Вы тут

Вясковы малады спецыяліст: нюансы і асаблівасці


Прайшло размеркаванне, на руках дыплом аб заканчэнні навучальнай установы. І хутка нядаўнія студэнты і будучыя маладыя спецыялісты выйдуць на работу. Сёлета, напрыклад, у сельгасарганізацыях краіны чакаюць 1820 выпускнікоў вышэйшых і каля 3000 выпускнікоў сярэдне-спецыяльных навучальных устаноў. Якія правы, гарантыі, прэферэнцыі ім належаць і што ўваходзіць у іх абавязкі? Пра гэта і іншае карэспандэнт даведалася ў Беларускім рэспубліканскім камітэце прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.


Фота БелТА.

Гарантуе дзяржава...

— Не ўсе выпускнікі — маладыя спецыялісты. У адпаведнасці з заканадаўствам, пад маладымі спецыялістамі, рабочымі, служачымі маюцца на ўвазе выпускнікі, у якіх ёсць на руках пасведчанне аб накіраванні на работу і якія працуюць на працягу абавязковага тэрміну па размеркаванні. Пры гэтым выпускніком прызнаецца асоба, якая навучалася ва ўстанове адукацыі, арганізацыі, што рэалізуе праграмы паслявузаўскай адукацыі.

Для маладых спецыялістаў заканадаўствам прадугледжаны шэраг дадатковых гарантый і кампенсацый. У тым ліку — грашовая дапамога, якую наймальнік выплачвае яму ў месячны тэрмін. Сума залежыць ад таго, якую адукацыю ён атрымаў, і ад памеру стыпендыі. Маладым людзям належыць таксама кампенсацыя ў сувязі з пераездам на работу ў іншую мясцовасць — яна з'яўляецца абавязковай, але выплачваецца толькі ў тым выпадку, калі арганізацыя, куды прыбыў малады спецыяліст, знаходзіцца ў іншым населеным пункце ў дачыненні да яго пастаяннага месца жыхарства да размеркавання (гэта пацвярджаецца рэгістрацыяй у пашпарце). Кампенсуецца кошт праезду не толькі самога выпускніка, але і членаў яго сям'і — мужа, жонкі, дзяцей і бацькоў абодвух сужэнцаў, якія знаходзяцца на ўтрыманні і пражываюць разам з імі. Маладым спецыялістам наймальнік можа таксама кампенсаваць затраты за наём жылля. Заканадаўствам прадугледжана такая магчымасць, але абавязковымі гэтыя выплаты не з'яўляюцца. Калі наймальнік прымае такое рашэнне, то самастойна вызначае іх памер, а таксама парадак і ўмовы кампенсацыі. Усё гэта прапісваецца ў адпаведным лакальным нарматыўным прававым акце або загадзе, працоўным дагаворы (кантракце) з маладым спецыялістам, — расказала галоўны спецыяліст па міжнароднай, інфармацыйнай, культурна-масавай рабоце і рабоце з моладдзю Рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Ала Клімкова.

...гарантуе прафсаюз

Дарэчы, усе маладыя спецыялісты, што прыходзяць на работу ў сельскую гаспадарку, — члены прафсаюза. У прафсаюз яны ўступаюць яшчэ ў навучальных установах, а на новым рабочым месцы становяцца на прафсаюзны ўлік. Членства ў галіновым прафсаюзе мае свае перавагі і дае магчымасць сэканоміць на хатніх і бытавых расходах і ўмацаваць матэрыяльнае становішча.

