Вы тут

Ігар Мартынаў: Будзем дабівацца, каб салдатам налічваўся страхавы стаж


Цяперашняя прызыўная кампанія праходзіць як ніколі ажыўлена. Звязана гэта з тым, што ў пачатку жніўня ўступіў у дзеянне закон «Аб змяненні законаў па пытаннях эфектыўнага функцыянавання ваеннай арганізацыі дзяржавы». Кажучы інакш, цяпер замацавана правіла адной адтэрміноўкі для працягу навучання. На мінулым тыдні градус напалу быў крыху зменшаны — Міністэрства абароны паведаміла, што для магістрантаў і студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў, якія паступалі сёлета, правілы гульні застаюцца ранейшыя. Але толькі на гэты год. Разам з тым канчатковую кропку ставіць тут яшчэ рана. Завесу таямніцы крыху прыадкрыў член Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігар Мартынаў.


Фота БелТА.

— Як доўга сярод парламентарыяў ішла работа датычна змянення колькасці адтэрміновак ад войска?

— Рашэнне было не спантаннае. Дзесьці з канца мінулага года гэта пытанне ўжо сур'ёзна ўздымалася. Быў праведзены аналіз, колькі чалавек прызываецца, а колькі атрымлівае адтэрміноўку і з якіх прычын. І стала зразумела, што пытанне трэба неяк вырашаць.

Падчас гэтай работы вывучаўся і міжнародны досвед. Мы глядзелі, як складваецца сітуацыя з адтэрміноўкамі ў краінах СНД, у нашых геаграфічных суседзяў у Еўропе. Напрыклад, у Літве, дзе быў адноўлены прызыў, колькасць адтэрміновак значна меншая, чым у Беларусі. У нас — 47 відаў і 76 катэгорый. У Расіі — 29 адтэрміновак. У Казахстане — 17 адтэрміновак. Таму ў нас і так іх больш за ўсіх.

— Якія цікавыя прапановы вылучаліся падчас абмеркавання?

— Гучала ідэя ўвогуле ліквідаваць адтэрміноўку па вышэйшай адукацыі. Вярнуцца да досведу, які меў месца ў 1980-я гады. Розныя гучалі думкі, ішлі вельмі ажыўленыя і сур'ёзныя дыскусіі, і шляхам галасавання прыйшлі да таго выніку, які трансфармаваўся ў закон.

— Ці павялічыцца колькасць ваенных кафедраў? Нядаўна адна з іх была заснавана ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце. Яна пачне працаваць з 1 верасня. Вядома, што яны дзейнічаюць яшчэ ў 12 установах адукацыі. Але ж застаецца істотная колькасць ВНУ і каледжаў, дзе іх няма.

— Цяпер мы прапрацоўваем пытанне ўводу яшчэ адной ваеннай кафедры. Мяркуецца, што яна з'явіцца ў адным з абласных цэнтраў. Ці патрэбна павялічваць іх колькасць так, каб яны былі ў большасці ўстаноў адукацыі, — гэта ўжо іншае пытанне. Ваенная кафедра ж заўжды ўводзіцца не проста так. Гэтаму папярэднічае аналіз, у якой ступені зараз патрэбны Узброеным Сілам пэўныя ваенна-ўліковыя спецыяльнасці, якія можна атрымаць у грамадзянскіх універсітэтах.

Акрамя таго, цяпер заканадаўча замацавана норма, згодна з якой выпускнік можа выбраць службу па кантракце замест размеркавання. Увогуле ў нас суадносіны салдат тэр-
міновай службы і кантрактнай — 40 на 60 працэнтаў. Згодна з артыкулам 5 закона аб воінскім абавязку і воінскай службе, апошняя з'яўляецца асаблівым відам дзяржаўнай службы і мае прыярытэт перад іншымі яе відамі. Таму цяпер гэта норма закладзена больш канкрэтна.

— Яшчэ адзін немалаважны пункт зменаў — скарачэнне тэрмінаў абскарджвання. Ваеннае ведамства паведаміла, што гэта было зроблена з-за хітрыкаў некаторай часткі прызыўнікоў.

— Так, яны карысталіся наступнай схемай. Кожны прызыў цягнецца чатыры месяцы — з лютага да мая і са жніўня да лістапада. Праходжанне медыцынскай камісіі звычайна складае каля месяца з улікам усіх дадатковых абследаванняў. Затым прызыўнік атрымлівае рашэнне прызыўной камісіі. Тэрмін абскарджвання ў выпадку нязгоды складаў да месяца. Вось таму некаторыя хітруны наўмысна цягнулі яго ледзь не да апошняга дня, а пасля накіроўвалі скаргу ў абласную або Мінскую гарадскую камісію. Калі і там урачы не знаходзілі падстаў для вызвалення ад прызыву, — вытрымлівалася паўза яшчэ каля месяца, а ў апошні дзень паступаў іск у суд. На час абскарджвання, натуральна, прызыўнік атрымлівае «імунітэт» — у войска яго забраць не могуць. А пасля пачынаўся снежань або чэрвень — і прызыў заканчваўся, а падчас наступнага сітуацыя паўтаралася.

