Вы тут

Якім павінен быць вучэбны дапаможнік у ХХІ стагоддзі?


73 новыя вучэбныя дапаможнікі з'явяцца ў беларускіх школах у 2019/2020 навучальным годзе, з іх 22 пакуль што знаходзяцца на стадыі выдавецкіх арыгіналаў (макетных узораў). А з 50 выданняў, якія павінны з'явіцца на школьных партах да 1 верасня, 48 ужо надрукаваныя.


Мінулагодняя гісторыя з адсутнасцю папяровага падручніка па геаграфіі ў 8 класе ўвесь навучальны год паўтарыцца не павінна.

— Летась аўтарскаму калектыву не ўдалося падрыхтаваць падручнік па геаграфіі для васьмікласнікаў на належным узроўні, таму быў сфарміраваны новы калектыў, — растлумачыла сітуацыю намеснік дырэктара па метадычнай рабоце Нацыянальнага інстытута адукацыі Людміла РАМАНОЎСКАЯ. — А ўвесь патрэбны матэрыял для вывучэння праграмы па гэтай дысцыпліне мы размяшчалі для вучняў і педагогаў на Нацыянальным адукацыйным партале. Хачу заўважыць, што да падручнікаў у нас прад'яўляюцца вельмі жорсткія патрабаванні. Новыя навучальныя дапаможнікі павінны быць маляўніча ілюстраваныя, утрымліваць інфармацыю ў розных формах (дыяграмах, схемах, табліцах), а таксама эфектыўна выконваць навігацыйную функцыю, гэта значыць, утрымліваць знакі і сімвалы, якія адрасуюць вучня і педагога да іншых кампанентаў вучэбна-метадычнага комплексу, у тым ліку і да рэсурсаў, якія знаходзяцца ў інтэрнэце. Сёння новыя падручнікі — гэта сумесны прадукт, вынік партнёрства Нацыянальнага інстытута адукацыі, аўтарскіх калектываў і беларускіх выдавецтваў.

Большасць новых вучэбных дапаможнікаў трапяць сёлета да вучняў дзявятых класаў, паколькі вось ужо некалькі гадоў ва ўстановах адукацыі паэтапна ўкараняюцца новыя навучальныя праграмы: першымі на абноўлены змест навучання перайшлі ў 2015/2016 навучальным годзе першыя і пятыя класы, на наступны год — другія і шостыя, далей — трэція і сёмыя, чацвёртыя і восьмыя класы, а зараз надышла чарга дзевяцікласнікаў.

Новыя падручнікі і навучальныя дапаможнікі ўключаюць больш практыка-арыентаваных заданняў. Навучальны матэрыял у іх аптымізаваны з пункту гледжання даступнасці для навучэнцаў з улікам узроставых асаблівасцяў школьнікаў, абапіраецца на нацыянальны кантэкст...

Чытаць... рукамі

Выдавецтва «Народная асвета» выпускае да новага навучальнага года 19 найменняў падручнікаў агульным тыражом каля 1 мільёна экзэмпляраў.

— Мы выдалі падручнікі для 5-га класа «Гісторыя Старажытнага свету» на рускай і беларускай мовах, «Працоўнае навучанне. Тэхнічная праца» для 7—9-х класаў, «Фізіка», «Алгебра», «Геаметрыя», «Хімія», «Біялогія», «Інфарматыка» для 9 класа таксама на дзвюх мовах, — расказала дырэктар выдавецтва Вікторыя КАЛІСТРАТАВА. — Акрамя таго, забяспечваем вучэбнай літаратурай і дзяцей з асаблівымі патрэбамі (невідушчых, з асаблівасцямі інтэлектуальнага развіцця).

Для дзяцей з парушэннем зроку рыхтуюцца падручнікі, выкананыя рэльефна-кропкавым шрыфтам Брайля. Для перадачы тэксту ў ім выкарыстоўваюцца камбінацыі з шасці кропак. Шрыфт наносіцца з адваротнага боку ліста і «чытаецца» рукамі па выпукласцях (тактыльнае чытанне). Брайлеўскія падручнікі цалкам адпавядаюць выданням для агульнаадукацыйнай школы, але калі звычайны падручнік змяшчаецца пад адной вокладкай, то тут, напрыклад, падручнік па геаграфіі для 11 класа займае 12 (!) тамоў. Затое ў ім ёсць і карты, і выявы, выкананыя на полістыроле кропкавым метадам, якія дзеці таксама могуць цяпер «счытваць» пальцамі. Полістырол лічыцца больш даўгавечным матэрыялам, чым папера.

Сёлета выдавецтва падрыхтавала «Буквар» для невідушчых дзяцей — першую настольную кнігу для школьніка. Ён будзе займаць 13 тамоў.

