Да таго, як патрапіць туды, думала, што каханне-любоў можа быць толькі да людзей супрацьлеглага полу і бацькоў, а аказалася, што Парыж — гэта таксама любоў. Там нават пахне асабліва. Я люблю абсалютна ўсё ў гэтым горадзе: любыя паркі, скверы, лавачкі...

— У вас ёсць яшчэ адзін аб'ект сімпатый — кот Чывас...

— Ён цудоўны. Мне здаецца, у яго шыкоўнае жыццё, але ён перыядычна ім усё роўна не задаволены. Я стамляю яго сваёй любоўю. Яму падабаецца прыходзіць да мяне раніцай. Бачыць: «Ага, ты прачнулася, іду да цябе». Потым яго трэба абавязкова панасіць — гэта наш рытуал. Ён кладзе мне галаву на шыю, хвілінак пяць мы так ходзім, пасля чаго трэба абавязкова наліць Чывасу малачка. І ўсё, у яго ліміт любові вычарпаны. Я літаральна чую яго думкі: «Усё, хопіць, ідзі на работу». Ён любіць тое, што ён любіць. Ён увесь у мяне. А яшчэ мой кот пахне цукровай ватай. Напэўна, гэта самая лепшая істота на свеце.

Ганна ВАРОНКА, студэнтка ІІІ курса факультэта журналістыкі БДУ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.