Вы тут

Жыццядайная плынь “Прыпяці”


Спаўняецца 55 гадоў знакамітаму народнаму ансамблю танца, які стварыў у Тураве, на Палессі харэограф Мікола Котаў


Ветэраны ансамбля “Прыпяць” на яго 50-гадовым юбілеі

Што ні зробіш людзям добрае ў жыцці — тое з цёплынёй потым і сам згадваеш. Асабліва ж калі справа твая мае працяг. Сёлета для Міколы Конанавіча ды яго шматлікіх сяброў, праз лёсы якіх працякла “Прыпяць” — год адметны. Можна сказаць: год пад знакам “Прыпяці”. Зноў ёсць нагода сабрацца разам, бо ўсталявалася ўжо такая традыцыя. І тое будзе, ведаю, 17 жніўня. Сам харэограф звяртаўся й праз нашу газету да былых сваіх вучняў — гл. “Прыпяць — наша маладосць” — ГР, 29.05.2019. А неяк сакавіцкім днём, калі зайшоў у рэдакцыю, за кубачкам кавы са светлай тугою згадваў далёкі час: “Прыехаў я, малады харэограф, у Тураў — а там усюды гразь. Я ў туфельках… Дык мне людзі боты гумовыя далі — каб было ў чым хадзіць. І потым прывялі ў хату — кватарантам. Якія ж то былі цудоўныя гаспадары! У які час ні прыдзі — хоць у тры ночы! — цябе пакормяць. Гэта была сям’я Забелічаў. Дарэчы, і дачка гаспадароў танцавала ў мяне”.

Цікава-цікава, перапытваю, а як жа дзяўчына-тураўчанка ўспрыняла такога кватаранта? “А давайце ў яе самой запытаем!” — прасвятляецца твар Міколы Конанавіча. Глянуў у блакноціку запісы: “Вось: Галіна Кірылаўна Забеліч-Шруб…”. Тэлефануем у Тураў: “Ці памятаеце, як у вас Котаў кватараваў?” Памятае: “Тады я ў школу хадзіла, то гэта можа год 64‑ы быў, калі ў нас ён пасяліўся. Школу я ў 66‑м закончыла, з 1949‑га родам”. Расказвае Галіна Кірылаўна тое ахвотна, бо так сталася, што заняткі танцамі паўплывалі на ўсё яе далейшае жыццё: “Па-першае, любіла я танцаваць, і танцавала ў 9–11 класах. Была ў першым складзе ансамбля. Мы ж і ў Маскве тады выступалі: на Краснай плошчы здымак ёсць. А яшчэ ў “Прыпяці” я сустрэла свайго Івана Архіпавіча, будучага мужа. Так што ў гурта была, можна сказаць, лёсавызначальная для нас роля”.

Пасля школы тураўчанка паехала ў Крывы Рог: тады Днепрапятроўская вобласць Украіны. Там жылі ўжо два яе браты, а дзяўчыне трэба было вучыцца далей: “Дык яны й вызначылі: у тэхнікум харчовай прамысловасці. Павучылася — прыехала дадому. Мы з Іванам і распісаліся 13 лютага 1968 года. Паехала давучвацца, потым на завочнае перавялася ды ўладкавалася ў ДК у Тураве метадыстам. Працавала два гады, потым у нас дачка нарадзілася. А тым часам Іван Архіпавіч прымусіў мяне далей вучыцца — але на музыканта: паступіла ў Гомель, у Музвучылішча імя Несцера Сакалоўскага. Муж сам глядзеў за дзіцем, разам з бацькамі. Вучылася, як кажуць, з нуля, спявала ў самадзейнасці. Потым і з музвучылішча на завочнае перавялася. Муж працаваў дырэктарам музычнай школы, а я пайшла туды выкладчыцай тэорыі музыкі, сальфеджыа, харавога класа”.

