Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» раскажам пра медалі ў гімнастыцы, перамогу хакеістаў «Юнацтва», пляжны футбол і іншыя актуальныя навіны выхадных.


1. Два медалі прынёс зборнай Беларусі дамашні этап Кубка свету БСБ Банк па мастацкай гімнастыцы.

Абодва разы на п'едэстал уздымалася наша каманда ў групавых практыкаваннях. Пасля бронзы ў мнагабор'і Арына Цыцыліна, Настасся Рыбакова, Карына Ярмоленка, Ганна Швайба, Ганна Гайдукевіч і Арына Сушчынская палепшылі вынік у фінале з абручамі і булавамі — заваявалі «серабро».

У індывідуальных спаборніцтвах нашы грацыі засталіся без узнагарод. Гэтым разам наймацнейшыя былі ізраільцянка Ліна Ашрам і расіянкі сёстры Аверыны.

Нагадаем, усяго ў Мінску выступілі спартсменкі з 32 краін, этап Кубка свету па складзе не ўступіў сусветнаму форуму. Упершыню такія буйныя спаборніцтвы прайшлі ў новым Палацы мастацкай гімнастыкі. Для зборнай Беларусі дамашні старт стаў этапам падрыхтоўкі да чэмпіянату свету, які зусім хутка пройдзе ў Баку. Нагадаем, там будуць разыгрывацца алімпійскія ліцэнзіі.

2. Хакеісты «Юнацтва» перамаглі ў фінале Кубка Салея сапернікаў з «Дынама-Маладзечна» з лікам 3:2 і шосты раз выйгралі трафей.

Нагадаем, розыгрыш Кубка праводзіцца з сезона-2002/2003. З 2013 года Кубак носіць імя вядомага беларускага хакеіста Руслана Салея, які ў 2011 годзе загінуў у авіякатастрофе.

У мінулым сезоне хакеісты «Нёмана» трэці раз сталі ўладальнікамі Кубка, перамогшы ў фінальным паядынку маладзечанскае «Дынама» з лікам 4:2. Пяць трафеяў у актыве «Гомеля», па два — у мінскіх «Дынама» і «Кераміна», адзін — у жлобінскага «Металурга».

3. Зборная Беларусі па пляжным футболе выйшла ў суперфінал Еўралігі. У апошнім паядынку этапу ў італьянскай Катаніі беларусы саступілі італьянцам у серыі пасляматчавых пенальці. Па ходзе гульні нашы футбалісты двойчы вялі ў ліку — 1:0 і 2:1, але да фінішу асноўнага часу сапернікі здолелі выраўняць становішча — 2:2.

Нагадаем, да гэтага беларусы абыгралі каманды Францыі — 4:1 і Германіі — 3:2. Выніковае становішча: Італія — 7 ачкоў, Беларусь — 6, Германія — 1, Францыя — 0. Суперфінал Еўралігі-2019 пройдзе з 5 да 8 верасня ў партугальскім горадзе Фігейра-так-Фош. За ўзнагароды паспрачаюцца восем найлепшых дружын Старога Свету: Беларусь, Італія, Іспанія, Швейцарыя, Украіна, Партугалія, Расія і Турцыя. У мінулым сезоне беларусы занялі 5-е месца, «золата» заваявалі італьянцы, «серабро» — іспанцы, «бронзу» — партугальцы.

4. Адбыліся матчы 18-га тура чэмпіянату краіны па футболе. «Гарадзея» абыграла мінскае «Дынама» з лікам 3:1, «Нёман» (Гродна) і «Іслач» (Мінскі раён) не змаглі выявіць пераможцу — 1:1, з такім жа лікам скончылася сустрэча «Энергетыка-БДУ» (Мінск) і «Гомеля». «Славія» (Мазыр) абыграла «Дняпро» (Магілёў) — 1:0, «Мінск» быў мацнейшы за «Тарпеда-БелАЗ» (Жодзіна) — 2:0. Турнірную табліцу ўзначальвае брэсцкае «Дынама», у якога 42 ачкі (17 матчаў).

5. Біятланістка, алімпійская чэмпіёнка ў эстафеце і бронзавы прызёр Алімпіяды ў індывідуальнай гонцы Надзея Скардзіна выйшла замуж.

Фатаграфіі з імпрэзы з'явіліся ў Іnstagram-акаўнтах гасцей. Нагадаем, нядаўна Надзея паведамляла, што чакае дзіця ад свайго выбранніка — швейцарскага біятланіста Марціна Ягера. Цяпер жа будучыя бацькі ўзаконілі свае адносіны.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Два медалі і вопыт

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.