Вы тут

«...Жывіце даўжэй!..»


Штогод прыхільнікі творчасці Коласа — грамадскія дзеячы, творцы, навукоўцы і сваякі пісьменніка — прыходзяць на Вайсковыя могілкі, каб аддаць даніну памяці славутаму беларускаму Песняру. 13 жніўня, у дзень 63-й гадавіны з дня смерці Якуба Коласа, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі сабраліся зноў.


Пасля таго, як пастамент пачырванеў ад гваздзік, прагучалі словы:

Мaўчaць пaлi y кpoпляx бyйныx poc,

Бapы мaўчaць, a cэpцa плaчa ўгoлac.

 Мoй poдны кyт, yпaў бyйнeйшы кoлac,

Штo нa твaёй зямлi yзpoc.

З гэтых радкоў Сяргея Грахоўскага пачала памінальную прамову намеснік дырэктара Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа па навуковай рабоце Настасся Трафімчык.

Праўнучка паэта Васіліна Міцкевіч распавяла, што ў сям’і Міцкевічаў дзень памяці Якуба Коласа — кожны дзень. І гэтая памяць дзейсная. Члены сям’і даследуюць спадчыну паэта, пішуць навуковыя артыкулы, супрацоўнічаюць з музеем Коласа. І, вядома ж, чытаюць Коласавы творы сваім дзецям — дрэва роду Міцкевічаў трывалае!

«Жыццё Якуба Коласа — гэта ўзор і прыклад для ўсіх, хто хоча пакінуць добры след пасля сябе, хто хоча паслугаваць сваёй Айчыне, незалежна ад таго, якой справе ён сябе прысвяціў», — падкрэсліла супрацоўніца музея. І сёння ёсць людзі, якія плённа працуюць над развіццём беларускай культуры — творчыя нашчадкі Коласа. Над магілай песняра прагучалі поўныя натхнення і надзеі на працяг жыцця роднага слова прамовы Навума Гальпяровіча, Міхася Пазнякова. Анатоль Бутэвіч, згадаўшы артыкул Ніла Гілевіча, у якім Колас названы настаўнікам для многіх беларусаў, падкрэсліў актуальнасць гэтых слоў і на сёння, бо з Купалы і Коласа, якія знайшлі спачын побач на Вайсковых могілках, пачынаецца беларуская літаратура — такая, якой мы яе ведаем.

Блізкае сяброўства паэтаў, пры ўсім іх непадабенстве, — добра вядомы факт. Іх аб’ядноўвала агульная мара і мэта — найлепшая доля для сваёй краіны. Такое ж сяброўства падтрымліваюць і музеі пісьменнікаў. Прадстаўніца Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы таксама выказала словы памяці пра Якуба Коласа.

Заканчэнне імпрэзы атрымалася нечаканае, але лагічнае. З кола гледачоў выйшаў чалавек, які выказаў жаданне прачытаць урывак з «Новай зямлі»...

Такія постаці, як Якуб Колас, заўсёды нябачна прысутнічаюць там, дзе ёсць дух беларускай культуры. Настасся Трафімчык завяршыла памінальную імпрэзу, згадаўшы Коласаў запавет: «Жывіце даўжэй, хлопцы. Дагледзьце на свае вочы ўсё, што не давялося мне. І заўсёды помніце: хай кожны дзень ваш сябруе ці з пачаткам, ці з заканчэннем якой-небудзь справы».

 Дар’я СМІРНОВА

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.