— Паміж Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання і Беларускім прафсаюзам работнікаў АПК заключана Тарыфнае пагадненне, дзе адзін з раздзелаў датычыцца сацыяльнай абароны моладзі. Гарантыі і льготы, прапісаныя тут, абавязковыя для ўключэння ў калектыўныя дагаворы, — уводзіць у курс справы Ала Валер'еўна.— Тарыфным пагадненнем прадугледжана першачарговае забеспячэнне жыллём маладых спецыялістаў, што прыехалі па размеркаванні, а таксама запрошаных. Пры наяўнасці грашовых сродкаў маладым сем'ям цалкам або часткова кампенсуюцца расходы за пражыванне на кватэрах у прыватных домаўладаннях або інтэрнатах. Маладым работнікам, якія паспяхова вучацца на завочным ці вячэрнім аддзяленні вышэйшых навучальных устаноў і атрымліваюць першую вышэйшую або сярэдне-спецыяльную адукацыю, незалежна ад спецыяльнасці ўстаноўлены льготы. Маладым спецыялістам са сродкаў арганізацыі выдзяляюць пазыкі для будаўніцтва або пакупкі жылля, прадметаў хатняга ўжытку працяглага карыстання, навучання на платнай аснове па спецыяльнасцях, у якіх маюць патрэбу дзяржаўныя арганізацыі або арганізацыі з доляй дзяржавы. Наймальнікі могуць таксама даваць харчаванне з мінімальнай аплатай. Калі маладыя людзі ствараюць сям'ю, ім гарантаваныя яшчэ большыя льготы, гаспадарка можа бясплатна выдзеліць карову, сена для харчавання жывёлы. А самае галоўнае — засяліць у дом з усімі выгодамі, пабудаваны па дзяржаўнай праграме адраджэння і развіцця сяла.

Што да працоўных адносін, то наймальнік можа прапанаваць любую іх форму: кантракт, бестэрміновы працоўны дагавор. Але выпускнік мае права выбіраць той варыянт, які яго больш задавальняе. Кантракт па яго жаданні можа заключацца не толькі на перыяд абавязковай адпрацоўкі, але і на большы тэрмін — 3—5 гадоў. Гэта залежыць ад жадання маладога спецыяліста. Бясспрэчна, большасць выбіраюць кантракт, паколькі ён прадугледжвае дадатковыя меры стымулявання працы — да 50 % павышэння тарыфнай стаўкі і да пяці каляндарных дзён водпуску, якія аплачваюцца. У Тарыфным пагадненні рэкамендуецца даваць маладым спецыялістам не менш як 10 % да тарыфнай стаўкі або акладу і не менш трох дзён водпуску. А па калектыўным дагаворы гэта можа быць усе 50 % і дадатковыя пяць дзён адпачынку. Менавіта так робяць наймальнікі, якія хочуць замацаваць кадры.

Ці можна звольніцца дачасна?

Звольніцца маладому спецыялісту па асабістым жаданні нельга, пакуль ён не адпрацуе абавязковы тэрмін пасля размеркавання. У адваротным выпадку чалавек павінен вярнуць сродкі, якія дзяржава патраціла на яго навучанне.

Здараецца, што малады спецыяліст знайшоў новую, больш грашовую работу і хоча пераразмеркавацца. Але гэта можна зрабіць, калі дадуць згоду навучальная ўстанова, цяперашні і будучы наймальнікі. Калі ўсе бакі дамовіліся, то ВНУ выдасць новае пасведчанне аб накіраванні на работу, але толькі па спецыяльнасці.

Наймальнік можа звольніць маладога спецыяліста па асабістай ініцыятыве — за прагулы, знаходжанне на рабочым месцы ў п'яным выглядзе, у выпадку скарачэння колькасці або штатаў. Але ні ў якім разе за недахоп вопыту, прафесіяналізму.

Што хоча моладзь

Маладыя спецыялісты часта звяртаюцца па кансультацыю ў Рэспубліканскі камітэт прафсаюза работнікаў АПК. У асноўным пытанні датычацца недахвату мінімальных сацыяльных стандартаў на сяле: закрываюцца аб'екты культуры, адукацыі, гандлю. Маўляў, нам падабаецца работа, мы хочам працаваць па выбранай спецыяльнасці, але ж... школа далёка ад месца жыхарства, няма стацыянарнай крамы, два разы на тыдзень прыходзіць аўталаўка. Напрыклад, у адной з гаспадарак маладыя спецыялісты пабраліся шлюбам, муж — аграном, жонка — эканаміст. Усё іх задавальняе. Але маладыя чакаюць дзіця. Дык вось фельчарска-акушэрскі пункт знаходзіцца за 10 кіламетраў ад дома. Вядома, аб праблеме добра ведае і агучвае яе прафсаюз разам з наймальнікам. Разам з тым рашаць праблему неабходна на больш высокім узроўні. Гэта дапаможа ў замацаванні кадраў на сяле, лічаць прафсаюзныя спецыялісты.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?