— А ці не паступала прапаноў увесці больш строгі адбор у магістратуру, каб туды паступалі людзі, «заточаныя» больш на навуку?

— Раней магістратура была як навукова арыентаваная, так і практыка арыентаваная. Ад гэтага года магістратура будзе толькі навукова арыентаваная. Рабіць больш жорсткім адбор сэнсу я не бачу. Ужо цяпер сюды будзе паступаць тая катэгорыя, якая мае працаваць на навуку, атрымліваць рэкамендацыі ў ВНУ, працаваць над дысертацыямі паспяхова.

— А як будзе паляпшацца ваенна-патрыятычная падрыхтоўка ва ўстановах адукацыі?

— Сістэма ўжо выбудавана трывалая. У нас стала працуюць у многіх школах адпаведныя класы, пашыраецца кадэцкі рух. У раёнах ствараюцца цэнтры дапрызыўнай падрыхтоўкі, каб ужо ў іх вучань мог упершыню дакрануцца да армейскіх будняў. Пытанне насамрэч у іншым — што такое наогул патрыятычнае выхаванне? Гэта вельмі шырокае і сур'ёзнае паняцце — прышчапіць малому гонар за сваю Радзіму. І займацца ім павінны ўсе: бацькі, выхавальнікі ў дзіцячым садку, настаўнікі ў школе... Ваенна-патрыятычнае выхаванне — гэта толькі маленькае адгалінаванне ад гэтага вялікага комплексу, каб даць юнаку азы пачатковай ваеннай падрыхтоўкі для абароны сваёй зямлі. І тут пастаянна шукаюцца новыя метады, каб армія не была для юнака чымсьці загадкавым, з чым ён упершыню сутыкнецца толькі тады, калі атрымае павестку з ваенкамата.

— Якія прэферэнцыі мяркуецца даваць абітурыентам, якія ўжо адслужылі ў войску? Напрыклад, пазачарговае выдзяленне інтэрната — важная рэч. Але толькі для іншагародніх студэнтаў. Для «мясцовых» яно з натуральных прычын неактуальнае.

— Мы зноў будзем уздымаць пытанне, каб налічваўся страхавы стаж за перыяд тэрміновай службы. Ужо ўзгадненне ў многіх дзяржаўных органах атрымана. Гэта тэма вельмі востра стаіць у грамадстве і бурна абмяркоўваецца. Падчас жа паступлення непасрэдна ў ВНУ пры аднолькавай колькасці набраных балаў у абітурыента, які адслужыў, будзе прыярытэт пры паступленні. Разглядаюцца і іншыя прапановы. Думаю, да канца года будзе знойдзены кансэнсус, у якім выглядзе ўсё гэта мець.

— Ваенкаматы праводзяць апытанне прызыўнікоў і звольненых у запас. Можаце падзяліцца яго вынікамі?

— Сярод іншага там ёсць пытанне аб адносінах да службы ва Узброеных Сілах. І трансфармацыя тут вельмі цікавая. 40 працэнтаў апытаных указалі, што хочуць служыць, прыкладна траціна ставіцца да гэтага пытання нейтральна — прызвалі і прызвалі. Рэшта адносіцца негатыўна. Але, можа, тут ёсць момант скажэння пункту гледжання перад прызывам, арыентуючыся на думку «як бы чаго не выйшла»? Тады давайце глядзець вынікі апытання, якое праводзіцца ў ваенкаматах ужо пасля звальнення ў запас. Больш за 80 % адзначаюць, што служба прайшла для іх з карысцю, яны атрымалі і досвед, і змянілі погляды на жыццё. А гэтая лічба кажа сама за сябе.

Гутарыў Валяр'ян ШКЛЕННІК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

У архiтэктара Галiны Левiнай — Хатынь, творчая спадчына яе бацькi.

Грамадства

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Як сведчаць шматлiкiя даследаваннi, прывабным людзям прасцей прабiцца ў жыццi i яны дасягаюць у кар'еры большага поспеху. 

У свеце

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Сёлета еўрапейская эканомiка будзе перажываць глыбокую рэцэсiю з-за ўспышкi каранавiруса, нягледзячы на хуткiя i ўсёабдымныя антыкрызiсныя меры як на саюзным, так i на нацыянальным узроўнi.

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.