Вы тут

Малады мядзведзь «дапамог» сабраць ураджай груш у Расонскiм раёне


Паведамленне пра гэта паступiла ў мясцовы РАУС ад дачнiцы з вёскi Кульнева. Пажылая жанчына расказала, што хтосьцi ў ноч з 17 на 18 жнiўня на яе ўчастку пашкодзiў iгрушу. Зламыснiк не толькi абламаў галiны, але i пакiнуў побач свае сляды.


А ўжо вечарам яна на свае вочы ўбачыла, хто «дапамог» ёй сабраць ураджай. Пры гэтым малады мядзведзь анi не саромеўся ласавацца грушамi пры гаспадынi ўчастка. Жанчына спудзiла звера крыкамi i паведамiла пра тое, што здарылася, праваахоўнiкам. Яны, а таксама егеры паляўнiчай гаспадаркi «Чырвоны бор» абследавалi тэрыторыю, але мядзведзя так i не знайшлi.

Як расказалi ў Сакалiшчанскiм сельскiм савеце, нечаканага госця бачылi i вечарам 19 жнiўня. Ён прыйшоў у вёску з боку лесу, убачыў мясцовую жыхарку, стаў на заднiя лапы i пайшоў назад.

Рыгор ЯНУТА, вядучы навуковы супрацоўнiк сектара запаведнай справы навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусi па бiярэсурсах адзначыў, што для мядзведзяў яблыкi, iгрушы i iншыя фрукты i ягады, што растуць у садах у населеных пунктах i былых месцах пасялення чалавека, -- лёгкая здабыча, на атрыманне якой не трэба трацiць шмат сiл. А калi на полi побач з лесам сеялi, а потым сабралi збожжавыя, то гэтым людзi пазбавiлi жывёлу крынiцы харчу, таму яна i шукае яго ў iншых месцах. Такiм спосабам можа здабываць ежу i малады мядзведзь.

- Пры сустрэчы з любой дзiкай жывёлай - цi гэта мядзведзь, цi гэта здзiчэлы сабака - нельга ўцякаць ад яе, дэманстраваць агрэсiю. Наадварот, жывёла павiнна бачыць, што ёй нiчога не пагражае, - кажа вучоны. - Калi вы ўбачылi мядзведзя, неабходна павольна адыходзiць, стараючыся не паказваць свайго хвалявання. У лесе ад дарослага мядзведзя можна схавацца на дрэве - толькi медзведзяняты могуць добра лазiць па iм. Збiраючыся ў лес, адзявайце прыкметную вопратку. Гэта можа дапамагчы пазбегнуць нечаканай сустрэчы з драпежнiкам, якi будзе папярэджаны аб вашай прысутнасцi.

- Гэта малады, яшчэ неразумны мядзведзь, таму i выбраў такi спосаб пракармлення, - тлумачыць выпадак у Кульневе егер Аляксандр САМОЙЛЕНКА. -- Раней у нас гэтыя звяры таксама заходзiлi ў закiнутыя населеныя пункты, але у жылую вёску - упершыню.

Паколькi мядзведзь - жывёла, занесеная ў Чырвоную кнiгу, i агрэсiўнымi метадамi (з удзелам зброi) яго адганяць нельга, калi мiшка наведаецца зноў, магчыма, будуць выкарыстаны шумавыя спосабы. Пакуль план дзеянняў абмяркоўваецца.

Мiнпрыроды сумесна з навукоўцамi i грамадскасцю распрацавалi рэкамендацыi для насельнiцтва па паводзiнах пры сустрэчы з дзiкiмi жывёламi . Вось датычныя менавiта сустрэчы з мядзведзем.

  • Калi мядзведзь пры чалавеку ўстаў на заднiя лапы i, знаходзячыся на некаторым аддаленнi, робiць палохаючыя выпады i кiдкi ў ваш бок, узбуджана праходжваецца, паварочваецца бокам (каб паказаць свае памеры), тупае дзвюма цi адной з пярэднiх лап цi ўдарае ёю аб якi-небудзь прадмет, скрабе пярэднiмi лапамi i кiдае зямлю ў чалавека, «шыпiць», «пыхкае», «фукае», гыркае цi раве, ляскае скiвiцамi, АЛЕ глядзiць на чалавека скоса i толькi зрэдку кiдае прамыя погляды, то пры разумных дзеяннях iнцыдэнт можа быць вырашаны мiрным шляхам. Калi ў такой сiтуацыi стаяць спакойна, быць знешне спакойным i рашучым, то мядзведзь хутчэй за ўсё спынiцца i сыдзе.
  • Адыходзiць ад мядзведзя неабходна без рэзкiх рухаў, спакойна, крокамi, але досыць хутка, лепш убок, iмкнучыся пры гэтым апынуцца з наветранага боку, каб мядзведзь мог пачуць пах чалавека (можа прыняць чалавека за буйную жывёлу!). Адыходзячы, не паварочвайцеся спiнай да звера, i толькi прайшоўшы так 10--15 метраў, можна павольна, бокам адыходзiць далей. Але калi мядзведзь пачынае iсцi за вамi, спынiцеся i не сыходзьце з месца.
  • У некаторых выпадках можна адпудзiць мядзведзя моцным i незвычайным шумам. Для гэтага можна гучна закрычаць, стукаць аб ствол дрэва, скарыстацца петардамi, але кiдаць iх не ў звера, а збоку ад яго памiж вамi i мядзведзем, уначы можна выкарыстоўваць яркi лiхтар, накiраваўшы яго ў вочы звера.

Прыкметы агрэсiўна настроенага звера:

  • вушы прыцiснуты да галавы,
  • поўсць устала на карку (мядзведзь здаецца трохi гарбатым), ён не спрабуе ўставаць на заднiя лапы, маўчыць i глядзiць на вас прамым поглядам.

Вельмi верагодна, што звер цяпер кiнецца на вас, i гэта будзе вельмi iмклiва.

Веранiка КОЛАСАВА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?