Вы тут

Што Жуль Верн прадказаў для нашчадкаў


Французскі пісьменнік Жуль Верн быў класікам прыгодніцкай літаратуры і адным з заснавальнікаў жанру навуковай фантастыкі. Паводле статыстыкі ЮНЕСКА, кнігі Жуля Верна займаюць другое месца ў свеце па колькасці перакладаў, саступаючы толькі творам Агаты Крысці. Летась споўнілася 190 гадоў з дня нараджэння гэтага сусветна вядомага пісьменніка. З героямі яго твораў адбываліся яркія і дзіўныя прыгоды, аднак такімі яны сталі менавіта таму, што іх аўтар стварыў у сваіх раманах неверагодныя машыны, якія мелі з'явіцца толькі ў будучыні. Паглядзім, якія ж фантастычныя рэчы прыдумаў ці прадказаў іх развіццё гэты вялікі пісьменнік.


  • Касмічныя палёты
  • Творы: «З гарматы на Месяц», «Вакол Месяца» і «Гектар Сервадак».

У гэтых сваіх творах Жуль Верн «запусціў» міжпланетныя караблі з дапамогай гарматы. Але ён змог прадказаць не проста палёты ў космас і на Месяц, але яшчэ і пачатак шырокага даследавання (і вытворчасці) алюмінію для аэракасмічнай галіны, хоць у яго час гэты метал быў вельмі дарагі. Стартавай пляцоўкай для месяцовай экспедыцыі ён выбраў Стоўнз-Хіл у Фларыдзе. Гэта таксама вельмі цікава, таму што зусім побач знаходзіцца мыс Канаверал, дзе сёння размешчаны цалкам рэальны амерыканскі касмадром.

  • Хуткія падарожжы вакол свету
  • Твор: «Вакол свету за 80 дзён».

І тут фантастыка аказалася зусім недалёка ад ісціны. Герой рамана па імені Філеас Фог здзейсніў падарожжа вакол свету за 80 дзён. Сёння здзейсніць падарожжа вакол Зямлі можна за 70 гадзін. Дарэчы, журналістка Нэлі Блай аб'ехала Зямлю за 72 дні 6 гадзін 10 хвілін 11 секундаў яшчэ пры жыцці Жуля Верна. І па дарозе заехала да пісьменніка ў Ам'ен — засведчыць павагу.

  • Падводныя лодкі
  • Твор: «20 000 лье пад вадой».

Першыя падводныя лодкі з'явіліся яшчэ да Верна, англійскі механік Карнеліус Дрэбель пабудаваў вяслярную субмарыну яшчэ ў XVІІ стагоддзі, былі эксперыментатары і пасля. Аднак пісьменнік змог шмат у чым адгадаць, як яны будуць развівацца ў агляднай будучыні. Так, сусветна вядомы карабель капітана Нема «Наўцілус» мог развіваць хуткасць да 50 вузлоў, апускацца і даследаваць марское дно і праводзіць актыўныя ваенныя дзеянні.

  • Акваланг
  • Твор: «20 000 лье пад вадой».

Пісьменнік таксама шмат у чым прадказаў, як будуць развівацца вадалазныя касцюмы. На момант напісання рамана касцюмы для апускання пад ваду ўжо існавалі, аднак яны былі вельмі нязручныя і небяспечныя для вадалаза. Сучасны акваланг у 1943 годзе вынайдзе іншы вядомы француз — Жак-Іў Кусто.

  • Самалёты і верталёты
  • Творы: «Уладар свету» і «Робур-Заваёўнік».

Нароўні з іншым вядомым пісьменнікам Гербертам Уэлсам, Жуль Верн у сваіх творах змог прадказаць шырокае распаўсюджанне лятальных апаратаў. Пісьменнік таксама прадказаў, што авіяцыя будзе шырока выкарыстоўвацца ў войнах будучыні. Самалёт з пераменным вектарам цягі Верн апісаў у пачатку «Незвычайных прыгод экспедыцыі Барсака». Гэты твор, на жаль, пісьменнік не паспеў скончыць пры жыцці, кнігу дапісваў яго сын. Яна была апублікавана толькі ў 1914 годзе.

  • Гіганцкія пушкі і хімічная зброя
  • Твор: «Пяцьсот мільёнаў бегумы».

Апублікаваны ў 1879 годзе раман «Пяцьсот мільёнаў бегумы» апавядае пра супрацьстаянне доктара Франсуа Саразена і нямецкага прафесара-вар'ята Шульцэ, стваральніка гіганцкай гарматы, здольнай адпраўляць цяжкія снарады, начыненыя атрутным газам, на многія кіламетры ўдалячынь. Падобная зброя насамрэч была ўжыта падчас Першай сусветнай вайны: адначасна Жуль Верн прадказаў і «нямецкую пагрозу», якая стала прычынай абедзвюх сусветных войнаў, а мілітарызаваны горад-крэпасць Штальштат, здаецца, быў ідэалам Гітлера. Пра Гітлера ж нагадвае і ганебны канец прафесара Шульцэ, замарожанага ва ўласнай лабараторыі адным з распрацаваных ім снарадаў.

  • Ядзерная зброя
  • Твор: «Сцяг радзімы».

Суперснарад пад назвай «фульгуратар Рока» геніяльнага вынаходніка Тама Рока мог знішчыць усё жывое ў радыусе некалькіх кіламетраў. Гэта дакладна адпавядае рэальнай атамнай зброі. Вось толькі ў адрозненне ад рэальнасці ў кнізе гэта вынаходніцтва так і не трапіла ў рукі вайскоўцаў.

  • Камп'ютары і відэасувязь
  • Твор: «Парыж у ХХ стагоддзі».

У сваім раннім рамане-антыўтопіі, напісаным у 1860 годзе, Жуль Верн паказаў сталіцу Францыі ў 60-я гады цяпер ужо мінулага стагоддзя. У гэтым творы вылічальныя аперацыі ў банках праводзілі велізарныя машыны. Такім чынам, пісьменнік прадбачыў стварэнне ЭВМ. Ён таксама апісаў тэлебачанне і зносіны паміж людзьмі на адлегласці пры дапамозе двух экранаў. Раман таксама ўключае ў сябе тэорыю, вядомую як «тэорыя стрымлівання», распрацаваную амерыканскім дыпламатам Джорджам Кенанам у 1940-я. Верн меркаваў, што са з'яўленнем у некалькіх краін зброі, здольнай знішчыць усю планету, войны сыдуць у мінулае. Тут, на жаль, ён вельмі памыліўся.

  • Электрычнае крэсла
  • Твор: «Парыж у ХХ стагоддзі».

Стварэнне электрычнага крэсла Жуль Верн прадказаў у тым жа рамане-антыўтопіі. Ён апісаў, як асуджаных на смерць пазбавілі жыцця пры дапамозе магутнага электрычнага разраду ў 1960 годзе. У рэальнасці ўпершыню падобны спосаб пакарання чалавека быў рэалізаваны ў ЗША 6 жніўня 1890 года ў Абернскай турме штата Нью-Ёрк.

Іван Купарвас

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.