Трошкі акрэсліўшы дабратворны ўплыў “Прыпяці” на свой лёс, Галіна Кірылаўна зноў згадвае кватаранта: “Прыгажун быў, ды яшчэ й танцор хвацкі. Арганізатар моцны. За ім нашы ўсе дзеўкі ўхлёствалі! Помню, школьніцы тураўскія больш а ні ў якія гурткі не ішлі — усе да яго на танцы! Нашых шмат у яго танцавала: Таццяна Страх, Марыя Дамашкевіч, Вера Гаршкалеп, Фёдар Сядзельнік, Мікалай Арцюшка, Іван Матох, Зіна Правіла, Таццяна Сяргейчык, Іван Паршута, Міхаіл Румас (ён, дарэчы, родзіч Прэм’ер-міністра), Сяргей Паддубны, Уладзімір Чорны… Танцавала й пазней: у Чэхаславакію ездзілі, і ў Грузію на “Тбілісобу” яшчэ — калі ўжо Ірцы нашай 9 месяцаў было”.

Сям’я Шрубаў, што ўтварылася ў плыні “Прыпяці”, засталася з Міколам Котавым у добрым сяброўстве й пасля ансамбля: “Усе разам — Конанавіч, я і Архіпавіч — паступаць паехалі ў 1983‑м у Мінскі інстытут культуры, паступілі, а ў 1989‑м яго закончылі”. Памёр ужо муж Галіны Кірылаўны, дочкі жывуць у Гомелі. Меншая, Наталля, працуе на станцыі хуткай дапамогі, прайшла праз “Прыпяць”, танцавала ў гурце вядомы яго танец “Ку-ка” (які, дарэчы, падгледзеў у народзе й паставіў на тураўскай сцэне Мікола Котаў). Старэйшая, Ірына, закончыла педінстытут у Мінску, працуе інспектарам па кадрах.

А ці праўда, пытаюся, што ў тры гадзіны ночы кватаранту ежу ставілі? Галіна Кірылаўна ўсміхаецца: “Мама наша, Марына Арцёмаўна, вельмі гасцінная гаспадыня была. Усіх дэталяў тае гасціннасці не памятаю, але скажу смела: Мікола Конанавіч у нас не галадаў. Гаспадарка ж у бацькоў была: карова, свінні, куры… “Яечню спякці?” — помніцца, мама пытала. І катлеткі гатавала, і бульбу… Дарэчы, хата ў нас вялікая была — як школа, высокая. Таму й кватарант завёўся. Бацькі самі яе збудавалі пасля вайны. І мама, і бацька, Кірыл Іванавіч, абодва былі калгаснікі”. Тую хату Шрубы пазней прадалі на знос, і яе перавезлі ў іншае месца. З гордасцю згадвае былая танцорка, што ўнуку яе ўжо 28 гадоў, а унучка, Вікторыя Дзянісаўна, 8 клас закончыла.

Яшчэ напрыканцы цёплае размовы Галіна Кірылаўна казала: калі яны з мужам перасяліліся ў Дварэц (гэта частка Турава), то ў Палацы культуры, які побач, музыканты разам з сябрам, былым танцорам “Палесся” Мікалаем Арцюшкам стварылі хор калгаса “Новае жыццё”. Мікалай Мікалаевіч тады калгасам кіраваў. “А пазней назвалі хор “Палессе”: калі ўжо да нас немцы сталі прыязджаць. І з таго часу ён жыве, а я — кіраўніцай народнага хору “Палессе” Дварэцкага гарадскога Палаца культуры”. Галіна Шруб два гады на пенсіі. Школу пакінула, а хор вядзе. Спявае ў ім 25 чалавек, у асноўным пенсіянеры. Песні ў рэпертуары — украінскія, беларускія, рускія. Рэпетыцыі два разы на тыдзень: аўторак і чацвер. І як салістка яна спявае папулярныя аўтарскія песні. Прычым, удакладняе, усё ўжывую: “Фанеры ў нас няма”. А які юбілей сёлета ёй зладзілі! Згадвае з захапленнем: “Зрабілі ўсё як мае быць. Тры гадзіны запісу! Нават феерверк быў. Святкаванне зладзіў мясцовы аддзел культуры, а старшыня ветэранскай арганізацыі Галіна Рыжанкова казала мне: ты ж, Галіна Кірылаўна, — цэлая эпоха!”.

Вось якая цікавая эстафета творчасці перадаецца на Палессі! З аповедаў Міколы Конанавіча я ведаю: і шмат іншых людзей з Турава й ваколіц выйшлі ў людзі дзякуючы таму, што ў свой час далучыліся да народнага мастацтва праз ансамбль танца “Прыпяць”. Пра тое мы плануем і надалей расказваць.

Іван Ждановіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».