Вы тут

Сёння стартуе рэспубліканская акцыя МНС “У цэнтры ўвагі - дзеці!”


Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях.


З 19 жніўня па 10 верасня па ўсёй краіне ў два этапы пройдзе прафілактычная акцыя “У цэнтры ўвагі - дзеці!", скіраваная на прыцягненне ўвагі да праблемы траўматызму і гібелі дзяцей ад пажараў з прычыны пакідання іх без нагляду.

Першы этап з 19 па 31 жніўня пройдзе ў буйных гандлёвых цэнтрах і іншых аб'ектах гандлю, якія спецыялізуюцца на рэалізацыі тавараў для дзяцей, а таксама ў дзіцячых забаўляльных цэнтрах. У іх будуць размяшчацца тэматычныя зоны з супрацьпажарнай атрыбутыкай і інтэрактыўныя навучальныя пляцоўкі для прыцягнення ўвагі насельніцтва да існуючай праблемы. У якасці экспертаў выступяць інспектары МНС, якія раскажуць бацькам аб правілах бяспечных паводзін, якім трэба навучыць дзяцей.

Акрамя гэтага пакупнікі змогуць атрымаць яркія брашуры, буклеты, памяткі і календары, якія дапамагаюць на ілюстраваным прыкладзе эфектыўна запамінаць правілы бяспекі і карыстацца імі ў любы зручны час. Прычым, каб звярнуць увагу тат і мам на пытанні бяспекі, у аддзелах дзіцячага адзення на манекенах або вешалках, нібыта на продаж, выставяць камплекты баявога адзення ратавальніка, а ў аддзелах канцылярскіх прыладаў -- вогнетушыцелі і аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі.

Другі этап прымеркаваны да Адзінага дня бяспекі і пройдзе з 2 па 10 верасня. У рамках гэтага перыяду акцыя “наведае” ўстановы адукацыі, прадпрыемствы і арганізацыі, у якіх адбудзецца шэраг мерапрыемстваў. Найбольшая ўвага будзе надавацца адукацыйным установам: хлопчыкаў і дзяўчынак чакаюць урокі бяспекі і тэматычная наглядна-выяўленчая прадукцыя.

Важнае месца на гэтым этапе будзе адведзена рабоце з дарослымі: пройдуць інтэрактыўныя гутаркі, тэматычныя бацькоўскія сходы, а таксама гутаркі з працоўнымі калектывамі прадпрыемстваў і арганізацый, прысвечаныя тэме бяспекі.

У акцыі, апроч работнікаў МНС, прымуць удзел члены клубаў юных ратавальнікаў-пажарных, прадстаўнікі ўстаноў адукацыі і іншыя зацікаўленыя арганізацыі.

Акрамя гэтага, на працягу ўсіх этапаў акцыі МНС будзе актыўна супрацоўнічаць са сродкамі масавай інфармацыі. Так, у перыяд правядзення мерапрыемства на тэлебачанні будуць транслявацца тэматычныя відэаролікі, радыёэфір папоўніцца аудыяінфармацыяй, а ў розных відах з’явяцца артыкулы, скіраваныя на папярэджанне надзвычайных сітуацый з удзелам дзяцей.

Ратавальнікі заклікаюць памятаць, што менавіта дарослыя адказныя за бяспеку дзяцей. Яны павінны расказваць сваім дзецям аб правілах паводзін пры тых выпадках, калі яны застаюцца дома адны, і заўсёды быць для іх прыкладам ва ўсіх сітуацыях, што звязаны з захаваннем правіл бяспекі. Менавіта для гэтага МНС і праводзіць акцыю, каб кожнае дзіця на ўласным прыкладзе ніколі не даведалася пра трагедыі, да якіх можа прывесці дзіцячае свавольства.

Сяргей РАСОЛЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?