Вы тут

Да чэмпіянату свету па летнім біятлоне застаецца тыдзень


Да чэмпіянату свету па летнім біятлоне застаецца тыдзень, атлеты і спарткомплекс «Раўбічы» завяршаюць сваю падрыхтоўку да буйнога турніру

Спаборніцтвы пройдуць у Беларусі з 23 да 25 жніўня, а днямі завяршылася заявачная кампанія. Заяўкі на чэмпіянат свету падалі 27 нацыянальных федэрацый біятлона, у турніры возьмуць удзел 116 жанчын і юніёрак, а таксама 141 мужчына і юніёр.


Фота biathlon.by

У гледачоў будзе магчымасць на свае вочы ўбачыць вядомых біятланістаў: Цімафея Лапшына, Ганну Фроліну, Андрэя Растаргуева, Кацярыну Глазырыну, Ларысу Кукліну, Красіміра Анева, Валянціну і Віту Семярэнка, Сяргея Сямёнава і многіх іншых. Чакаецца, што самымі прадстаўнічымі камандамі на чэмпіянаце стануць зборныя Чэхіі і Польшчы, наймацнейшы склад прывязе зборная Украіны, добрая каманда будзе і ад Расіі. Гонкі пройдуць як сярод дарослых спартсменаў, так і сярод юніёраў. У праграму сёлетняга чэмпіянату Міжнародны саюз біятланістаў уключыў новы від — суперспрынт. Ён яшчэ ніколі не праводзіўся на чэмпіянатах свету па летнім біятлоне — гэты фармат пакуль быў апрабаваны толькі на зімовых стартах. Акрамя суперспрынту, спартсмены выступяць у спрынтарскіх гонках і гонках праследавання. Мужчынскі спрынт будзе скарочаным, гэта значыць не звыклыя 10 км, а 7,5 км, меншай стане і гонка праследавання. Гэта сведчыць пра тое, што праграма чэмпіянату стала больш дынамічная і відовішчная.

Беларуская зборная выступіць на чэмпіянаце ў наймацнейшым складзе. У жаночых гонках на дыстанцыю выйдуць Ірына Крыўко, Дзінара Алімбекава, Ганна Сола, Ірына і Алена Кручынкіны. У мужчынскім турніры выступяць Раман Ялётнаў, Антон Смольскі, Сяргей Бачарнікаў, Максім Варабей і Віктар Крыўко. Цяпер наша нацыянальная каманда завяршае збор у Антхольцы і вернецца ў Мінск 21 жніўня. Трэнеры зборнай пра медальныя планы і задачы стараюцца не казаць, адзначаючы, што галоўныя старты ўсё ж такі будуць праходзіць падчас зімовага сезона і падрыхтоўка вядзецца менавіта да іх. Аднак не адмаўляюць, што беларусы ў Раўбічах будуць сярод лідараў.

Білеты для гледачоў на летні чэмпіянат свету ўжо даўно паступілі ў продаж, адны з іх з доступам на трасу, іншыя — з правам доступу на трыбуны: цэнтральную і бакавыя сектары.

Нагадаем, першы чэмпіянат свету па летнім біятлоне прайшоў у алімпійскім спартыўным комплексе пад Мінскам 20 гадоў таму. Праўда, тады спартсмены спаборнічалі ў кросе і стральбе, цяпер жа бег замяняюць гонкі на лыжаролерах. Самі «Раўбічы» за гэты час, вядома ж, таксама моцна змяніліся: пасля маштабнай рэканструкцыі ў 2015 годзе комплекс стаў універсальным і шматфункцыянальным. Высокую ацэнку за гэты час ён атрымліваў мноства разоў, апошні маштабны турнір прайшоў там зімой гэтага года. Падчас чэмпіянату Еўропы па біятлоне многія спартсмены і трэнеры адзначалі ўніверсальнасць і добрыя трасы спартыўнага комплексу. Да жнівеньскага турніру ў «Раўбічах» было праведзена маштабнае абслугоўванне мішэнных установак і інфармацыйнага табло. Дарэчы, мішэнямі займаюцца фінскія спецыялісты, якія будуць прысутнічаць і на самім чэмпіянаце. Да турніру ў «Раўбічах» абнавілі дарожкі, адзін з тэстаў на іх у мінулыя выхадныя правялі майстры лонгбордынга: падчас спаборніцтваў хуткасці спартсменаў-экстрэмалаў дасягаюць 60—65 км/г, а значыць, дарожкі павінны быць ідэальнай якасці. Перад турнірам спарткомплекс наведалі і тэхнічныя дэлегаты Міжнароднай федэрацыі біятлона, якія таксама ацанілі гатоўнасць «Раўбіч» да турніру.

Афіцыйны дзень заезду ўдзельнікаў чэмпіянату намечаны на 20 жніўня, але некаторыя каманды прыедуць у «Раўбічы» загадзя, каб правесці там яшчэ і трэніровачныя зборы.

Адзначым, што арганізацыя летняга чэмпіянату разам з чэмпіянатам Еўропы па біятлоне і Кубкам ІBU была абавязковай умовай атрымання права на правядзенне этапу Кубка свету па біятлоне ў 2022 годзе.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».