Праверка на трываласць

— Пры распрацоўцы навучальных дапаможнікаў мы актыўна задзейнічаем інфармацыйныя тэхналогіі: QR-коды і дапоўненую рэальнасць, — тлумачыць галоўны рэдактар выдавецтва «Народная асвета» Алена ЛІТВІНОВІЧ. — Пры навядзенні на іх смартфона можна ўбачыць, напрыклад, што адбываецца падчас лабараторнага вопыту ці эксперымента. Пры гэтым ніякіх асаблівых умоў для друкавання такіх падручнікаў ствараць не трэба: усё прадумваецца яшчэ на стадыі макета, а затым адпаведная праграма счытвання запампоўваецца вучнямі ў гаджэт.

Прадметам гонару «Народнай асветы» з'яўляецца падручнік па фізіцы ў мяккім інтэгральным пераплёце. Два гады таму гэта быў своеасаблівы эксперымент, таму што зараз вучэбны дапаможнік правяраецца на зносастойкасць. Заўважым, што тэрмін службы звычайнага падручніка ў цвёрдай вокладцы складае ад 4 да 5 гадоў (у залежнасці ад колькасці ў вучэбнай праграме гадзін, што выдзяляюцца на гэту дысцыпліну ў тыдзень).

Першы быў падручнік па фізіцы для 7 класа: на нацыянальным конкурсе «Мастацтва кнігі» рашэннем журы ён быў прызнаны «Падручнікам новага стагоддзя». Летась аналагічны падручнік у інтэгральным пераплёце атрымалі вучні 8 класа, а ў гэтым годзе выпусцілі падручнік ужо для дзевяцікласнікаў.

— У эксперыментальным варыянце фармат кнігі павялічаны, прымяняецца іншае размяшчэнне вучэбнага матэрыялу, рэалізаваная функцыя дапоўненай рэальнасці, якая дазваляе «ажывіць» вучэбны матэрыял, — расказвае Алена Літвіновіч. — Паглядзім, як будзе выглядаць наш дапаможнік праз чатыры-пяць гадоў актыўнай эксплуатацыі ў школе. Калі ён акажацца «жыццяздольным», то падобныя падручнікі будуць з'яўляцца і па іншых прадметах. Цікавасць да гэтага фармату ўжо актыўна праяўляюць стваральнікі падручніка па інфарматыцы.

Па школьныя веды — у інтэрнэт-краму

У выдавецтве «Вышэйшая школа», якое забяспечвае беларускіх школьнікаў вучэбнай літаратурай па замежных мовах, да пачатку навучальнага года выпушчана 17 найменняў вучэбных дапаможнікаў тыражом практычна 310 тысяч экзэмпляраў, а ўсяго запланавана 30 найменняў агульным тыражом больш за 500 тысяч экзэмпляраў. «Яшчэ 13 найменняў мы плануем выпусціць да канца каляндарнага года, таму што па іх дзеці пачнуць займацца толькі ў трэцяй чвэрці», — удакладніў дырэктар выдавецтва Аляксандр НЯЧАЙ. Ён адзначыў, што пачалі расці тыражы літаратуры па кітайскай мове. «Калі два-тры гады таму мы выдавалі 200—300 асобнікаў дапаможніка, то цяпер выпускаем 600 і больш, што сведчыць аб росце цікавасці да вывучэння кітайскай мовы», — растлумачыў дырэктар.

Пытанне, якое традыцыйна цікавіць школьнікаў і іх бацькоў: дзе можна набыць школьны падручнік для ўласнага карыстання? Напрыканцы навучальнага года ўсе дапаможнікі здаюцца ў школьную бібліятэку, але, напрыклад, яны вельмі патрэбныя вучням выпускных класаў, якія рыхтуюцца да паступлення...

— Мы гэты попыт адчуваем, — запэўнівае Вікторыя Калістратава. — Тыражы звычайна фарміруюцца зыходзячы з плануемага кантынгенту школьнікаў і тэрміну эксплуатацыі кнігі. Але мы заўсёды робім дадатковы тыраж і для рознічнага гандлю. Раней праз «Белкнігу» падручнікі рэалізоўваліся больш марудна, але цяпер мы супрацоўнічаем з інтэрнэт-крамай OZ.BY — там наш дадатковы тыраж разлятаецца літаральна за лічаныя месяцы.

Дарэчы, усе электронныя версіі падручнікаў, якія выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе, можна знайсці на Нацыянальным адукацыйным партале. Яны даступныя для бясплатнай запампоўкі, а іх PDF-версіі дапоўнены гіперспасылкамі, якія дазваляюць пераходзіць на іншыя кампаненты вучэбна-метадычных комплексаў: хрэстаматыі, атласы, зборнікі задач і практыкаванняў, электронныя адукацыйныя рэсурсы... Падручнік сёння ўжо не разглядаецца як адзіная крыніца ведаў, а выконвае, хутчэй, навігацыйную функцыю і накіроўвае школьніка да дадатковых крыніц інфармацыі.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.