Вы тут

Да старту пятага юбілейнага Мінскага паўмарафона застаецца ўсяго месяц


Традыцыйна самы масавы забег краіны стартуе ў дзень нараджэння сталіцы, сёлета ён адбудзецца 15 верасня. Арганізатары чакаюць убачыць на старце 40 тысяч чалавек, сярод якіх будуць аматары спорту і прафесійныя элітныя бегуны. Роўна за месяц да старту паўмарафону на яго ўжо зарэгістраваліся прадстаўнікі 57 краін, у тым ліку далёкія госці — бегуны з ЗША, Аўстраліі, Індыі, Танзаніі, Эфіопіі і іншых краін.


Фота БелТА.

Сёлета ўдзельнікі, як і раней, прабягуць адну з заяўленых дыстанцый — 5,5 км, 10,5 км або 21,1 км. За пяць гадоў Мінскі паўмарафон паспеў атрымаць спачатку бронзавы (у 2017 годзе), а пасля і сярэбраны (у 2019 годзе) лэйбл ад ІAAF. У 2015 годзе ён сабраў 16 тысяч чалавек, у 2016-м — 20, а ў 2017-м — 30 тысяч прыхільнікаў актыўнага ладу жыцця. Мінскі паўмарафон ужо стаў брэндам не толькі сталіцы, але і нашай краіны ў цэлым, лічыць намеснік міністра спорту і турызму краіны Вячаслаў Дурноў. Гэта падзея, пра якую гавораць не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. «Для падрыхтоўкі маштабнага забегу ўжо зроблена вялікая работа, таму нішто, нават надвор'е, не перашкодзіць нам правесці мерапрыемства на высокім узроўні, — адзначыў Вячаслаў Віктаравіч. — Здаровы лад жыцця стаў модны ў нас у краіне, гэта вельмі радуе, мы, як краіна, атрымаем ад гэтага вялікі плюс», — запэўніў ён, дадаўшы, што сёння на Мінскі паўмарафон людзі рэгіструюцца ўжо цэлымі арганізацыямі і штогод павышаюць сваё майстэрства, пераходзячы ад мінімальных дыстанцый на больш сур'ёзныя.

Традыцыйна ў Мінскім паўмарафоне бяруць удзел не толькі беларусы, але і замежнікі, — напрыклад, летась на дыстанцыю выйшлі прадстаўнікі многіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама бегуны з 53 іншых краін. Мінулы паўмарафон наведала 1200 замежнікаў, сёлета іх ужо дакладна будзе больш. На дадзены момант зарэгістраваны прадстаўнікі 57 дзяржаў. Сярод замежнікаў больш за ўсё расіян — гэта аматары спорту з 85 гарадоў гэтай краіны. І таксама будуць прысутнічаць прадстаўнікі Бельгіі, Польшчы, Егіпта, Ірана, Італіі, Галандыі, Марока, Індыі і іншых краін. Іх прыбыццё ў Беларусь і знаходжанне ў ёй аблегчыць трыццацідзённы бязвізавы рэжым. «Людзі, якія прыедуць на паўмарафон, змогуць выдзеліць час і на знаёмства з нашай краінай. Мы бачым і адчуваем, як цікавасць да Беларусі прачынаецца з кожным годам», — адзначыў Вячаслаў Дурноў.

Сярэбраны лэйбл Мінскага паўмарафону прадугледжвае ўдзел у ім і элітных спартсменаў, таму 15 верасня на трасе горада мы ўбачым многіх афрыканскіх марафонцаў, а таксама кваліфікаваных спартсменаў з Еўропы. Вядома, прымуць удзел у ім і беларусы, напрыклад Ніна Савіна і Святлана Кудзеліч. А вось Вольга Мазуронак старт прапусціць — яна планамерна рыхтуецца да чэмпіянату свету.

У сёлетнім паўмарафоне будзе прысутнічаць шэраг новаўвядзенняў, напрыклад прызавы фонд забегу вырас з леташніх 50 тысяч долараў да 60 тысяч. Новыя будуць і медалі: узнагароды адрозніваюцца колерам у залежнасці ад дыстанцыі і ўпрыгожаны нацыянальнымі беларускімі ўзорамі. На фінішы іх па-ранейшаму атрымае кожны ўдзельнік. З'явіўся ў маштабнага забегу і свой маскот — заяц. Цяпер у сацыяльных сетках паўмарафону і Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі аб'яўлены конкурс на пошук імя для талісмана.

«Мы рады, што кожны год ахвотных прыняць удзел у Мінскім паўмарафоне робіцца ўсё больш, для нас гэта вялікая перамога, — дзеліцца старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі (на фота). — Гэтае мерапрыемства вельмі моцна аб'ядноўвае, там пануе неверагодная атмасфера, да якой далучаецца кожны. Сёння мы бачым, што ідуць моцныя пераходы з пяцікіламетровай дыстанцыі на дзесяцікіламетровую, гэта значыць культура бегу ў краіне развіваецца. Але мне хацелася б звярнуць увагу ўсіх, а асабліва пачаткоўцаў, студэнтаў і школьнікаў, на пытанні здароўя. Тут не трэба подзвігаў, для непадрыхтаванага арганізма нават пяць кіламетраў — гэта стрэс, таму не трэба саромецца пераходзіць на крок, дарэчы, напачатку я і сам так рабіў. Я заклікаю адказна паставіцца да свайго здароўя і бегчы па сваіх магчымасцях».

На працягу ўсёй дыстанцыі, як і ў ранейшыя гады, будуць дзяжурыць валанцёры, гатовыя аказаць першую медыцынскую дапамогу, а таксама на трасе будуць размешчаны месцы, дзе ўдзельнікі змогуць папіць вады. Сёлета захаваліся ўпадабаныя многімі конкурсы на найлепшы касцюм і плакат, а таксама з'явяцца новыя «фішкі». Арганізатары адзначаюць, што ў час правядзення паўмарафону будуць арганізаваны і дзіцячыя забегі на асобнай тэрыторыі.

Афіцыйна рэгістрацыя на Мінскі паўмарафон адкрыта да 13—14 верасня, але закрыцца яна можа і ў канцы жніўня, таму што на кожную дыстанцыю ёсць ліміт удзельнікаў, які не можа быць перавышаны.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Бяжым разам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».